Што Вы памятаеце з урокаў рэлігіі?

Распачаўся новы навучальны год, таму Касцёл заклікае дарослых і дзяцей удзельнічаць у катэхезах, каб атрымаць пэўныя рэлігійныя веды. А што Вы запомнілі са сваіх катэхезаў?

Alena MilukАлена Мiлюк:

– На катэхезу я пачала хадзiць пры касцёле св. Вацлава ў Ваўкавыску. Мне было дзесьцi 7-8 гадоў. Першае ўражанне звязана з сястрою Вiялетай, што вяла ў нас заняткi. Нават зараз успамінаю яе добры, цёплы позiрк. Я тады рыхтавалася да Першай Камунii. Скажу шчыра, што самым цiкавым на занятках тады былі цацкi, а думкi часта блукалi дзесьцi далёка. Аднак больш цікавымі за цацкi былi песнi – спяваць Богу падабалася! Успамiн пазнейшага часу – шасцёркi з вочкамi i вушамi, якiя мы атрымлівалі за малюнкi. У школе такога не было, а тут жыла нейкая iншая, Божая шкала ☺. З гэтага часу я чамусьцi запомнiла, як Бог тры разы клiкаў Самуэля, калі ён спаў. Мабыць, i я чакала, што Ён мяне вось так возьме i ноччу паклiча ☺. Падлеткавы час – гэта сустрэчы марыянак. Было вельмi добра: рыхтавалi разважаннi да спатканняў, спявалi. Я ўдзячная нашаму пробашчу а. Антонiю Філіпчыку за гэтыя катэхезы. А тым, хто распачынае катэхетычны год, жадаю цiкавага падарожжа па Святым Пiсанні i сяброў у Хрысце.

Сяргей Вільчэўскі:Sjsrhej Vilczeuski

– Я навярнуўся ў 21 год. Першая, так скажам, “афіцыйная” падрыхтоўка была ў мінскай катэдры. Я ў сакрэце ад усіх сваіх знаёмых прайшоў сем сустрэч, рыхтуючыся да Першай Споведзі. Потым паспявадаўся і ўпершыню прыняў Цела Хрыста. Я атрымаў вялікую палёгку. Адносна ж майго навучання, узрастання ў веры мне вельмі дапамагла “Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі”. Прыпамінаю яшчэ, што Бог вельмі дзейнічаў падчас сустрэч, якія называюцца “Альфа курсы”. На гэтых сустрэчах была добрая атмасфера: знаёмствы, праслухоўванне канферэнцый, потым група абмеркавання. За ўвесь час іх правядзення я чуў там шмат аповедаў, гісторый, сведчанняў. Сам зараз маю дыплом катэхета.

Alaksej PiakarskiАляксей Пякарскi:

– Калі ўспамінаю свае катэхезы, у мяне заўсёды з’яўляецца ўсмешка на твары. Бо гэты час, які мы праводзілі разам з сябрамі, пазнаючы Бога, быў найлепшым. На пачатку 90-х не было спецыяльных класаў для навучання, таму мы займаліся у касцёле, у плябаніі. Часамі катэхеза праходзіла на прыродзе. Сёстры-дамініканкі, якія праводзілі для нас заняткі, вельмі добра перадавалі праўды веры і былі сапраўднымі сябрамі. Яны на сваім прыкладзе паказвалі, што Езус таксама з’яўляецца нашым сябрам, з Якім мы можам сустракацца ў кожным месцы, дзе знаходзімся. Дзякуючы катэхезе я знайшоў сапраўднага Сябра, які заўсёды са мною, нягледзячы на тое, што я часамі ад Яго адварочваюся. Але я ведаю, што Езус мяне любіць, і я магу заўсёды да Яго вярнуцца…

Наталля Бурдун:Natalla Burdun

– На працягу апошніх чатырох гадоў асновай майго духоўнага і рэлігійнага выхавання былі катэхезы, якія праводзіліся ў каталіцкім моладзевым цэнтры св. Яна Боска ў Мінску. Разам з кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB за гэты час мы закранулі і глыбей пазналі шмат цікавых тэм. Асабіста для мяне пазнавальнымі былі катэхезы, калі мы спрабавалі высветліць, якімі павінны быць адносіны ў сям’і паміж бацькамі, паміж татам і дачкой, мамай і сынам, паміж братамі і сёстрамі. Мне здаецца, што дзякуючы ім, дзякуючы тым дыялогам і спрэчкам, якія ўздымаліся падчас гэтых катэхезаў, многія з тых, хто прысутнічаў на іх, зрабілі пэўныя высновы, каб пасля стаць лепшымі дзецьмі для сваіх бацькоў, а таксама добрымі мужамі, жонкамі, бацькамі альбо матулямі. Сапраўднымі сюрпрызамі для нас былі катэхезы, на якія да нас завітвалі госці, у тым ліку і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці і былы сакратар Апостальскай Нунцыятуры мансеньёр Філіпа Чампанэлі. Асаблівым чынам закранула мяне катэхеза, якую праводзіў для нас дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Тэмай той катэхезы была Пампейская навэна, альбо, як яе яшчэ называюць, “непераможная малітва”. Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB падзяліўся з намі ўласным вопытам практыкавання гэтай малітвы і тымі пераменамі, якія яна ўчыніла ў яго жыцці. 9 кастрычніка 2014 года я распачала сваю першую Пампейскую навэну. Менавіта дзякуючы ёй я змагла заўважыць, як шмат часу маю ў кожным дні і колькі з яго я трачу дарма. Таксама, шукаючы ў кожным дні час на малітву, мне стала лягчэй памятаць пра тое, што Бог заўсёды побач, што Ён са мной у кожную хвіліну майго жыцця.

ks. SurwilaКс. Уладзіслаў Сурвіла:

– Добры час быў, калi я хадзiў на катэхезу. Было цікава, калi для цябе расказвалі нешта новае, невядомае. Гледзячы на той перыяд, разумееш, што гэта непаўторны час. Трэба было за некалькi кiламетраў iсцi на катэхезу, каб пазнаваць праўды веры. Рыхтаваў мяне да Першай Споведзi i Камунii айцец Казiмiр, кармеліт. Заняткі праходзілі ў клубе i школе. Ад гэтых будынкаў цяпер у вёсцы i следу не засталося. Таксама былi заняткi i па хатах. Усе дзецi з вёскi чакалi гэтых спатканняў, прыгадваю, як на iх iшлi. Калi быў у старэйшых класах, трэба было пасля заняткаў заставацца ў школе. Шмат дыскутавалi, вяртаючыся дадому. Калi мне давялося хадзiць на катэхезу, быў пачатак рэлiгiйнай вольнасці. Тады мы па-новаму спасцiгалi свет. Тыя гады паўплывалi на маё паклiканне.

Аляксандр Дземiдовiч:Alaksandr Demidowi — копия

– Я хадзіў на катэхезу з пяці гадоў. Праводзілася яна ў кляштары. Манахіні-францішканкі вялі заняткі. Дзесьці з дзесяці гадоў катэхезу пачаў праводзіць святар. Мне вельмі падабалася. Напачатку хтосьці з нас павінен быў прачытаць Евангелле, пра якое якое будзе распавядацца ў нядзелю. Потым ўсе разам яго абмяркоўвалі, дзяліліся тым, хто як зразумеў і што важнае для сябе вылучыў. Часам глядзелі хрысціянскія фільмы і мульцікі. Гэта ў нас любілі больш за ўсё. За актыўнае наведванне заняткаў і нядзельнай Імшы мы атрымлівалі “плюсікі”. Тыя, хто прапускаў толькі па ўважлівых прычынах, у канцы навучальнага года атрымліваў якія-небудзь падарункі. У мяне дома зараз дзесьці ляжаць два сшыткі. Я думаю, што і цяпер змагу адказаць на любое пытанне з іх. Дзякуй Каталіцкаму Касцёлу за гэтую школу!

Ірына Грэйць

 

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

 Што Вы памятаеце з урокаў рэлігіі?

Памятаю шмат цікавых рэчаў, якія распавядалі на занятках – 52

Некаторыя моманты захаваліся ў памяці – 46

Я не наведваў(-ла) урокі рэлігіі – 15

Нічога не памятаю з заняткаў – 5

 Усяго: 118 апытаных.

для друку для друку