«Штодня — раздзел з Бібліі». Пробашч з Магілёва прыдумаў адвэнтавыя заданні для парафіянаў

Пробашч магілёўскай парафіі св. Казіміра і св. Ядвігі а. Раман Шульц OP прыдумаў незвычайны спосаб для духоўнай падрыхтоўкі сваіх парафіянаў да святаў Божага Нараджэння.

На працягу месяца, пачынаючы з 1 снежня, ахопліваючы перыяд Адвэнту і заканчваючы Новым годам, вернікі парафіі штодня будуць чытаць Кнігу Прыпавесцяў са Старога Запавету. На кожны снежаньскі дзень — адзін раздзел з кнігі.

Цытаты і выслоўі з Кнігі, якія крануць найбольш, святар просіць запісваць і дасылаць у парафію. Напрыканцы года яны трапяць на парафіяльны банер, а асобныя выслоўі будуць надрукаваны на адмысловых цішотках.

Кніга Прыпавесцяў абраная нездарма: у ёй 31 раздзел — столькі ж дзён у снежні. У Старым Запавеце яна ідзе следам за Кнігай Псальмаў.

«Хай гэта чытанне будзе ўзаемнай малітвай у нашых інтэнцыях, — адзначае а. Раман Шульц OP. — Адначасова яна дапаможа падрыхтавацца духоўна да Божага Нараджэння і новага году».

Паводле слоў святара, важна не проста чытаць, але і разважаць над словамі Божага Слова. Абавязковай павінна быць і малітва перад і пасля чытання.

«Такой малітвай можа быць „Вітай Марыя…“. Варта чытаць па магчымасці ўсёй сям’ёй. Яшчэ можна прапанаваць сябрам, каб яны таксама далучаліся да малітоўнай акцыі, яднаючыся з нашай парафіяй у Магілёве. Мы будзем радыя ўсім ахвотным», — дадае святар.

Дасылаць цытаты для банера можна на электронную пошту: schulzop@gmail.com.

Напрыканцы снежня яны будуць сабраныя разам і надрукаваныя на парафіяльным банеры, якія паставяць перад капліцай. Асобныя цытаты будуць нанесеныя ў якасці лагатыпу на цішоткі, якія таксама можна будзе атрымаць.

Парафія св. Казіміра і св. Ядвігі — адна з чатырох каталіцкіх парафій Магілёва. З 2010 года тут нясуць служэнне айцы дамінікане.

Ілья Лапато, Catholic.by

для друку для друку