Спатканне святароў прайшло ў Верхнядзвінску

11 верасня ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску пасля летняга адпачынку святары і манахіні з Віцебскай дыяцэзіі зноў сабраліся, каб разам з біскупам Алегам Буткевічам памаліцца і вырашыць надзённыя справы і пытанні.

Па традыцыі, сустрэча распачалася малітвай з Літургіі гадзін і асабістай адарацыяй у цішыні перад Езусам  Эўхарыстычным. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

“Вітаю ўсіх вас, дарагія браты ў святарстве, сёстры законныя, і дзякуй за вашу прысутнасць. Дзякуй за гэты час, які правялі разам з дзецьмі і моладдзю. Гэта вельмі патрэбная рэч, каб будаваць нашыя парафіяльныя супольнасці, каб будаваць у сэрцах маладых людзей Божае Валадарства“, — адзначыў на пачатку іерарх. Біскуп Алег шчыра прывітаў ў дыяцэзіяльнай супольнасці кс. Віталія Бяленіка, які паходзіць з Гродна і пажадаў несці служэнне на Віцебшчыне.

У гаміліі біскуп Алег падкрэсліў, што пачатак новага навучальнага года – гэта новы перыяд у душпастырскай дзейнасці. Іерарх звярнуў увагу на тэму паклікання: “Спачатку Езус кліча 12 чалавек. Але напрацягу 2000 год гэты спіс няспынна павялічваецца. Кожнага з нас Бог кліча па імені. Варта ўсвядоміць сабе тую годнасць, да якой Бог нас паклікаў”.

Біскуп Буткевіч падзяліўся адным выказваннем, якое нядаўна прачытаў. А менавіта цытата скарбніка з Апостальскай Сталіцы біскупа Конрада Краеўскага: “Святара можна замяніць ва ўсім, акрамя дзвюх рэчаў: канфесіянала і алтара”. Шмат заданняў у Касцёле можа выконваць свецкі чалавек, але нельга замяніць святара, калі ёсць патрэба прабачыць грэх і небаходнасць скласці Найсвяцейшую Ахвяру. Ардынарый запрасіў паразважаць над гэтым выказваннем і заклікаў аднаўляцца думкамі, розумам і сэрцам, бо “тое, што робім, павінна прыносіць плён”.

Пасля Літургіі адбылася канферэнцыя, якую прамовіў кс. Адам Дынак, віцэ-рэктар Пінскай Духоўнай семінарыі. Святар паразважаў над аўтэнтычнасцю святарскага жыцця. Ксёндз-канонік прысутным для разважання даў тры кірункі: як павінна быць? як не павінна быць? і як магло б быць?

З навінамі і бліжэйшымі анонсамі ў дыяцэзіі прысутных пазнаёміў канцлер курыі кс. Віктар Місевіч.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі