Споведзь і Камунія ва ўмовах эпідэміі. Як выканаць касцёльны наказ, тлумачыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адносна споведзі і Камуніі ва ўмовах эпідэміі

Клапоцячыся пра духоўнае дабро вернікаў, растлумачваю, як у выкліканых пандэміяй каранавірусу ўмовах, знаходзячыся ў ізаляцыі, не «самаізалявацца» ад Бога і Касцёла.

Следам за Папам Францішкам, які нядаўна звярнуў увагу на небяспеку «віртуальнага Касцёла» без рэальнай супольнасці і сакрамантаў, заахвочваю вернікаў не пазбаўляць сябе збаўчай ласкі і тлумачу, як гэта зрабіць у сённяшняй надзвычайнай сітуацыі.

Вядома, што пандэмія каранавірусу стварыла шмат праблем, у тым ліку і пастырскіх.

Святар не можа прыйсці ў інфекцыйны шпіталь, каб паспавядаць і намасціць хворых, удзяліць ім святую Камунію. Таму многія сёння задаюць пытанне, што рабіць у гэтай сітуацыі.

Паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, кожны католік абавязаны прынамсі раз у год прыступіць да сакраманту пакаяння, а ў Велікодны перыяд прыняць святую Камунію. Час велікоднай святой Камуніі распачынаецца Папяльцовай серадой і завяршаецца ўрачыстасцю Спаслання Духа Святога. Гэта — мінімальна неабходнае, і зазвычай вернікі спавядаюцца і прымаюць Цела Хрыста нашмат часцей. Але сёння пад пытаннем нават выкананне гэтага прадпісанага Катэхізісам мінімуму.

Сакраманты — гэта бачныя і дзейсныя знакі нябачнай Божай ласкі, але калі іх фізічнае здзяйсненне становіцца немагчымым, гэта не азначае, што ў чалавека няма выйсця. Яно ёсць: Бог і Касцёл заўсёды выходзяць насустрач чалавеку.

Ва ўмовах эпідэміі былі выдадзены розныя прадпісанні, у якіх святарам даецца заданне быць асабліва ўважлівымі да духоўных патрэбаў вернікаў, а таксама быў прадугледжаны цэлы шэраг нормаў, каб атрыманне духоўных дабротаў не было спалучана з рызыкай для фізічнага дабра і здароўя чалавека.

Тыя, хто на працягу Вялікага посту не прыступіў да споведзі, могуць дамовіцца са святаром індывідуальна. Споведзь таксама можа адбывацца не ў канфесіянале, як звычайна, а ў прыдатным памяшканні ці на адкрытым паветры. Галоўнае, каб не было небяспекі парушэння таямніцы споведзі. Акрамя таго, споведзь ні ў якім выпадку не можа адбывацца па тэлефоне ці праз інтэрнэт.

Калі ж з-за хваробы каранавірусу чалавек знаходзіцца ў шпіталі ці ў строгай ізаляцыі, то яму неабходна ўзбудзіць дасканалы жаль за грахі. Такі жаль, матываваны любоўю да Бога і выказаны шчырай просьбай аб прабачэнні, што суправаджаецца цвёрдым рашэннем як мага хутчэй звярнуцца да сакрамантальнай споведзі, вядзе да атрымання адпушчэння нават смяротных грахоў. Таксама поўны адпуст могуць атрымаць хворыя з каранавірусам, тыя, хто аказвае ім дапамогу, і ўсе вернікі свету, якія за іх моляцца (пар. Дэкрэт Апостальскай Пэнітэнцыярыі ад 20 сакавіка 2020 года).

Калі стан здароўя дазваляе чытаць, у гэтай духоўнай практыцы можа дапамагчы малітоўнік «Ойча наш». У ім ёсць цэлы раздзел, прысвечаны сакраманту пакаяння, з рахункам сумлення і малітваю Акту жалю. Словы гэтай малітвы могуць дапамагчы ўзбудзіць у сэрцы дасканалы жаль, які дае асвячальную ласку.

Пасля гэтага вернік, якому святар не мае магчымасці прынесці святую Камунію, можа здзейсніць акт духоўнай камуніі, пра якую падрабязна пісаў партал Catholic.by.

Запэўніваю ўсіх вернікаў нашай краіны і ўсіх людзей добрай волі ў сваёй няспыннай малітве за хворых і іх родных, за тых, хто іх лечыць і даглядае, каб міласэрны Бог даў ім сілы перанесці гэтае выпрабаванне, адарыў здароўем і дазволіў як найхутчэй вярнуцца да нармальнага жыцця, а памерлых прыняў у сваё Валадарства.

Сваю малітву падмацоўваю пастырскім благаслаўленнем у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 20 красавіка 2020 г.

Catholic.by

для друку для друку