Што Вы ведаеце пра грэка-католікаў?

420 гадоў назад у Брэсце была падпісана Брэсцкая ўнія. А што Вы ведаеце пра грэка-католікаў?

filipczyk Дзяніс Філіпчык:

– Пра грэка-католікоў ведаю дастаткова, бо скончыў гістарычны факультэт БДУ. Найбольш цікавы для мяне сюжэт, звязаны з уніяцкай царквой, – гэта скасаванне ўніі. Часам падручнікі падаюць гэты працэс як ледзь не імгненны. А на самай справе існавалі дзесяцігоддзямі вёскі, дзе жылі так званыя “ўпартыя». Яны не прынялі вынікі Полацкага царкоўнага сабору і працягвалі маліцца па-старому, захоўвалі ранейшыя звычаі. І доўжылася гэта амаль да пачатку ХХ ст.

Людміла Бурлевіч:burlewicz

– Калі я вучылася ў Каталіцкім люблінскім універсітэце, то сябравала са многімі грэка-католікамі. Часам хадзіла да іх на службу. Верым мы ў адно і тое ж і падпарадкоўваемся Папу Рымскаму, але літургія іншая. Ведаю таксама, што святары-грэка-католікі могуць ажаніцца.

koziczАлеся Козіч:

– Ведаю, што кіраўнік грэка-католікоў – Папа Рымскі, але абрады ў іх падобныя да праваслаўных. Даволі шмат маю знаёмых і сяброў, якія належаць да грэка-каталіцкай канфесіі. Таксама не раз здаралася бываць на ўніяцкіх набажэнствах.

Андрэй Нарэль:narel

– Пра грэка-католікаў ведаю з гісторыі, бо калісьці цікавіўся гэтай тэмай. Я думаю, што ўнія – гэта палітычны крок. Яго мэта – перацягнуць насельніцтва да каталіцызму і распаўсюдзіць каталіцкую веру на тых тэрыторыях, якія гістарычна былі праваслаўнымі. Ніякага місіянерскага дзеяння ў гэтым кроку я не бачу. Любая змена ва ўкладзе, тым больш, які сфарміраваўся на працягу не аднаго стагоддзя, – гэта балюча. Новыя парадкі, новыя патрабаванні… З іншага боку, уніяцтва – гэта тое, што дапамагло захаваць мову і культуру беларусаў і не дазволіла пашырацца працэсам паланізацыі.

А калі падагульніць, то няма значэння, уніят ты, католік ці праваслаўны. Галоўнае, што ты – хрысціянін.

kuwaldzinaНаталля Кувалдзіна:

– Пра ўнію ўпершыню пачула яшчэ на ўроках гісторыі падчас навучання ў школе. Унія, падпісаная ў 1596 годзе, вырашала пытанне аб’яднання нацыі на тэрыторыі Беларусі для захавання традыцый, культуры і мовы. Гэта быў час, калі большасць насельніцтва тагачасных тэрыторый Беларусі належала да грэка-каталіцкай канфесіі. Увогуле, пра грэка-католікаў ведаю няшмат і хацелася б даведацца больш.

Ірына Радзевіч

для друку для друку