Што такое чысцец?

«Паняцце чыстца, наколькі мне вядома, існуе толькі ў католікаў: у праваслаўных і ў іншых хрысціянаў яго няма. Дайце, калі ласка, тэалагічнае тлумачэнне чыстца».

Кожны чалавек раней ці пазней задумваецца над сэнсам свайго жыцця. Кожнага цікавіць, што будзе пасля таго, як ён памрэ? Ці чакае чалавека з момантам смерці нябыт, канец існавання, на фоне якога ўсё зямное жыццё здаецца абсурдам? Ці ўсё ж такі пасля зямнога жыцця існаванне працягваецца, проста яно змяняецца?

Колькі існуе чалавецтва, столькі людзі задаюць сабе гэтыя пытанні. Ёсць вельмі шмат спробаў даць на іх адказ. Большасць людзей перакананая, што пасля разлучэння душы і цела чалавек працягвае жыць далей. Многія інтуітыўна прадчуваюць, што за зямное жыццё і ўсё здзейсненае нам давядзецца расплаціцца, стаць перад Суддзёю, атрымаць або ўзнагароду, або пакаранне. Імкненне спасцігнуць таямніцу смерці і вечнасці ставіць чалавека перад выбарам: або бясконца мучыцца ва ўласных здагадках, або даверыцца Богу і Яго слову.

Хрысціянства давярае Божаму Аб’яўленню,
запісанаму ў Святым Пісанні і растлумачанаму ў вучэнні Касцёла.
Усе хрысціянскія канфесіі згодна абвяшчаюць
выразна прапісаную ў Бібліі праўду веры пра тое,
што пасля смерці кожнага чалавека чакае Суд Божы,
а пасля — вечнае жыццё ў небе або пекла.

Імкнучыся асэнсаваць і растлумачыць гэтую ісціну веры, першыя пакаленні старажытных хрысціянаў і першыя айцы Касцёла пачалі гаварыць пра чысцец як часовы пасмяротны стан некаторых людзей. Гэтае вучэнне з часам станавілася ўсё больш выразным. Каб засцерагчыся ад фальшывых інтэрпрэтацый, праўда пра чысцец была афіцыйна акрэсленая і пацверджаная Касцёлам спачатку на Фларэнційскім Саборы (1439–1442 гг., пар. №1304), а пасля на Трыдэнцкім (1545–1563 гг., пар. №1820, 1580).

Ва ўсходняй (праваслаўнай) традыцыі паняцце «чысцец» не прынялося, хоць ужывалася вялікімі айцамі Усходу (св. Грыгорый Вялікі, Дыялогі, 4, 39). Ва ўсходнехрысціянскай традыцыі існуе блізкае, хоць і напоўненае крыху іншым сэнсам паняцце «мытарстваў душы». Паводле праваслаўных тэолагаў, душа пасля смерці перажывае шлях не столькі ачышчэння, колькі даследавання, своеасаблівага экзамену з зямнога жыцця. Яна праходзіць адпаведныя этапы тагасветнага шляху (дэманаў, анёлаў), на якіх вырашаецца, ці будзе душа схопленая дэманамі і перанесеная ў пекла ці ўсё ж такі дойдзе (будзе годная з Божай ласкі) да неба. Праваслаўныя багасловы адмовіліся выразна (дактрынальна) акрэсліваць вучэнне аб мытарствах душы, матывуючы гэта тым, што тэолагі могуць памыляцца ў сваіх высновах. Таму ў практыцы і па сутнасці дактрына не адрозніваецца ад каталіцкай, але мае іншыя багаслоўскія акцэнты і тэрміналогію.

Некаторыя аўтары з іншых хрысціянскіх канфесій, намагаючыся пакрытыкаваць каталіцкае вучэнне аб чыстцы, часта як аргумент выкарыстоўваюць сцвярджэнне, што паняцця «чысцец» няма ў Бібліі. У адказ такім аўтарам можна прывесці мноства іншых паняццяў, якія з’яўляюцца падмуркам іх веравучэння, але адсутнічаюць у Бібліі. Напрыклад, усе хрысціяне вераць у Бога Адзінага ў Тройцы, але такога паняцця ў Бібліі няма — гэта тэалагічная выснова са Святога Пісання. У Бібліі многія паняцці не ўжываюцца наўпрост, але гэта не значыць, што яны не існуюць або не могуць існаваць.

Каталіцкі Касцёл, намагаючыся абараніць хрысціянскую ісціну ад скажэння, ад пачатку імкнуўся выразна акрэсліць асноўныя праўды веры. Калі ўзнікла неабходнасць, у XV і XVI стст. было дактрынальна акрэслена разуменне таямніцы чыстца на найвышэйшым узроўні (на Саборы).

Паводле вучэння Касцёла, чысцец —
гэта пасмяротны, часовы, балесны стан некаторых людзей,
якія перажываюць працэс ачышчэння
на шляху да неба, каб дасягнуць святасці,
неабходнай для поўнага паяднання з Богам
(пар. «Катэхізіс Каталіцкага Касцёла», 1030–1031).

Каб зразумець, чым з’яўляецца чысцец, спачатку неабходна мець выразнае і правільнае тэалагічнае разуменне неба і пекла. У пекла ідуць тыя, хто дабравольна адкінуў Бога, упадаючы ў цяжкі грэх, і, паміраючы, не пакаяўся, не адкінуў гэты грэх. Іншымі словамі, у пекла ідуць богаадступнікі, тыя, хто ў момант смерці трываў у граху, а не ў Божай ласцы.

У неба адразу ідуць тыя, хто ў момант смерці прыняў Хрыстовае ачышчэнне ад грахоў праз шчырае пакаянне (знаходзіўся ў стане Божай ласкі). Выразным знакам і пацвярджэннем прынятага Богам перадсмяротнага пакаяння з’яўляецца споведзь (сакрамэнт пакаяння), а таксама Віятык (св. Камунія) і сакрамэнт намашчэння. Сакрамэнт — гэта гарант добрай падрыхтоўкі на шляху да неба. Але нават той, хто не паспеў перад смерцю прыступіць да святых сакрамэнтаў, але з усёй шчырасцю перажыў пакаянне за так званыя лёгкія грахі, маюць (хоць і не пэўны) шанец трапіць на неба.

Але што рабіць асобам, якія перад смерцю не адпакутавалі за свае грахі, не ачысціліся ад розных прывязанасцяў, якія перашкаджаюць ім перажываць паўнату шчасця з Богам у небе? Жыццёвая практыка паказвае, што існуе нямала людзей, якія паміраюць не ў святасці, хаця вельмі любяць Бога, але гэтая любоў прыцемненая зямнымі клопатамі, эгацэнтрызмам, рознымі прывязанасцямі і неўпарадкаванасцю. Менавіта такі стан негатоўнасці веруючай асобы прыводзіць яе да неспакою, неабходнасці ўпарадкаваць унутраны хаос, кампенсаваць крыўды, ачысціцца, каб «спачыць у Богу».

Такому «кандыдату ў неба» трэба спачатку перажыць ачышчэнне ад наступстваў сваіх грахоў і толькі пасля цешыцца паўнатою неба.

Вось гэты прамежкавы стан
«не цалкам гатовых» быць адразу ў небе
Касцёл і называе чыстцам.

Гэта не месца і не нейкі трэці стан паміж небам і пеклам. Гэта шлях тых, хто ўжо ідзе ў неба, але не можа зрабіць гэтага адразу з-за ўласнай неўпарадкаванасці. Пры гэтым тэолагі звяртаюць увагу на тое, што чыстцовыя цярпенні — гэта перадусім «агонь тугі» з любові і па любові Бога. Памерлы імкнецца да Пана, але паяднацца з Ім перашкаджаюць наступствы зямных грахоў, ад якіх неабходна ачысціцца.

Біблійнаю асноваю вучэння аб чыстцы з’яўляецца перадусім старазапаветны прыклад Юды Макабэя, які са сваімі паплечнікамі складаў Богу ахвяру за грахі памерлых, якія не паспелі ачысціцца перад смерцю (пар. 2 Мак 12, 40). І, як сведчыць Святое Пісанне, Бог прыняў іх малітву і ахвяру, і памерлыя былі прабачаныя Панам (пар. 2 Мак 12, 40–45). У Новым Запавеце сам Хрыстус распавядае пра грахі, якія не будуць прабачаныя Богам ні ў зямным жыцці, ні пасля смерці (пар. Мц 12, 31–32), а гэта значыць, што існуе магчымасць ачышчэння ад грахоў і пасля смерці. Згадаем, што Пасланні св. апостала Паўла прасякнутыя вучэннем аб існаванні пасмяротнага ачышчэння (пар. 1 Кар 3, 13–15).

Вера хрысціянаў у існаванне пасмяротнага стану чыстца была ад самага пачатку, ад Апосталаў і іх вучняў. Найбольш аўтарытэтныя і святыя айцы першых пакаленняў хрысціянаў і на працягу наступных стагоддзяў нязменна пацвярджалі гэтую праўду Бібліі і веры (св. Кірыл Александрыйскі, Арыген, св. Аўгустын, св. Ян Залатавусны, св. Грыгорый Вялікі, св. Вінцэнт Палоцці і інш.).

Варта звярнуць увагу і на тое, што калі б не існавала стану ачышчэння, то не мела б сэнсу малітва за памерлых. Бо навошта маліцца за таго, хто ў небе? Ён ужо там. А тыя, хто выбраў грэх і пекла, не могуць быць насільна перанесеныя Богам у неба. З пекла няма вяртання. А ў небе нельга быць насільна. Таму, калі ёсць сэнс у малітве за памерлых, дык толькі за тых, каму трэба памагчы хутчэй ачысціцца, адпакутаваць і дасягнуць неба. Але паколькі мы не ведаем, у якім стане знаходзіцца наш памерлы, таму молімся за кожнага.

У вучэнні і практыцы Каталіцкага Касцёла гаворыцца пра тры асноўныя магчымасці дапамагчы памерлым скараціць іх чыстцовы перыяд і хутчэй трапіць у неба: гэта малітва за памерлых, ахвяраванне за іх адпустовай пабожнай практыкі, а таксама ахвяраванне за іх св. Імшы. Для кожнага хрысціяніна малітва за памерлых — гэта святы абавязак і адзін з найлепшых спосабаў рэалізацыі запаведзі любові да бліжняга, бо ў такой малітве мы праяўляем нашу веру ва ўсёмагутнасць Божай любові, для якой не існуе ні зямных, ні тагасветных, ні часавых межаў.

Кс. Андрэй Рылка, ave-maria.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі