Смяротнае пакаранне

sud_court_260815Месяц назад у Рыме адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная тэме смяротнага пакарання. Напярэдадні яе Папа Францішак у сваёй прамове пасля малітвы “Анёл Панскі” ў Ватыкане падтрымаў ініцыятывы па адмене смяротнага пакарання ў свеце і пажадаў, каб дадзены форум даў новы імпульс дзейнасці, накіраванай супраць пакарання смерцю.

Як паведамляе Беларуская служба Ватыканскага радыё, Пантыфік падкрэсліў, “што сучасныя грамадствы маюць магчымасці для эфектыўнага стрымання злачынцаў, не пазбаўляючы іх права адкуплення за здзейсненыя правіны”.

Год назад, 20 сакавіка 2015 г., Святы Айцец сустракаўся з прадстаўнікамі Міжнароднай камісіі супраць смяротнага пакарання. Тады ён таксама звярнуў увагу на вучэнне Касцёла, якое гаворыць пра абарону жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. Папа падкрэсліў, што ў сучасным свеце “смяротнае пакаранне недапушчальнае”, бо мэтай правасуддзя не можа быць помста. Акрамя таго, пакаранне смерцю не выключае магчымасці судовай памылкі. “Людская справядлівасць недасканалая, і непрызнанне сваёй памылковасці можа ператварыць яе ў крыніцу несправядлівасці”, – падкрэсліў Святы Айцец. Гэты від пакарання выкарыстоўваецца таксама таталітарнымі рэжымамі для вынішчэння палітычных дысідэнтаў, нацыянальных меншасцяў і іншых катэгорый людзей.

Асаблівымі прыхільнікамі забароны смяротнага пакарання былі таксама Папы св. Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. Святы Ян Павел II сваім вучэннем змяніў падыход Касцёла да смяротнага пакарання і менталітэту католікаў у гэтай справе. Калі раней Касцёл пагаджаўся на смяротнае пакаранне ў асаблівых выпадках, то сёння ў сувязі са зменай гістарычных абставінаў такая пазіцыя страціла сваю абгрунтаванасць. Ян Павел II назваў смяротнае пакаранне элементам «культуры смерці». У 1995 г. ён апублікаваў энцыкліку «Evangelium vitae» («Евангелле жыцця»), у якой выразна выказаўся супраць практыкі смяротнага пакарання. Папа Бэнэдыкт XVI сцвярджаў, што смяротнае пакаранне – гэта не толькі замах на чалавечае жыццё, але і абраза чалавечай годнасці.

Дадзеная праблема застаецца актуальнай для нашай краіны. Сёння Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе яшчэ прымяняецца смяротная кара. Гэты від крымінальнага пакарання нават запісаны ў Канстытуцыю. Артыкул 24 Асноўнага закона краіны гаворыць: “Смяротнае пакаранне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда”.

Былы старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Рыгор Васілевіч у нядаўнім артыкуле на партале Tut.by звяртае ўвагу, што дадзеная норма было абумоўлена, перш за ўсё, крымінагеннай сітуацыяй, якая існавала на момант падрыхтоўкі і прыняцця Канстытуцыі. Юрыст зазначае, што “досвед не толькі краін заходняй, еўрапейскай дэмакратыі, але і былых рэспублік СССР сведчыць, што смяротнае пакаранне ў сучасных умовах траціць сваё значэнне… Адмена такой выключнай меры пакарання, як смяротная кара, – гэта яшчэ і сведчанне таго, што дзяржава паспяхова выконвае сваю праваахоўную функцыю апошнія 20 гадоў”.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч закончыў свой даклад на Міжнароднай канферэнцыі «Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі» ў 2014 г. такімі словамі: “Беларусь – краіна з багатай хрысціянскай гісторыяй, і яна не адзін раз, нават у часы цяжкіх выпрабаванняў, гэта пацвердзіла. Малю міласэрнага Бога і выказваю надзею на адмену смяротнага пакарання або хаця б на ўвядзенне мараторыю на яго ў нашай Бацькаўшчыне, каб Беларусь сапраўды была краінай, якая прапагандуе цывілізацыю жыцця, і краінай, якая рашуча кажа: «Так – жыццю, не – смяротнаму пакаранню!»

Айцец Зміцер Чарнель, рэдэмптарыст

для друку для друку