- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Што такое “Мануфактура капуцынаў” і як яна працуе ў Маладзечне?

IMG_7516 [1]

Мануфактуру братоў-капуцынаў захацелася наведаць адразу, як толькі я пабачыў на свае вочы рэалізацыю іх ідэі: гатовыя арнаты* для святароў, а таксама іншая літургічная вопратка. Нядоўга думаючы, я прыняў запрашэнне наведаць Маладзечна, дзе і месціцца ТАА Sacris Vestibus – прадпрыемства, што шые літургічнае адзенне.

На парозе нас прывітаў сам гаспадар і тэхнічны дырэктар майстэрні спадар Алег Новік. Ён адразу папярэдзіў, што галоўны ідэйны натхняльнік праекта айцец Арыюш яшчэ ў дарозе, таму на пачатку размовы мы засяродзіліся на тэхнічных момантах выпуску прадукцыі.

Шыюць нядорага, але прыгожа

IMG_7563“Наогул бізнэс – гэта для мяне не новая справа, – кажа спадар Алег. – Я паспрабаваў сябе і ў гандлі, і ў будаўніцтве, і ў грамадскім харчаванні. Таму на прапанову айцоў-капуцынаў адгукнуўся без асцярогі. Аднак павінен сказаць, што для мяне асабіста атрыманне прыбытку з майстэрні Sacris Vestibus – гэта другасная рэч. Найперш хочацца дапамагчы Касцёлу, паспрабаваць сябе ў нечым новым і рэалізавацца як вернік”.

– Што, акрамя арнатаў, Вы можаце сёння прапанаваць касцельнаму спажыўцу? – пытаюся, заўважаючы крыху воддаль гатовую прадукцыю.

– Мы ўжо цяпер шыем комжы, як для святароў з гафтам, так і больш простыя, для міністрантаў. Шыем альбы, стулы з розных тканін і рознага фасону, літургічную бялізну і абрусы на алтары. Збіраемся шыць сутаны для святароў, кашулі і нават проста звычайную вопратку для духавенства, – адказвае спадар Алег і падае свежанадрукаваны прайс. – Мы добра вывучылі рынак і выйшлі на канкурэнтныя цэны, – запэўнівае ён. – Таму цяпер нашым святарам не давядзецца ехаць у Польшчу і закупляць там усё неабходнае для касцёла. Майстэрня Sacris Vestibus гарантуе высокую якасць прадукцыі з цэнамі, якія ніжэйшыя чым у суседніх краінах.

З цікаўнасцю праглядаю пададзены мне прайс. Самая танная святарская комжа белага або крэмавага колеру абыдзецца пакупніку ў 299 000 рублёў. А арнат беларускае духавенства зможа набыць найтанней за 725 000 рублёў. Прыкідваю ў галаве сумы і прыходжу да высновы, што літургічнае адзенне беларускага вытворцы мае сапраўды больш прывабную цану, чым, напрыклад, адзенне ў крамах Любліна, што ў Польшчы.

– Калі справы так добра выглядаюць, быць можа, варта было б задумацца і пра іншыя рынкі збыту?

– Так, маеце рацыю. Мы ўжо ствараем сайт, дзе можна будзе выбраць тавар, аплаціць яго і чакаць, калі кур’ер прывязе па адрасе. Таму такая сістэма дазволіць нам займець і замежных пакупнікоў.

У майстэрні працуюць людзі розных веравызнанняў

Дырэктар падводзіць мяне да сваіх супрацоўнікаў і працягвае расповед пра майстэрню. “Мы даём працу пяці асобам. Гэта няшмат, але плануем пашырацца ў будучыні. Цікава, што ў майстэрні працуюць людзі розных веравызнанняў”.

Падыходжу да швачкі, якая спрытна закладае матэрыял у швейную машыну і пачынае шыць. Вольга Вярынская сама праваслаўная, але кажа, што праца ў такой нетыповай майстэрні ёй вельмі цікавая. “Напачатку трэба было засвоіць некаторыя асаблівасці, але ў прынцыпе шыць арнаты – гэта зусім няцяжка для спрактыкаванай швачкі”, – запэўнівае Вольга.

– Павінен быць, напэўна, хтосьці, хто спраектуе гэтую прыгажосць? – пытаюся ў спадара Алега.

– Гэта ўсё наш канструктар Ірына Голуб. Яна рыхтуе ўзоры ў спецыяльнай праграме, каб пазней машыны маглі вышыць узоры для арнатаў. Тэарэтычна мы можам змясціць на арнатах любы ўзор і нават аблічча, напрыклад, нейкага святога ці абраз Маці Божай. Усё залежыць ад жадання заказчыка.

У пацвярджэнне гэтага яшчэ адзін супрацоўнік майстэрні, спадарыня Людміла Прывалава, паказвае мне рэшту адзення, якая ўжо вісіць на вешалцы і чакае пакупнікоў. Арнаты сапраўды маюць прыгожыя вышытыя ўзоры, пра якія казаў спадар Алег. Я не магу ўстрымацца ад спакусы апрануць гэтую прыгажосць на сябе. Спадарыня Людміла падае мне адзенне. З усмешкай заўважаю, што яна робіць гэта вельмі прафесійна, як сапраўдны закрыстыянін. Хвіліна – і альба ўжо на мне. Затым апранаю арнат. Адзенне прыемнае на дотык. Па якасці пашыву нічым не адрозніваецца, чым з той жа Польшчы. Адзінае – этыкетка прыпамінае, што адзенне яшчэ не ўжывалася падчас набажэнстваў.

Капуцыны памагаюць беларускаму адраджэнню

Дзверы адчыняюцца, і ў майстэрню заходзіць айцец Арыюш – галоўны крэатыўшчык праекта. “Айцец, – пытаюся, – як вы дадумаліся да такога: пачаць шыць арнаты?”

IMG_7604 [2]– Майстэрня Sacris Vestibus – гэта толькі частка аднаго вялікага праекта, які называецца “Мануфактура капуцынаў”. Мы імкнёмся, каб у сваім служэнні дбаць не толькі пра рэлігійную паслугу, але і развіваць сацыяльны напрамак. Паглядзіце, у майстэрні Sacris Vestibus мы далі працу пяці асобам. Ці ж гэта не цудоўна!? Мы марым таксама пра тое, каб арганізаваць каталіцкі дзіцячы садок. Ёсць думкі пра адкрыццё кузні. Уявіце сабе: ёсць вельмі таленавіты чалавек, які мог бы быць цудоўным кавалём, але ён не мае грошай на адкрыццё бізнэсу. Мы б хацелі дапамагчы яму ў гэтым. Нашы эканамічныя праекты заснаваныя на адным прынцыпе: у цэнтры ўсяго павінен быць чалавек, а не грошы. Трэба працаваць і зарабляць для дабра чалавека або групы людзей, а не дзеля акумуляцыі сродкаў.

– Дапамагаць сапраўды варта. У чым яшчэ могуць аказаць падтрымку грамадству браты-капуцыны, акрамя малітоўнага і сацыяльнага служэння?

– Мы хочам, каб беларусы паверылі ў сябе. У беларусаў выдатная гісторыя і культура, цудоўная мова! Мы хочам падкрэсліць гэтую беларускую ўнікальнасць і самабытнасць. Таму, напрыклад, ідзём у кірунку таго, каб літургічнае адзенне аздабляць беларускім арнаментам. Агульнавядома, што раней слуцкімі паясамі ўпрыгожваліся арнаты, каб такім чынам захаваць паясы ад знішчэння. Мы таксама хочам распрацаваць сучасныя арнаты, дзе б быў вышыты элемент слуцкага пояса, – кажа айцец Арыюш.

На развітанне жадаем супрацоўнікам майстэрні і братам-капуцынам поспехаў у рэалізацыі сваіх праектаў. Перад намі, карэспандэнтамі “Каталіцкага Весніка”, яшчэ шмат цікавых сустрэч і рэпартажаў. Шмат касцёлаў і набажэнстваў. Прыемна будзе бачыць беларускіх святароў у літургічным адзенні, якое спраектавана і вышыта клапатлівай рукой тут, на Радзіме, у роднай Беларусі.

*арнат – літургічнае адзенне, якое святар апранае на св. Імшу.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

Даведка
Заказаць прадукцыю ў майстэрні Sacris Vestibus можна па тэлефонах:
+375176744129
+375296195381