Распачаты працэс беатыфікацыі Яўгенія Кулешы МІС

Слуга Божы Яўгеній Кулеша МІС

Згодна з паведамленнем айца Анджэя Пакулы, Генеральнага настаяцеля Кангрэгацыі Айцоў-Марыянаў, Варшаўская Архідыяцэзія пачала працэс беатыфікацыі святара, які з 1938 па 1941 гг. працаваў у Друі. Гаворка ідзе пра Слугу Божага Яўгенія Кулешу MIC.

“Слуга добры і верны,… увайдзі ў радасць гаспадара твайго” (Мц 25, 21).

Яўгеній Кулеша нарадзіўся 8 сакавіка 1891 г. у Варшаве ў сям’і Войцеха і Францішкі Дваракоўскіх. У яго былі дзве сястры і два браты. Адзін з іх, Браніслаў, стаў святаром і служыў у Варшаўскай Архідыяцэзіі (1885-1975).

Яўгеній навучаўся ў гімназіі ў Варшаве, аднак не скончыў яе, бо пачалася Першая сусветная вайна і яго сям’я была вымушана выехаць у Расію. Там Яўгеній скончыў навучанне і атрымаў дыплом. Пазней, вярнуўшыся ў Польшчу, ён распачаў навучанне ў Ягелонскім універсітэце. Спачатку вывучаў медыцыну, потым антрапалогію.

1 лістапада 1915 г. Яўгеній распачаў навіцыят Кангрэгацыі Айцоў-Марыянаў у Варшаве пад кіраўніцвам бл. Юрыя Матулевіча. Дарэчы, Кулеша быў першым, хто распачаў навіцыят у адроджанай бл. Юрыем Матулевічам Кангрэгацыі.

1 лістапада 1916 г. Яугеній Кулеша склаў першыя манаскія шлюбы і быў накіраваны на вучобу ў Фрыбург, у Швейцарыю. 2 кастрычніка 1921 года з рук ксяндза біскупа Юрыя Матулевіча ён прымае святарскія пасвячэнні ў Расне, каля Высокага Літоўскага. Пасля чаго айцец Кулеша вяртаецца ў Фрыбург, каб прадоўжыць вучобу, і 1 лістапада 1922 г. складае вечныя законныя шлюбы. Пазней вяртаецца ў Польшчу, дзе з 1926 па 1936 гг. нясе святарскую паслугу.

З 1938 года па прапанове айца Яжэмбоўскага айцец Кулеша выказаў гатоўнасць заняць пасаду дырэктара гімназіі ў Друі, а з 28 жніўня 1938 г. айцец-правінцыял прызначае айца Яўгенія таксама і настаяцелем кляштара айцоў-марыянаў ў Друі. З усёй энергіяй і прафесіяналізмам айцец Яўгеній распачаў абавязкі дырэктара гімназіі ім. Караля Стэфана Баторыя ў Друі. Праз год віленскі куратар прапанаваў а. Кулешу таксама заняць і пасаду дырэктара дзяржаўнай гімназіі ў Браславе. Але пачалася вайна, і ў канцы снежня 1939 г. усе школы перайшлі пад кіраўніцтва савецкай улады.

З 1939 года айцец Яугені Кулеша цалкам прысвяціў сябе душпастырскай дзейнасці: спавядаў, праводзіў рэкалекцыі, духоўна і маральна падтрымліваў святароў і сясцёр законных, навучаў іх, як павінны захоўваць веру і вернікаў перад пераследаваннямі і выклікамі таго часу. Арганізоўваў адпраўку пасылак людзям, дэпартаваным у Сібір і Казахстан.

На пачатку вайны ў Друі пачало панаваць беззаконне, адбываліся шматлікія крадзяжы з крамаў, напады і разбоі. Група жыхароў вырашыла арганізаваць камітэт грамадзянскіх правоў і прапанавала айцу Яўгенію ўначаліць яго. Спачатку ён адмаўляўся, але пасля пад настойлівым націскам жыхароў, пасля разважанняў і малітвы, згадзіўся. Была падпісана пастанова пра парадак і створана грамадзянская ахова. З таго моманту ў Друі запанавалі супакой і закон. Але менавіта гэта і вырашыла лёс айца Яўгенія.

30 чэрвеня 1941 года некалькі савецкіх салдат прыплылі па Дзвіне ў Друю. Яны прыйшлі ў кляштар і, убачыўшы айца Кулешу, арыштавалі яго і загадалі ісці за імі, пагадзіўшыся, што айца Яугенія будуць суправаджаць ячшэ два святары. Вярнуўшыся на іншы бок Дзвіны, святароў, якія суправаджалі а. Кулешу, адправілі дадому, а арыштаванаму загадалі сесці ў машыну і павезлі ў кірунку Полацка. Па дарозе машына зламалася, і салдаты завялі айца Яўгенія ў адну з хат, дзе знаходзіўся савецкі штаб. Праз пэўны час вывелі а. Яўгенія з хаты і павялі ў кірунку жытнёвага поля.

З гэтага моманту і распачаўся яго Крыжовы шлях. Спачатку на полі салдаты пачалі біць яго, а калі святар упаў на зямлю, то пачалі біць па твары нагамі. Пазней загадалі яму ўстаць і падвялі да выкапанай на полі ямы. Спіхнуўшы ў яму, два салдаты стрэлілі айцу Яўгенію ў галаву, а трэці двойчы прабіў яму галаву штыком. Паміраючы, святар інстынктыўна падняў правую руку і прыкрыў ёю вочы. У гэтым становішчы яго і засыпалі зямлёй. Пазней, калі манахіні з Друі адкапалі цела, яны такім і ўбачылі забітага святара, з рукой на твары, якая прыкрывала вочы.

6 ліпеня 1941 г. сёстры Апалонія Петкун, Марыя Ясінская і Яніна Падольская перабраліся праз Дзвіну і даведаліся падрабязна ад жыхароў вёскі Лупанты пра мучаніцкую смерць айца Яўгенія і пра месца, дзе было закапанае яго цела. Раскапалі яму, дасталі з яе цела святара, закруцілі яго ў прасціну і на кані давезлі да Дзвіны. Шмат людзей далучылася да гэтага шэсця. Паколькі ўсё гэта адбывалася нядзельным днём, на другім беразе ракі сабраўся шматлікі натоўп. Цела святара яны віталі плачам. Айцец Вінцэнт Смалінскі, які выйшаў, каб распачаць жалобнае набажэнства па мучаніку, замест таго, каб пачаць малітву, заплакаў. І так, з вялікім плачам цела забітага святара было ўнесена ў касцёл.

Цела айца Яўгенія апранулі ў чырвоны арнат – на знак пакутніцкай смерці. Тры дні натоўпы людзей прыходзілі, каб аддаць пашану свайму душпастыру і  памаліцца каля цела мучаніка. Трэба адзначыць, што айца Яўгенія Кулешу адразу пасля смерці пачалі лічыць мучанікам.  Пахаванне адбылося 8 ліпеня 1941 года пры ўдзеле 11 святароў і вялікай колькасці вернікаў. Айцец Кулеша быў пахаваны ў Друі, у мураванай магіле з левага боку ад касцёла. Шмат людзей наведвала магілу свайго пастыра, прыносіла кветкі, запальваліся знічы. Насельніцтва Друі ставілася да айца Яўгенія з павагай і любоўю, а пасля мучаніцкай смерці – з вялікай пашанай. Пазней атэістычнымі ўладамі магіла была зраўняная з зямлёй.

Без ваганняў можна сказаць, што айцец Яўгеній Кулеша аддаў сваё жыццё за веру. Яго сведчанне вернасці Богу і Святому Касцёлу бясспрэчныя! Нават сёння жыве памяць пра яго мучаніцкую смерць і шмат вернікашў чакае яго беатыфікацыі.

Будзем жа і мы з малітвай чакаць праслаўлення ў супольнасці мучанікаў Слугі Божага айца Яўгенія Кулешы, па яго прыкладзе і праз яго заступніцтва ўзмацняцца ў веры, надзеі і любові, а звяртаючыся да Езуса Хрыста, разам з апосталамі казаць: “Пане, дадай нам веры!” (Лк 17, 5).

Падрыхтаваў кс. Аляксей Ляшко, паводле матэрыялаў https://padrimariani.org/ks-eugeniusz-kulesza/; https://druja1.wordpress.com/category/kosciol-duchowienstwo/page/3/

Фота а. Яўгенія Кулешы МІС з https://www.wikiwand.com/pl/Eugeniusz_Kulesza

 

для друку для друку