Што такое “грыгарыянка”?

3f06339c4c719437d89831acde831b33“Хвала Хрысту! У ліпеньскім нумары “Каталіцкага Весніка” я прачытала, што ёсць магчымасць праз рэдакцыю запісаць грыгарыянскую св. Імшу. Патлумачце, калі ласка, што гэта такое? За каго яна адпраўляецца? І ці ўсе святары могуць яе адпраўляць?”

Марына

На пытанне адказвае кс. Віктар Місевіч, галоўны рэдактар газеты “Каталіцкі Веснік”:

– Паважаная Марына! Так, сапраўды, праз рэдакцыю можна запісаць грыгарыянскую Імшу. Яе назва паходзіць ад імені Папы Грыгорыя І Вялікага, які наказаў такім чынам маліцца за памерлага бэнэдыктынца па імені Юстус, пры каторым знайшлі грошы, якіх ён з прычыны шлюбу ўбоства не павінен быў мець. Паводле традыцыі, на 30-ы дзень гэты манах з’явіўся аднаму з братоў, Капізію, і падзякаваў за міласэрнасць, праз якую ён вызваліўся ад чысца.

Пад уплывам аўтарытэту Папы Грыгорыя звычай цэлебрацыі трыццаці святых Імшаў за адну памерлую асобу распаўсюдзіўся ў рэлігійнай практыцы Рыма, а ад VIII ст. – па ўсёй Еўропе.

Паводле традыцыі Касцёла грыгарыянская Імша адпраўляецца толькі за аднаго памерлага, таму што падчас яе святар моліцца аб дараванні для памерлай асобы чысцовых пакаранняў. Нельга адпраўляць гэтую Імшу з просьбай аб здароўі ці аб іншых патрэбных ласках для жывых. Грыгарыянская Імша ўяўляе сабой 30 Імшаў, адпраўленых на працягу 30 дзён запар. Адправіць іх можа любы каталіцкі святар.

Але вельмі складана знайсці святара, які б меў дастаткова свабоднага часу, каб маліцца за аднаго чалавека бесперапынна 30 дзён. Таму праз рэдакцыю мы хочам дапамагчы людзям знайсці святароў, якія б маліліся, адпраўляючы грыгарыянскую св. Імшу.

Для гэтага зацікаўленым асобам трэба проста патэлефанаваць па нумары +375297365307 і паведаміць імя памерлага, а таксама абмеркаваць іншыя акалічнасці (месца адпраўлення Імшы, асобу святара і колькасць ахвяравання). Затым рэдакцыя газеты звяжацца са святаром, які згодзіцца ўзяць на сябе такі абавязак: маліцца 30 дзён у паведамленай інтэнцыі. Ахвярадаўцу будзе выслана пацвярджэнне адпраўленай грыгарыянскай св. Імшы.

Варта, аднак, памятаць, што нельга разумець грыгарыянскую Імшу матэматычна, маўляў, гэтая Імша “мацнейшая” за звычайную. Кожная Імша мае бясконцую вартасць, таму што з’яўляецца той самай Адкупленчай Ахвярай, якую склаў за нас наш Збаўца Езус Хрыстус на крыжы. Але нашае малітоўнае заступніцтва за памерлых, якія, магчыма, знаходзяцца ў чысцы, павінна быць шчодрым і суразмерным той любові, якой мы любілі іх тут, пакуль яны жылі на зямлі.

для друку для друку