Што ўяўляе сабой касцёльны суд і якія пытанні ён разглядае?

Кожная сям’я за гады сумеснага жыцця перажывае не толькі радасныя моманты, але і крызісы. Хтосьці іх пераадольвае, успамінаючы шчаслівыя дні, пражытыя разам, і дадзеную шмат гадоў назад перад Богам клятву, а нехта разыходзіцца па розных сцежках.

Вырашыць сямейныя і не толькі пытанні католікам можа дапамагчы касцёльны суд.

Што гэта за інстанцыя, калі яна ўзнікла і якія справы там разглядаюцца – пра гэта распавядзе віцэ-афіцыял Гродзенскага касцёльнага суда, ксёндз Павел Урбан.

– Ксёндз Павел, раскажыце, калі ласка, пра сябе.

– Я нарадзіўся ў Ваўкавыскім раёне. Пасля заканчэння школы адчуў пакліканне і паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. Паралельна з вучобай асвоіў рэстаўратарскую справу па сакральным мастацтве ў Торуньскім універсітэце і праслухаў курс па праблеме алкагалізму і цвярозасці ў Закрочыме.

У 2008 годзе біскуп Аляксандр Кашкевіч накіраваў мяне вывучаць кананічнае права ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт. Там я атрымаў ступень магістра-бакалаўра і паступіў у аспірантуру. Пасля яе заканчэння пачаў працаваць у Гродзенскім касцёльным судзе.

– Што ўяўляе сабой касцёльны суд і якія абавязкі выконвае віцэ-афіцыял?

– Касцёльны суд – гэта інстытут, які стаіць на абароне правоў і інтарэсаў вернікаў – не толькі католікоў, але і прадстаўнікоў іншых канфесій. Напрыклад, праваслаўны чалавек бярэ шлюб у касцёле з католікам – значыць, у пэўным сэнсе ён падпадае пад юрысдыкцыю кананічнага права.

Касцёльным судом кіруе афіцыял. У Гродзенскай  дыяцэзіі гэта ксёндз Цэзарый Міх, які яшчэ з’яўляецца і пробашчам Скідзельскай парафіі, а я, так бы мовіць, яго намеснік –  гэтак жа, як і афіцыял, забяспечваю дзейнасць судзебнага працэсу.

– Пры разглядзе справы ў звычайным судзе ёсць абвінаваўца і адвакат. А ў касцёльным?

– Так, ёсць адвакат, які абараняе шлюб, і той, хто супраць. Акрамя гэтага, прысутнічаюць упаўнаважаныя святары, псіхолагі – з дзяржаўных і рэлігійных устаноў,  людзі, якія маюць для гэтага дазвол… Судовых пасяджэнняў можа быць некалькі. Пасля разгляду ўсіх матэрыялаў, выступленняў сведак, аналізу і экспертыз калегія суддзяў выносіць рашэнне.

– Ці доўга ідзе разгляд справы?

– Не больш за адзін год. Аднак часта здараецца, што справа разглядаецца 5 гадоў і нават больш. Гэта звязана з вялікай колькасцю заяў аб несапраўднасці шлюбу, якія разглядае касцёльны суд. Людзі падаюць іск і самі зацягваюць працэс, не прадстаўляючы патрэбных дакументаў ці забываючы прыйсці на сустрэчу з суддзёй.

– З якімі пытаннямі да вас звяртаюцца?

– Мы разглядаем сужэнскія справы, якія тычацца сапраўднасці ці несапраўднасці шлюбу. Аднак перш чым прыняць у чалавека заяву, афіцыял ці яго намеснік не раз з ім гутарыць і менавіта на гэтым этапе  вырашае, ці ёсць падставы для разгляду справы.

– У якіх выпадках шлюб можа быць скасаваны?

– Скасавання шлюбу, як гэта бывае ў свецкім судзе, у касцёле няма – ёсць магчымасць даказаць, што ён быў несапраўдным з самага пачатку. Напрыклад, малады чалавек утаіў сваю псіхічную хваробу, алкагольную ці наркатычную залежнасць або дзяўчына не расказала, што не можа мець дзяцей, хоць ведала пра гэта да шлюбу… А вось такую прычыну, як несумяшчальнасць характараў, на падставе якой часта разводзяць у свецкім судзе, касцёльны суд не прызнае.

– Ці шмат выпадкаў, калі шлюб прызнаецца несапраўдным?

– За мінулы год была сфарміравана база ў 200 спраў і выдадзена каля 60 пастаноў, у большасці выпадках – станоўчых.

–  Як даўно існуе касцёльны суд?

– На Беларусі ён узнік, калі зарадзіліся структуры Каталіцкага Касцёла. Першы касцёльны суд з’явіўся ў Гродне. Пад яго юрысдыкцыю падпадалі ўсе дыяцэзіі нашай краіны, а таксама заходнія часткі Расіі і Казахстана.

Зараз на Беларусі дзейнічаюць тры касцёльныя суды ў Мінску, Гродна і Віцебску. З нядаўняга часу Гродзенскі каталіцкі суд займаецца справамі толькі жыхароў Гродзеншчыны. У адпаведнасці з кананічным правам, у кожнай дыяцэзіі можа быць свой касцёльны суд.

– Ці здараюцца памылкі ў вашай дзейнасці?

– Цяжка адказаць на гэтае пытанне. У Евангеллі напісана «каму адпусціце – таму адпушчана». Каб мінімізаваць верагоднасць памылкі,  рашэнне па шлюбных справах выносіць не адзін чалавек, а калегія суддзяў, пры гэтым кожны  незалежна адзін ад аднаго.

– Некаторыя лічаць некарэктным, што сямейныя справы разглядаюць людзі, якія не маюць уласнай сям’і і некалі давалі абет бясшлюбнасці. Як вы ставіцеся да такой пазіцыі?

– Кожная канкрэтная сітуацыя касцёльнай судовай калегіяй разглядаецца праз прызму кананічнага права, дзе ўсё дакладна вызначана і прапісана.

– Не толькі палітычныя і духоўныя лідары, але і сродкі масавай інфармацыі б’юць у набат: колькасць разводаў з году ў год павялічваецца ва ўсім свеце. У чым вы бачыце крызіс сямейнага жыцця?

– Сучасны чалавек у меншай ступені, чым яго папярэднікі, здольны цярпець нягоды. Калі раней на першым месцы была сям’я, то зараз – сам чалавек, яго патрэбы і турботы. Як гэта ні прыкра, але ў модзе  камфорт і спажывецкі лад жыцця. Чалавек развучыўся жыць для другога чалавека.

Даведка

Кананічнае права – гэта звод нормаў, законаў агульнага і ўніверсальнага характару. Ім у сваёй дзейнасці  кіруецца Каталіцкі Касцёл, у тым ліку і касцёльны суд. Сучасны кодэкс складаецца з 1 752 канонаў, падзеленых на сем кніг: агульныя нормы, працэсы, народ Божы і іншыя.

ostrovets.by

для друку для друку