Сёстры Эўхарысткі адзначылі ўспамін свайго заснавальніка

 Благаслаўлёны Юры Матулевіч

«Ва ўсім шукаць Бога, усё рабіць дзеля большае Божае хвалы, ва ўсё ўносіць дух Божы і ўсё ім праймаць», — пісаў у сваім «Духовым дзённіку» благаслаўлёны Юры Матулевіч, чый успамін 27 студзеня адзначае Касцёл.

Віленскі біскуп, выкладчык, аднавіцель і генерал Ордэна Марыянаў, апостальскі візітатар, заснавальнік двух жаночых кангрэгацый, у тым ліку, Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі… Усё гэта пра благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, якога Папа Пій XI назваў «чалавекам сапраўды святым».

Полацк

З нагоды ўспаміну заснавальніка Сёстры Эўхарысткі правялі адмысловыя катэхетычныя заняткі для дзяцей і моладзі, на якіх распавялі пра жыццё, дзейнасць і духоўнасць Юрыя Матулевіча, цытавалі «Духовы дзённік» і абмяркоўвалі словы біскупа пра самаахвярнае служэнне Хрысту і Касцёлу, імкненне да дасканаласці, апостальства як праяву любові да Хрыста, даступнае не толькі святарам і манахам, але і свецкім людзям.

Жодзіна

У некаторых кляштарах сясцёр адбыліся адарацыі, дзе была магчымасць перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам паразважаць над словамі благаслаўленага біскупа, які ўсяго сябе аддаваў Божай волі, згодны быў быць «анучай, якою ўсё мыюць і, ужыўшы, кідаюць прэч у які цямнейшы і бруднейшы кут». «Хай бы і я быў гэтак выкарыстаны і ўжыты, каб толькі ў доме Тваім было крыху чысцей і святлей», — пісаў бл. Юры ў сваім дзённіку.

Астравец

А сёстры з Друі, дзе была закладзеная наша Кангрэгацыя ў 1923 годзе, вырашылі адзначаць успамін заснавальніка ўвесь тыдзень — да Дня кансэкраваных асобаў 2 лютага.

Друя

Барысаў

Даведка:

Юры Матулевіч (Юргіс Матулайціс, літ.) нарадзіўся ў Літве 13 красавіка 1871 года. З 1878 па 1881 навучаўся ў Марыямпальскай пачатковай школе, там скончыў і гімназію. У 1889 г. пераехаў да свайго дзядзі ў Кельцы, які ў духоўнай семінарыі выкладаў замежныя мовы. У яе ў 1891 г. паступіў Юры Матулевіч.

У 1893 г. царскія ўлады зачынілі семінарыю, таму малады клерык працягнуў навучанне ў Варшаве. Семінарскія прафесары адразу заўважылі маладога і здольнага клерыка і накіравалі яго на далейшую вучобу ў Пецярбуржскую духоўную каталіцкую акадэмію. Там, у Пецярбурзе, 20 кастрычніка 1898 г. ён атрымаў святарскія пасявячэнні.

Пасля года працы ў Кельцкай дыяцэзіі працягнуў навучанне ў каталіцкім універсітэце ў Фрыбурзе (Швейцарыя). Пасля атрымання там доктарскай ступені выкладаў у Кельцкай семінарыі, а пазней – у Пецярбуржскай Каталіцкай Акадэміі. Пад час працы ў акадэміі Матулевічам авалодала жаданне прысвяціць сваё жыццё манаскаму служэнню. У 1909 г. ён уступіў у Ордэн Марыянаў і пазней стаў як яго адраджэнцам, так і рэфарматарам ды генералам.

У 1918 г., падпарадкоўваючыся волі Апостальскай Сталіцы, Матулевіч прымае біскупскі сан і становіцца Віленскім біскупам.

З 1923 па 1924 г.г. у Друі заснаваў новы жаночы манаскі ордэн Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі, аднавіў айцоў Марыянаў.

З 1925 г. біскуп Матулевіч атрымаў сан арцыбіскупа і з’яўляўся папскім нунцыем у Літве. Памёр 27 студзеня 1927 г. 28 ліпеня 1987 г. папа рымскі Ян Павел ІІ улічваючы самаахвярнае служэнне біскупа Матулевіч далучыў яго да ліку блаславёных.

Пасля сябе Матулевіч пакінуў багатую спадчыну – напісаў 28 тамоў кніг на хрысціянскія тэмы.

eucharystki.wordpress.com

для друку для друку