Спачылага ксяндза Пятра Пятрагу пахавалі пры касцёле ў Красным

22 і 23 кастрычніка вернікі парафій у Касцяневічах і ў Сцешыцах развіталіся са сваім спачылым пробашчам ксяндзом Пятром Пятрагам, які адышоў у вечнасць на 66-м годзе жыцця. Спачылага святара пахавалі пры касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным, дзе ён пэўны час нёс служэнне.

У развітанні са святой памяці ксяндзом Пятром узялі ўдзел вернікі парафій, якімі ён духоўна апекаваўся, родныя і блізкія, браты у святарстве а таксама тры біскупы. Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў жалобныя цэлебрацыі, да якіх далучыліся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Біскуп Аляксандр у прамоўленай гаміліі нагадаў пра жыццёвы шлях ксяндза Пятра Пятрагі.

Будучы святар нарадзіўся 20 лютага 1955 года ў вёсцы Пашчычы Глыбоцкага раёна, у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле. Як зазначыў біскуп Аляксандр, яго дарога да святарства была няпростай, бо ў тыя часы было цяжка паступіць у духоўную семінарыю.

Каб рэалізаваць паліканне, яму давялося каля дзесяці гадоў чакаць магчымасці быць прынятым у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Рызе — адну з дзвюх, якія дзейнічалі ў былым Савецкім Саюзе.

«У 1987 годзе яго мара нарэшце здзейснілася і ён быў залічаны ў семінарыю. Пётр Пятрага распачаў падрыхтоўку да святарства разам з іншым кандыдатамі з Беларусі: ксяндзом канонікам Янам Рэйшэлем, ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком і ксяндзом Леанідам Ладышам», — сказаў іерарх. 31 мая 1992 года Пётр Пятрага прыняў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату, які яму ўдзяліў у мінскай катэдры першы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і першы ў гісторыі Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк.

Пасля пасвячэння ксёндз Пётр быў скіраваны на служэнне ў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным спачатку як вікарый, а з 1994 года як пробашч. Ён апекаваўся таксама вернікамі парафіі Святой Тройцы ў Радашковічах, пакуль там не было свайго душпастыра.

У 2006 годзе ксёндз Пётр Пятрага быў скіраваны на служэнне ў парафію Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах і адначасова здзяйсняў душпастырскую апеку над вернікамі парафіі Перамянення Пана ў Сцешыцах (Вілейскі дэканат).

«20 кастрычніка, у аўторак вечарам, у маладзечанскім шпіталі, завяршылася зямное жыццё святой памяці ксяндза Пятра Пятрагі, а з ім і шматлікія планы, якія ён, напэўна, меў», — са смуткам дадаў біскуп Аляксандр.

«Верачы ў праўдзівасць Божага Слова, схіляючыся над зямнымі парэшткамі святара, я прашу Бога, поўнага міласэрнасці, прыняць скончаную працу яго апостальскага служэння, здзейсненага шляхам веры, і адарыць яго вянцом справядлівых.

Няхай добрыя справы, якія засталіся на зямлі, адчыняць яму нябесныя брамы, і няхай выйдзе яму насустрач Найсвяцейшая Панна Марыя, якую так любіў і ўшаноўваў ксёндз Пётр, і прывядзе да аблічча Найвышэйшага», — завяршыў гамілію кароткай малітвай біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Catholic.by

для друку для друку