Што такое “дэпрэсія” і як з яе выйсці?

depressija-fotoСёння мы паразмаўляем пра дэпрэсію і паспрабуем высветліць, чым могуць дапамагчы сабе людзі, якія знаходзяцца ў дэпрэсіўным стане. Напачатку давайце акрэслім, чым дэпрэсія НЕ з’яўляецца. Вось што некалі напісаў карыстальнік форуму, на якім я кансультую: “У маёй дзяўчыны ўжо каля двух тыдняў дрэнны настрой. Я імкнуся яе падтрымаць, выязджаю з ёю на прыроду. Падчас нашых вандровак яна “ажывае” – усміхаецца, радуецца, – але калі мы вяртаемся, – зноў пачынае сумаваць”.

У гэтым паведамленні мы сустракаемся з двума несапраўднымі ўяўленнямі пра дэпрэсію. Па-першае, дэпрэсія – гэта НЕ дрэнны настрой, а хвароба, і яна значна больш сур’ёзная. Па-другое, два тыдні – гэта не тэрмін для дэпрэсіі: дэпрэсія доўжыцца месяцы і гады.

 Адкуль бярэцца дэпрэсія?

Прычынаў, праз якія чалавек можа трапіць у дэпрэсіўны стан, ёсць шмат. Некаторыя з іх звязаныя з фізічнымі захворваннямі і станамі, як, напрыклад, недастатковае функцыянаванне шчытападобнай залозы, цукровы дыябет, наватворы, гарманальныя збоі, перыяд цяжарнасці і кармлення грудзьмі ў жанчын, пмс, клімакс і г.д.

Іншыя прычыны з’яўлення дэпрэсіі – псіхалагічныя. Дэпрэсія часта з’яўляецца рэакцыяй на неперажытую псіхалагічную траўму, гэта расцягнутая на гады жалоба па нейкіх стратах (блізкіх людзей, магчымасцяў і г.д.). Напрыклад, жанчына падчас цяжарнасці страчвае любімага брата ў выніку трагічнага выпадку. Яна вельмі перажывае, але не дазваляе сабе паглыбіцца ў свой боль і перажыць яго, бо баіцца, што гэта пашкодзіць дзіцяці. Калі яна нараджае, часу на жалобу таксама не застаецца: немаўлятка забірае ўсе сілы, да таго ж яго нельга траўмаваць негатыўнымі эмоцыямі. І жалоба хаваецца недзе ў глыбіні душы, чалавек забараняе сабе адчуваць боль. Аднак псіхіка пабудавана так, што, калі мы забараняем сабе адчуваць нешта адно – страх, боль, віну і г.д., – мы аўтаматычна перастаём адчуваць і ўсе іншыя эмоцыі, у тым ліку і станоўчыя. А гэта і ёсць дэпрэсія.

 Як выйсці з дэпрэсіі?

  1. Першы крок – упэўніцеся, што гэта менавіта дэпрэсія: калі вы нічога не адчуваеце, жывяце быццам з “мёртвай душой” працяглы час (больш за 2-3 месяцы), знаходзіцеся ў стане пастаяннай фізічнай “разбітасці” і стомы, магчыма, маеце думкі пра самагубства, – тады можна казаць менавіта пра дэпрэсію.
  2. Высветліце прычыну дэпрэсіі. Не палянуйцеся прайсці медыцынскае абследаванне, у тым ліку на гарманальныя змены.
  3. Калі са здароўем усё добра, варта асэнсаваць тыя псіхалагічныя раны і траўмы, якія паслужылі прычынай блакавання вашых пачуццяў. Рабіць гэта найлепей з дасведчаным псіхолагам.
  4. Калі ваш стан не настолькі пагражальны, то могуць дапамагчы і больш простыя крокі:

— акружыце сябе прыемнымі і цікавымі для вас рэчамі і людзьмі: вашае атачэнне павінна падтрымліваць вас і надаваць аптымізму;
— зрабіце больш разнастайнымі вашыя заняткі, выйдзіце з палону руціны і штодзённасці: невялікае падарожжа, паходы на выставы, у кавярню з сябрамі, выезды на прыроду – гэта тое, што выдатна падымае настрой;
— будзьце ўважлівымі да свайго здароўя, падтрымлівайце сябе карысным, багатым на вітаміны харчаваннем;
— засяроджвайцеся на пазітыўных эмоцыях, больш усміхайцеся;
— не трацьце сілы і энергію на негатыў: зайздрасць, злосць і г. д.
— паспрабуйце апранаць адзенне больш яркіх, жыццярадасных колераў: эмацыянальныя ўпадкі часта звязаны з дрэнным надвор’ем, асабліва ўвосень. Калі ў шэры дзень вы будзеце апранутыя ў шэра-чорнае адзенне, – гэта не паслужыць вам добрай падтрымкай.
— рабіце нешта прыемнае для сябе і для блізкіх: дабро, калі яго падзяляеш з іншым, вяртаецца ў яшчэ большых памерах.

Здароўя вам і шчаслівых Велікодных святаў!

 Наталля Станкевіч, псіхолаг

для друку для друку