Сястра Нунэ Цітаян прэзентавала для катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі падручнік і сшытак для дзяцей першага году падрыхтоўкі да І Камуніі

28 мая ў Глыбокім прайшла сустрэча катэхетаў, падчас якой былі прадстаўлены падручнік і сшытак «Бог любіць мяне» — для вучняў, якія першы год рыхтуюцца да сакраманту пакаяння і Эўхарыстыі. Прэзентацыю дыдактычных матэрыялаў правяла іх аўтар с. Нунэ Цітаян.

На спатканне з’ехаліся выкладчыкі катэхезы з розных парафій нашай дыяцэзіі. Прыбыў таксама і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

“У руках маем новы экзэмпляр падручніка і сшытка для катэхезы — патрэбны матэрыял у важнай справе катэхізацыі. Дзякуй усім, хто прычыніўся да гэтага, аўтару с. Нунэ, выдавецтву “Pro Christo”. Заўсёды ёсць розныя складанасці, часам якія ад нас не залежаць, а гэта значыць робіцца Божая справа. Спадзяюся, што прайшоўшы праз церні выпрабаванняў, гэта справа будзе служыць дабру”, — адзначыў біскуп Алег. Іерарх падзякаваў глыбоцкаму пробашчу кс. Мікалаю Ціхановічу, які заўсёды адкрыты і дазволіў сабрацца ў новым парафіяльным будынку, які нядаўна быў перададзены касцёлу свецкай уладай. Будынак, які калісьці быў пабудаваны як кляштар сясцёр, але ў савецкі час забраны пад суд.

С. Нунэ праз Віцебскага ардынарыя падзякавала ўсёй Канферэнцыі Біскупаў Беларусі за давер, падтрымку і сур’ёзны падыход да гэтай працы. Словы ўдзячнасці былі скіраваны прысутным сярод удзельнікаў сустрэчы натхняльніку Аліне Новікавай і мастачцы Ларысе Арловай.

На самым пачатку с. Нунэ падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы катэхетаў у Малдове, з якой яна нядаўна вярнулася. Манахіня распавяла пра той неспакойны дух, які пануе ў той краіне, і заўважыла, што каб не было расчаравання, менавіта такія сустрэчы вельмі неабходныя.

Прэзентуючы падручнік і сшытак аўтар засяроджвала ўвагу на кожнай распрацаванай тэме і спосабам яе прадстаўлення дзецям. Вось напрыклад, каб навучыць дзяцей з ахвотай маліцца на ружанцы, сястра раіць маліцца з імі на розных мовах (руская, беларуская, польская, латынь, англійская і г.д.).

Спадарыня Аліна Новікава з “Pro Christo” заахвочвала катэхетаў, працуючы з гэтым падручнікам, рабіць свае заўвагі, што можна палепшыць, а што дадаць.

Падчас сустрэчы кожны прысутны мог падзяліцца ўласным досведам працы з той ці іншай тэмай, а таксама задаць хвалюючыя пытанні.

С. Нунэ таксама распавяла, што падручнік і сшытак для другога году падрыхтоўкі да І Камуніі таксама распрацаваны і перададзены на апрацоўку і далейшую працу ў выдавецтва «Pro Christo».

Дзеці, моладзь, сем’і, біблійныя сустрэчы – гэта інвестыцыя, у якую трэба не шкадаваць укладваць фінансы.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку