“Спатканне ля студні”: рэкалекцыі для дзяўчат прайшлі ў Браславе

З 27 па 29 сакавіка ў кляштары сясцёр Эўхарыстак у Браславе праходзілі рэкалекцыі для дзяўчат, на якіх прысутнічалі ўдзельніцы з Браслава, Полацка, Астраўца, Слабодкі, Мінска.

Асноўная ўвага была накіравана на ўрывак з Евангелля паводле Яна аб сустрэчы Езуса з самаранкай. Мэта  правядзення – паглыбіць адносіны з Жывым Богам, а таксама зазірнуць ва ўласнае сэрца, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні.

Асаблівым момантам была святая Імша, а таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, якую ўпрыгожвалі сваім дзявочым спевам. Падчас працы ў групах кожны мог падзяліцца сваім перажываннем і досведам веры. 

Удзельніцы маглі даць сведчанне свайго жыцця іншым таксама ў апошні дзень рэкалекцый, калі наведвалі дом-інтэрнат для старэйшых. Загадзя былі падрыхтаваны прадстаўленні, спевы, вырабы ўласнымі рукамі, а таксама прыгожае печыва. Радасць на тварах старэйшых стала падзякай для дзяўчат. 

Маладыя верніцы падзяліліся сваімі ўражаннямі пра сустрэчу.

Алена Вайцяховіч з Астраўца адзначыла: “Тут было вельмі добра! Панавала сяброўская і вясёлая атмасфера. Гэты час наблізіў мяне да Бога, з’явілася шмат сяброў, цяпер я больш самаўпэўнена. Абавязкова прыеду ў наступным годзе сюды. Хачу падзякаваць за гэтыя дні ўсім дзяўчатам, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях, а таксама сёстрам: Таццяне, Лене, Наталлі і Галіне.”

Віталіна Дрывіцкая з Астраўца дзеліцца: “Гэтая паездка была вельмі добрай ідэяй. Цесныя і сяброўскія адносіны стварылі ўтульную хатнюю атмасферу. Размовы аб Божым Слове, малітвы, дыялог на розныя тэмы дапамаглі мне наблізіцца да Бога і зразумець Яго. Прыгажосць браслаўскіх краявідаў проста захапляе і дае спасцігаць бязмернасць і прыгажосць Божай мудрасці. Хачу падзякаваць сёстрам і ўсім дзяўчатам за гэты час. Добра было б зноў вярнуцца сюды.” 

Яна Чамярынская, што прыехала з Мінска, распавядае: “На гэтых рэкалекцыях я адчувала блізкасць Бога і жывую веру. Я магла размаўляць і адкрываць сябе перад Богам цалкам. Молячыся і кажучы ў голас пра свае перажыванні, не адчувала сораму і хвалявання. Было шмат малітваў, падчас якіх мы адчувалі Любоў Бога. Мы адкрывалі сваю душу адна перад адной. Нашыя сёстры ўклалі ўсе сілы і ўсю любоў у гэтыя рэкалекцыі. Пасля катэхез змяніўся мой светапогляд. Упэўнена, што кожнай дзяўчыне цяпер стане больш проста ісці па жыцці.” 

Браслаўская ўдзельніца Інна Сцефановіч пра рэкалекцыі думае наступнае: “Вельмi прыемна было пачаць свае канiкулы менавiта з Богам. Я лiчу, што гэтыя рэкалекцыі яшчэ больш наблізілі нас да Госпада i дапамаглі аб’яднацца. Прыемна было праводзiць час разам з дзяўчатамі, якiя на тры днi сталi для меня сапраўднымi сяброўкамi. Мне спадабалася ўсё: катэхезы, сустрэчы, супольная малітва, атмасфера, якая аб’ядноўвала нас. Вялiкi дзякуй усiм сёстрам-эўхарысткам.”

Ганна Быхавец з Полацка расказала: “На час рэкалекцый мы адмовіліся ад нашых тэлефонаў і камп’ютараў, з’явіўся час быць сам на сам з сабою. Можна было спакойна думаць над тым, над чым не хапае часу дома і сярод сяброў. Гэта быў цудоўны час! У такія моманты пачынаеш разумець, што неабходна “выключацца” ад свету і паглыбіцца ў сябе. У дзень, калі трэба было ад’язджаць, было вельмі сумна, мы ўвесь час стараліся правесці разам”.

С. Таццяна Гмыза SJE

для друку для друку