Сінод выпрацуе новые душпастырскія прапановы

sinodНе трэба чакаць ад Сінода дактрынальных змен, але можна спадзявацца на аднаўленне мовы і душпастырскай практыкі, асабліва слухання людзей, якія жывуць у неўпарадкаваных сітуацыях, адзначалася 19 кастрычніка 2015 года падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. 

Прысутны на сустрэчы з журналістамі лацінскі Патрыярх Іерусаліма арцыбіскуп Фуад Тваль падкрэсліў, што ўсе Сінадальныя Айцы жадаюць дабра сям’і. Яны паходзяць з розных душпастырскіх сітуацый, у якіх існуюць розныя выклікі. Адсюль зразумела, што няма поўнай згоды ў так званых “гарачых пытаннях”, на якія медыя звяртаюць празмерную ўвагу.

Адказваючы на пытанне журналіста аб магчымасці прыняцця св. Камуніі разведзенымі асобамі, якія жывуць у новых несакрамантальных саюзах блізкаўсходні іерарх папярэдзіў аб немагчымасці абагульнення. Кожная сітуацыя з’яўляецца адрознай і варта было б кожны выпадак вывучаць асобна, лічыць ён.

Іншы ўдзельнік брыфінгу, арцыбіскуп Марк Бэнэдыкт Колрыдж з Аўстраліі адзначыў, што ўдзельнікі Сінода жадаюць злучыць дактрыну і міласэрнасць, а таксама праўду і міласэрнасць. Каментуючы ўзгаданую вышэй праблему, ён крытычна паставіўся да логікі “ўсё альбо нічога”. У той жа час іерарх падкрэсліў, што не трэба чакаць ад Сінода зменаў каталіцкага навучання. Гаворка ідзе толькі пра абнаўленне душпастырства: пошук новай мовы, стварэнне новых магчымасцяў.

Ватыканскае радыё

для друку для друку