Што такое жалоба і як яе правільна захоўваць?

Ад людзей старэйшага пакалення мы ведаем пра звычай, што пасля смерці блізкай асобы трэба на працягу года насіць чорнае ўбранне, якое выражае жалобу. У сваю чаргу Касцёл нічога не кажа наконт таго, колькі павінна працягвацца жалоба, што можна рабіць падчас яе, а чаго трэба пазбягаць.

Мы, хрысціяне, верым, што жыццё чалавека не скончваецца ў момант смерці яго цела. Мы разлічваем на сустрэчу з нашымі блізкімі ў Валадарстве Божым.

Калі дарагая нам асоба адыходзіць, прымірыўшыся з Богам і Касцёлам, мы маем права жыць надзеяй, што раней ці пазней яна трапіць на Неба. Аднак, мы ведаем, што нягледзячы на адпушчаныя грахі, неабходна адпакутаваць за свае злачынствы на зямлі. Калі чалавек не зрабіў гэтага пры жыцці, ён пакутуе ў чысцы.

Блізкія, якія хвалююцца за душу памерлай асобы, могуць скараціць час яе прабывання ў чысцы праз індывідуальныя малітвы ў яе інтэнцыі, замоўленыя св. Імшы, а таксама праз атрыманне адпусту згодна з умовамі, пастаўленымі Касцёлам.

Такім чынам, можна сцвердзіць, што жалоба, якая знешне праяўляецца праз нашэнне адзення чорнага колеру, служыць выключна для сведчання людзям навокал нашага болю пасля страты блізкай асобы. Аднак, ад католіка, акрамя знешняга знаку, чакаеш чагосьці большага. Калі перад смерцю сваяка ці сябра мы зрабілі ўсё магчымае для яго прымірэння з Богам, а пасля яго смерці молімся ў інтэнцыі збаўлення гэтай душы, то дадаткова можам паказаць нашую скруху праз жалобную вопратку.

У тым выпадку, калі мы нічога не робім для таго, каб зменшыць час ў чаканні Раю для памерлай асобы, то нашэнне жалобнага адзення з’яўляецца толькі спробай паказаць іншым тое, чаго няма – менавіта, клопату аб памерлым.

Кс. Віктар Ханька, grodnensis.by

для друку для друку