Слова ад рэдактара

misevichДарагія сябры! Як усе вы заўважылі, сайт catholicnews.by быў недаступным цягам некалькіх тыдняў. На жаль зламыснікам удалося моцна яго пашкодзіць. Усе захады, якія рабіла рэдакцыя з мэтай захаваць сайт, не далі чаканага плёну. На рэдкалегіі было прынята рашэнне перастварыць сайт нанова.

Сёння вы бачыце вынік нашай працы – абноўлены партал catholicnews.by. Ён змяніўся знешне, хоць пэўныя дызайнерскія падабенствы са старой версіяй пільнае вока чытача напэўна заўважыць. Пры агаворванні канцэпцыі ўэб-старонкі было прынята рашэнне развіваць аўдыё-візуальны напрамак кантэнта. Апрача добра вядомых вам відэарубрык “Вытокі” і “Веснік-відэа” мы дадалі рубрыку “Цікава паглядзець”, дзе будуць змяшчацца цікавосткі з Ютуба.

Для павышэння бяспекі сайта было вырашана пакуль не карыстацца рэгістрацыяй карыстальнікаў, але магчымасць пакідаць каменты застанецца. Гэтым разам вы зможаце каментаваць наўпрост праз сацыяльныя сеткі Фэйсбук і Укантакце.

Дадалася рубрыка “Рэпартаж” і медыяльны блок “Навіны ў фотаздымках”. “Анонсы” цяпер будуць публікавацца з выявамі, а “Пытанне святару” прадстаўлена зручнай палоскай-скролам. Інтэрфейс сайта распрацаваны такім чынам, што навіны зручна праглядаць праз мабільныя прылады. Сайт аўтаматычна падстройваецца пад памеры вашага смартфона ці планшэта.

Нядаўна ўведзеная ў газеце рубрыка “Як правільна казаць па-беларуску” знайшла сваё месца і на сайце. Хоць медыяпрект “Каталіцкі Веснік” і з’яўляецца дзвюхмоўным, мы ўсё-ткі лічым, што Божы дар – родную мову – нам неабходна падтрымліваць і развіваць.

Хачу выказаць усім нашым чытачам шчырую ўдзячнасць за падтрымку. Падчас працы над новым сайтам мы атрымлівалі мноства тэлефанаванняў і пажаданняў ад чытачоў. Дзякуючы вашым малітвам і добраму слову, мы ў рэдакцыі робім сваю працу ад усёй душы і з вялікім аптымізмам. І гэтая праца ўжо перастае быць проста працай, а становіцца служэннем і пакліканнем. Адзіная мэта, дзеля якой існуе медыяпраект “Каталіцкі Веснік” – гэта абвяшчэнне Евангелля беларусам і не толькі. Мы вельмі горача жадаем, каб Добрая Вестка пра збаўленне чалавека ўвайшла ў кожны дом.

Шчыры дзякуй усім нашым ахвярадаўцам і добразычліўцам. І канешне асаблівы дзякуй біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу за разуменне, бласлаўленне і падтрымку “Каталіцкага Весніка”. Дзякуючы яго пастырскай мудрасці і апецы сёння кожны з вас, дарагія сябры, можа трымаць у руках папяровае выданне “Каталіцкі Веснік” і гартаць у Сеціве старонкі партала catholicnews.by.

З новымі планамі і з новымі надзеямі запрашаю ўсіх чытачоў у цікавую вандроўку: спазнаванне Хрыста і яго Касцёла. Лістуйце нам і чытайце нас! Будзьма разам!

Кс. Віктар Місевіч, галоўны рэдактар газеты “Каталіцкі Веснік”

для друку для друку