- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Сорам, агіда і мамін позірк

[1]Назва артыкула, вядома, умоўная, але і праўда: дзве такія розныя эмоцыі насамрэч звязаныя між сабой.

Паразмаўляем пра сорам і агіду. Згаданыя эмоцыі парныя, сацыяльныя, гэта азначае, што яны з’яўляюцца не пры нараджэнні, а ў выніку кантактаў з іншым чалавекам.

Сорам пачынае адчувацца ва ўзросце 1,5 – 2-ух гадоў, і штуршком з’яўляецца позірк з агідай з боку іншага чалавека, позірк, які дае зразумець: “з табой штосьці не так”, “ты не такі, як трэба”, “мы не прымаем цябе такім”. Зусім простая сітуацыя: дзіцё бяжыць да мамы, а тая рэзка адхіляецца, бо ён можа запэцкаць яе белую вопратку. Погляд і рухі маці малы счытвае як сігнал: “я зараз выклікаю непрыемныя пачуцці”, і тут з’яўляецца цягучае, гарачае адчуванне сораму.

Важна ўзгадаць, што першапачатковы сэнс агіды – сігналізаванне пра кантакт з чымсьці хворым, сапсаваным, небяспечным. Але ў сучасным свеце акцэнт з біялагічнага значэння перайшоў на сацыяльнае – на пагарду і фанабэрыстасць. Выклічнік “Фу”, скіраваны да маленькага чалавека, прыводзіць у збянтэжанасць, сарамлівасць, да няўпэўненасці ў сабе, няёмкасці, сумневаў. Дзіцё не разумее крыніцу такой рэакцыі і таму пачынае дадумваць, шукаючы прычыны ў сабе. Дарослым неабавязкова сапраўды адчуваць пагарду да малога (як ілюструе прыклад вышэй), але позіркі, словы, смех могуць выклікаць сорам.

Сорам – лёгкі інструмент выхавання. Дарослым дастаткова пасаромець малога, каб ён хутка стаў паслухмяным, бо адчуваць такія эмоцыі вельмі непрыемна. Сорам развіваецца і набірае моц паступова, і можа перарасці ў зусім непажаданыя маштабы. Напачатку дзеці адводзяць позірк, глядзяць у падлогу, чырванеюць, рэагуюць на канкрэтныя словы бацькоў. Пазней пачынаюць уяўляць, як на іх будуць глядзець, калі яны зробяць штосьці дрэннае. І сорамна робіцца ўжо ад аднога толькі ўяўлення, “што мама скажа…”, “што падумае бацька…”. Наступны этап, калі ўжо і няма нікога іншага, ніхто не ўяўляецца, але ў вочы глядзець людзям сорамна (хіба ж мы ні сустракаліся з тымі, хто не вытрымлівае позіркі людзей, не можа глядзець у вочы?). Ну і апошні этап нездаровай сарамлівасці, калі эмоцыя становіцца фонавай. Заўжды адчуваеш сябе няздатным, недарэчным, не такім, як іншыя, нявартым увагі. Хранічны сорам – сумная і небяспечная з’ява.

Як абараніць дзіця ад нездаровага сораму і дапамагчы яму быць больш упэўненым і адкрытым?

Такім чынам, сорам – гэта форма гневу, гневу на сябе. З дапамогай сораму можна хутка ўздзейнічаць на дзіцё і дамагацца ад яго патрэбных паводзінаў. Але каб чалавек паважаў і прымаў сябе, не баяўся праяўляцца ў соцыуме і дзейнічаць, варта паважаць маленькага чалавека, размаўляць з ім і дапамагаць яму спакойна разабрацца з правіламі гэтага свету.

Таццяна Палхоўская, псіхолаг