- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Што рабіць, калі святар адмовіў у споведзі?

[1]“Добры дзень. Святар мне адмовіў у споведзі. Я звярнулася да пэўнага святара з просьбай паспавядаць мяне. Аднак ён сказаў: “Звярніцеся да іншага святара, бо я вас не паспавядаю”. Што мне рабіць”?

Вольга

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Шаноўная Вольга! Дзякуй Вам за пытанне, якое закранае вельмі важную і далікатную рэчаіснасць сустрэчы чалавека з Божай Міласэрнасцю праз паслугу святара.

Сітуацыя, якую апісвае Вольга, датычыць адмовы ў прыняцці споведзі. Складана, не ведаючы абставін ды самой падзеі, даць адназначную ацэнку паводзінаў святара. Магчыма, у парафіі, пра якую ідзе гаворка, служыць больш святароў. У такім выпадку магло б быць апраўданым скіраваць пенітэнта да іншага спаведніка пры адсутнасці магчымасці служыць у канфесіянале. Святар можа мець запланаваныя неадкладныя заняткі ці абавязкі ды, клапоцячыся пра тых, хто яго чакае, адмаўляе ў святарскай паслузе камусьці, хто можа пачакаць даўжэй. Гэта можа быць наведванне хворых, святая Імша, катэхеза, пахаванне і шмат іншага. У такіх выпадках вернікі звычайна разумеюць святара і не крыўдзяцца на яго.

Трэба таксама ведаць, што святар павінен мець паўнамоцтва кампетэнтнай касцельнай улады для адпушчэння грахоў (пар. Кодэкс Кананічнага Права, каноны 965 – 975). Без згаданага паўнамоцтва святар не можа спавядаць, хіба што пенітэнт знаходзіцца ў небяспецы смерці. У нашай краіне адсутнасць паўнамоцтва – хутчэй за ўсё рэдкасць, аднак можа здарыцца. У такой сітуацыі святар павінен пра гэта паведаміць верніку, які просіць пра споведзь. Здаецца, што і ў дадзеным выпадку вернікі не будуць крыўдзіцца.

Кодэкс Кананічнага Права ў каноне 986, § 1 пастанаўляе, што кожны, каму быў даручаны душпастырскі клопат пра вернікаў, абавязаны дбаць пра тое, каб яны маглі паспавядацца, калі пра гэта просяць. Неабходна таксама, каб вернікі мелі магчымасць спавядацца ў вызначаны і зручны час. Касцельнае права кажа тут пра магчымасць і час споведзі. Мы ведаем, аднак, выпадкі, калі святар не можа ўдзяліць абсалюцыю. Звычайна высвятляецца гэта ў межах споведзі. Здаецца, што ў выпадку Вольгі такія абставіны адсутнічаюць, бо святар накіраваў яе да іншага спаведніка.

Пра асаблівы выпадак, калі святару нельга ў звычайных абставінах удзяліць адпушчэння грахоў, кажа Кодэкс Кананічнага Права ў каноне 977: абсалюцыя супольніка граху супраць шостай запаведзі Дэкалогу ёсць несапраўдная, за выключэннем небяспекі смерці. Такім чынам, калі б святар зграшыў з кімсьці супраць чыстасьці, то звычайна не можа сам паспавядаць тую асобу, з якой здзейсніў грэх супраць шостай запаведзі. Калі б святар дзейнічаў супраць канону 977, то падпаў бы пад пакаранне экскамунікі моцай самога права, якое замацавана за Апостальскай Сталіцай (пар. канон 1378, § 1).

Апраўданым можна лічыць адмаўленне ў споведзі верніку, які хацеў бы інструментальна выкарыстаць сакрамант, каб «закрыць вусны» святару. Такая сітуацыя магла б датычыць, напрыклад, злодзея, учынак якога бачыў святар. Спрытны злачынец, ведаючы пра існаванне таямніцы споведзі, хацеў бы праз споведзь перашкодзіць у выяўленні праўды. Варта дадаць, што ніколі нельга якім-небудзь чынам інструменталізаваць сакрамант Божай міласэрнай любові.

Можа быць яшчэ шмат іншых прычын, цалкам празаічных. Напрыклад, звязаных са станам здароўя святара або, як было сказана вышэй, з абавязкамі, што не дазваляюць у дадзены момант прыняць споведзь. Канешне, у падобных сітуацыях душпастыр павінен прапанаваць верніку іншы час або іншага спаведніка.

Вольга пытаецца, што ёй рабіць? Асабіста я раю Вользе і ўсім, хто сустрэнецца з падобнай праблемай у будучыні, спытаць у святара пра прычыну адмовы і магчымасці паспяховага вырашэння пытання. Заданнем душпастыра з’яўляецца адкрытасць і дапамога даручаным яму вернікам. Калі хтосьці палічыць гэта немагчымым, то трэба звярнуцца да іншага святара.

Варта, аднак, памятаць, што святар таксама слабы чалавек, таму заахвочваю да малітвы за ўсіх, хто нясе служэнне ў Касцёле, асабліва за спаведнікаў. Вольгу і ўсіх, хто мае якія-небудзь праблемы са споведдзю, даручаю Міласэрнаму Пану і спадзяюся, што Ён пашле ім добрага духоўнага кіраўніка.