Шуміліна: Ружанцовае набажэнства ў 101 угодкі апошняга фацімскага аб’яўлення

13 кастрычніка, у дзень, калі 101 год таму адбылося апошняе аб’яўленне Панны Марыі тром пастушкам з партугальскай вёсачкі Фаціма, у шумілінскі Санктуарый Маці Божай з Фацімы прыехалі пілігрымы з розных гарадоў Беларусі. З Брэста і Віцебска, з Новалукомля і Наваполацка, са Смаргоні. Ва ўрачыстасці таксама прынялі ўдзел грэка-католікі Віцебскай царквы Уваскрасення Хрыстовага і хор “Гасанна” з касцёла Святой Барбары ў Віцебску.

Святую Імшу ўзначаліў а. Браніслаў Дашкевіч OP з Віцебскай парафіі Святой Барбары, разам з мясцовым пробашчам а. Анджэем Юхневічам OMI Літургію канцэлебравалі а. Зміцер Грышан, пробашч віцебскай грэка-каталіцкай царквы, кс. Мікалай Ліпскі з Новалукомля і а. Павел Лемех OMI з польскага кляштара.

Пра значнасць Ружанцовай малітвы ва ўсім свеце распавёў а. Павел у сваім казанні.

На прыканцы святой Імшы адбылася працэсія вакол касцёла, падчас якой вернікі ішлі з узнесенымі рукамі з ружанцам і запаленай свечкай і праслаўлялі Ружанцовай малітвай Найсвяцейшую Панну Марыю.

Потым ветлівыя гаспадары ўрачыстасці пачаставалі ўсіх прысутных гарбатай і смачнай кашай, прыгатаванымі ў салдацкай паходнай кухні, а таксама і іншымі ласункамі.

Анатоль Бандарчук-Вошлаў, тэкст і фота

для друку для друку