Што патрэбна нашым памерлым?

Мы вельмі любім нашых блізкіх. Прынамсі, павінны любіць. Перажываючы сёлетні ўспамін усіх памерлых вернікаў, паставім сабе пытанне: што патрэбна нашым памерлым?

Ці патрэбна памерламу труна? Канешне, так, але, напэўна, кожны згодзіцца з тым, што труна патрэбна больш жывым людзям. Сам жа памерлы не будзе адчуваць ні камфорту, ні нязручнасці. Ён таксама не будзе ні ганарыцца тым, што ляжыць у труне з дубовых дошак, ні сумаваць з таго, што яму давялося ляжаць у труне з сасновых.

Ці патрэбны яму кветкі? Кветкі прыгожыя, але ўсё ж памерлы ні глядзіць на іх, ні ўдыхае іх водар. Гэтыя кветкі, калі па праўдзе, мы купляем для сябе. Памерлы ўжо знаходзіцца ў іншым свеце.

A можа, запаленая свечка патрэбна памерламу? Падумаем, аднак, добра: што зменяць у сітуацыі спачылага дзесяць, сто ці тысяча запаленых свечак? Нічога. Ён ужо ў іншым свеце. А свечкі, зноў жа, больш патрэбны нам.

Магчыма, яму патрэбны каменны надмагільны помнік? Ён таксама не патрэбны спачыламу. Калі казаць праўду, то мы будуем гэтыя помнікі для сябе. Памерлы ж на самой справе прабывае дзесьці ў іншым месцы. Ён у іншым свеце. У магіле ляжыць толькі яго цела.

Што ж патрэбна нашым памерлым? Ім патрэбна наша памяць і малітва. Дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў будзе нагодай паставіць сабе пытанне: ці памятаем мы ў малітве пра сваіх спачылых? Як мы пра іх памятаем? Як молімся? Наколькі часта? Што гэта значыць для нас?

Калі памятаеш, калі молішся – то пакладзі на магілу кветкі і запалі свечку. Тады гэта будзе прыгожы знак таго, што ты іх шануеш і любіш. Гэта будзе знак тваёй любові.

Калі ж ты не молішся, не памятаеш, забыўся пра іх – то вырві гэтыя кветкі, кінь свечкі ў мяшок, скрушы каменныя табліцы на сваіх магілах. Бо без памяці і малітвы ўсе гэтыя рэчы – смецце.

Памятай пра найважнейшае, памятай пра малітву за тваіх самых блізкіх, за тых, хто адышоў.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку