Што цікавага ў Кеніі, і ці атрымаюць беларускія святары заробак ад дзяржавы?

IMG_0217Прапануем увазе чытачоў “Каталіцкага Весніка” гутарку з пробашчам парафіі ў Расонах, нястомным пілігрымам і эканомам Віцебскай дыяцэзіі кс. Вячаславам Барком.

– Кс. Вячаслаў, колькі працую ў Віцебскай дыяцэзіі, памятаю, што Вы заўсёды былі там, дзе пілігрымкі. Што гэта? Асаблівая харызма ці проста выкананне душпастырскага абавязку?

– Калі харызма супадае з душпастырскімі абавязкамі, то атрымліваецца цудоўная справа. У маім выпадку якраз так і выйшла: пілігрымкі – гэта і тое, што я люблю, і тое, што патрэбна Касцёлу.

– Пачаўшы з пешых паломніцтваў, Вашая парафія ў Расонах стала арганізоўваць і аўтобусныя пілігрымкі. Якая асноўная мэта гэтых пабожных вандровак?

– Асноўная мэта пілігрымак – гэта паглыбленне духоўнага жыцця. Таму абавязковай умовай нашай кожнай паездкі ёсць прысутнасць святара. Падчас пілігрымкі любы можа паспавядацца, прыняць удзел у Святой Імшы, паслухаць разважанне на рэлігійную тэму ці проста сам-насам задаць святару нейкія асабістыя пытанні. Гэтым нашыя пілігрымкі і адрозніваюцца ад звычайных турыстычных паездак.

– Як вам удаецца, плануючы падарожжа, сумяшчаць набажэнствы, адпачынак і элементы турызму?

– Гэта няпростая справа – задаволіць усе патрэбы вернікаў падчас падарожжа. Таму мы ў парафіі вельмі пільна плануем кожны маршрут. Колькі будзе доўжыцца пераезд з адной мясцовасці ў іншую, у якіх гатэлях мы будзем начаваць, колькі будзем маліцца ў святых месцах – усё гэта распісана па пунктах загадзя.

– Ці праўда, што Вы непасрэдна самі праязджаеце кожны новы маршрут, каб упэўніцца ў яго зручнасці?

– Так, гэта праўда. Мне вельмі хочацца, каб нашыя пілігрымы адчувалі сябе камфортна ў дарозе, каб ім было цікава. Як святар я таксама вялікую ўвагу надаю таму, каб нашыя вернікі маглі наведаць як мага большую колькасць каталіцкіх святыняў.

– За Вашымі плячыма шмат пілігрымак. Якое месца Вам найбольш глыбока запала ў душу, куды яшчэ раз хацелі б вярнуцца?

– Ведаеце, кожны маршрут унікальны па-свойму. Падчас гэтых пабожных вандровак мы маем цудоўную магчымасць спазнаць усё багацце хрысціянскай спадчыны Еўропы і не толькі. Аднак мне хацелася б, адказваючы на Вашае пытанне, указаць на Фаціму. Гэта незабыўнае месца. Шлях у Партугалію доўгі. Ён займае 16 дзён. З Беларусі трэба праехаць 10 000 км, каб патрапіць туды, дзе, як казалі старажытныя, “памірае сонца”. Але гэта таго вартае.

– Вашае адкрыццё можна ўспрымаць як прафесійную параду для патэнцыяльных пілігрымаў?

– Канешне. Фаціма нікога не пакіне абыякавым. Маці Божая, якая там аб’явілася, чакае сваіх дзяцей. Але хацеў бы тут прыгадаць пры нагодзе думку старажытных хрысціянаў, якія лічылі, што кожны вернік павінен хаця б раз у жыцці пабываць у Святой Зямлі, у Рыме і ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, дзе пахаваны апостал Якуб. Дарэчы, ва ўсе гэтыя месцы мы ладзім пілігрымкі.

– Пілігрымка ў якую краіну была самай экзатычнай?

– Тут без варыянтаў. Гэта Кенія. Расонская парафія арганізавала туды паломніцтва нездарма. Справа ў тым, што згодна з навуковымі даследаваннямі чалавецтва паводле Божай задумы пачало свой гістарычны шлях якраз з сірыйска-афрыканскага разлому, дзе месціцца Кенія. Тэкст з “Кнігі Быцця” пра стварэнне свету найлепш разумееш там, калі бачыш чароўнае багацце жывёльнага свету.

– Падзеліцеся планамі на будучыню з нашымі чытачамі?

– У гэтым годзе, на жаль, мы не плануем новых маршрутаў. Гэта звязана перадусім з нестабільнай сітуацыяй у некаторых рэгіёнах. Але ёсць думкі, каб арганізаваць паломніцтва ў Ліван, дзе знаходзяцца рэліквіі св. Шарбеля. Аднак самі разумееце, што на сёння было б вельмі рызыкоўна ехаць туды.

– Падкажыце, калі ласка, як прафесійны пілігрым нашым чытачам, што трэба браць з сабой у дарогу, а ад чаго варта адмовіцца?

– Самае галоўнае (я ведаю з вопыту) – гэта не забыцца пра дакументы. Пашпарт і візы. Пакуль што, на жаль, беларусам неабходная віза ў большасць краін, куды мы ладзім паломніцтвы. А што датычыцца багажу, я заўсёды кажу вернікам: бярыце столькі ў сумку, колькі зможаце самі падняць за адзін раз. Звычайна гэтае правіла спрацоўвае.

– Кс. Вячаслаў, акрамя таго, што Вы з’яўляецеся пробашчам парафіі, Вы таксама выконваеце абавязкі эканома ў дыяцэзіі. У чым заключаецца Вашая праца?

– Эканом – гэта абавязковая пасада ў Касцёле. Паводле волі біскупа я пакліканы, каб клапаціцца пра матэрыяльныя каштоўнасці Касцёла ў Віцебскай дыяцэзіі. Гэта будынкі храмаў, плябаніі, кляштары, адным словам – уся маёмасць, якой валодае Касцёл для дасягнення сваіх мэтаў: абвяшчэння і будавання Валадарства Божага на зямлі. Таксама лічу патрэбным узгадаць і пра тую маёмасць, якая была забраная ў Касцёла і пакуль яшчэ не вернутая яму. У Беларусі, на жаль, няма пакуль закона аб рэстытуцыі, але, думаю, варта пра гэта казаць. Тым больш, што ў Статуце Віцебскай дыяцэзіі замацавана першаснае права Касцёла на вяртанне былых касцельных будынкаў.

– Вяртанне будынкаў Касцёла мае на ўвазе непасрэдны ўдзел дзяржавы. На Вашу думку, дзе яшчэ дзяржава можа дапамагчы Каталіцкаму Касцёлу?

– Акрамя будынкаў, якія пакуль не вернуты, ёсць помнікі архітэктуры, што належаць Касцёлу. Тут, я думаю, наша дзяржава магла б дапамагчы ў рэстаўрацыі і захаванні такіх аб’ектаў. Таму што гэта супольная спадчына Касцёла і беларускага народа. Таксама лічу вартым узгадаць той факт, што ў нашых братоў-праваслаўных выкладчыкі ў семінарыях атрымліваюць дзяржаўны заробак. Чаму б па аналогіі беларускай дзяржаве не дапамагчы і каталіцкім святарам? Тым больш што гэтыя заробкі выплачваліся б з падаткаў беларускіх грамадзянаў, сярод якіх – паўтара мільёна католікаў. Апрача ўзгаданых фактаў, канешне, галіна дабрачыннасці – гэта той абшар, дзе супрацоўніцтва Касцёла і дзяржавы можа быць практычна неабмежаваным.

– Жыццё – гэта рух, гэта пілігрымка. Што б вы хацелі пажадаць нашым чытачам у гэтым паломніцтве?

– Ведаеце, у наш неспакойны час многія пытаюцца: “Што будзе далей?” Адзін класік сказаў, што напрыканцы жыцця мы будзем шкадаваць, што замала любілі і замала падарожнічалі. Таму хачу сказаць усім: не бойцеся жыць і не бойцеся пілігрымаваць, адкрыйцеся на Божы свет, куды вас кліча сам Бог.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота

для друку для друку