Смаргонскі Савіо-клуб папоўніўся новымі ўдзельнікамі

1442146664537050Што б вы рабілі, калі б даведаліся, што ў хуткім часе памрэце? Не ведаю, як адказалі бы вы, але св. Дамінік Савіо адказаў так: “Я бы далей гуляў у футбол”. Гэты маленькі хлопчык у кожны момант гатовы быў спаткацца з Богам і гэтаму вучыў сваіх сяброў. Сёння ў дзяцей парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні ёсць магчымасць ісці да святасці па слядах гэтага хлопца праз ўдзел у Савіо-клубе.

Гэты клуб у Араторыі-Моладзевым цэнтры існуе ўжо чатыры гады. Праз сумесныя сустрэчы дзеці разам з аніматарамі шукаюць уласны шлях да святасці. А дапамагаюць ім у гэтым сумесная малітва, духоўныя размовы, віктарыны, а таксама гульні, выхады на прыроду, выезды і яшчэ шмат чаго цікавага. На працягу некалькіх год ужо склалаўся адзіны, сяброўскі калектыў, які не толькі ў араторыі вызнае сваю веру і погляды, але і сярод сваіх сяброў у школе, а таксама ў сваёй сям’і.

У гэтым годзе Савіо-клуб папоўніўся новымі ўдзельнікамі. Зараз ён налічвае каля 50 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 15 год – малодшую і старэйшую групы. Першая сустрэча адбылася 11 верасня і пачалася Святой Імшой. Падчас гаміліі кс. Алег Жураўскі SDB падкрэсліў значнасць асобы св. Дамініка Савіо і заклікаў браць з яго прыклад. Пасля сумеснай Эўхарыстыі была прапанавана невялічкая вясёлая праграма. Праз сумеснае знаёмства адзін з адным, з аніматарамі і сястрой Ірынай Барцэвіч, адказнай за Савіо-клуб, а таксама праз вясёлыя гульні, дзеці і падлеткі, якія прыйшлі ў першы раз, даведаліся пра дзейнасць клуба і цяпер без сумненняў будуць наведваць яго. Скончылася сустрэча традыцыйным слоўкам на дабранач, песняй да Дамініка Савіо і малітвай.

Як казаў заўсёды св. Дамінік Савіо: “Лепш памерці, чым зграшыць”. Савіо-клуб – гэта добрая магчымасць знайсці сапраўдных сяброў і паплечнікаў па агульнай мэце жыцця: дасягнення святасці.

sdb.by

для друку для друку