Што кажа Касцёл пра грашовыя ахвяраванні?

Што кажа Касцёл пра грашовыя ахвяраванні? У католіка ёсць нейкія абавязкі або складаць ахвяру можна па ўласным жаданні? Юлія

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

 – Паважаная Юлія! Шчыры дзякуй Вам за пытанне пра ахвяры на патрэбы Касцёла, якое на першы погляд можа здавацца складаным, бо датычыць грошай, размовы пра якія заўсёды лічацца далікатнай матэрыяй. На самой жа справе пытанне важнае і закранае істотны аспект жыцця і дзейнасці Касцёла.

Касцёл і матэрыяльныя даброты

У душпастырскай Канстытуцыі пра Касцёл чытаем, што “Хрыстос, адзіны Пасрэднік, устанавіў і няспынна падтрымлівае тут, на зямлі, свой святы Касцёл, супольнасць веры, надзеі і любові, як бачную структуру, пасылаючы праз яго праўду і ласку для ўсіх” (Gaudium et spes, 8). Паколькі супольнасць Касцёла ўстаноўлена не чалавекам, а самім Богам, слушна можна сцвердзіць, што Касцёл як Містычнае Цела Хрыста – не з гэтага свету, аднак па волі Збаўцы ён існуе на зямлі, у гэтым свеце і карыстаецца часовымі дабротамі настолькі, наколькі гэта ўласціва яго місіі (пар. Gaudium et spes, 76). У сваім навучанні Касцёл, верны свайму Заснавальніку і Галаве, прыпамінае таксама, што часовыя рэчы, у тым ліку вялікія багацці, не мелі б аніякай каштоўнасці, калі б чалавек абапіраўся толькі на іх, забыўшыся пра Бога (пар. Мц 16, 26; Лк 12, 21). Другі Ватыканскі Сабор у дагматычнай Канстытуцыі пра Касцёл прыпамінае назвы, якімі Святое Пісанне азначае рэчаіснасць Касцёла: Божая будоўля, Дом Бога, скінія Бога з людзьмі, святы Горад, новы Ерузалем (пар. Lumen gentium, 6). Святы Пётр называе членаў Містычнага Цела Хрыста жывымі камянямі (пар. 1 П 2, 5), што ў сваю чаргу паказвае асаблівае месца і ролю вернікаў у касцельнай супольнасці. Зразумела, што дзеля дасягнення вызначанай Богам мэты Касцёл патрабуе таксама грашовых сродкаў.

Удзел усіх вернікаў у місіі Касцёла

Каталіцкі Касцёл выконвае сваю місію дзякуючы актыўнаму ўдзелу ўсіх вернікаў, якія праз хрост увайшлі ў яго супольнасць і прынялі на сябе абавязак дбаць пра Касцёл і яго патрэбы, як духоўныя так і матэрыяльныя. Усе вернікі ўдзельнічаюць у місіі Касцёла праз учынкі, малітвы ды апостальства, сужэнскае і сямейнае жыццё, штодзённую працу, адпачынак духу і цела, калі яны здзяйсняюцца ў Духу Святым, нават цяжкасці жыцця, калі яны пераносяцца цярпліва, бо яны становяцца духоўнымі ахвярамі, прыемнымі Богу праз Езуса Хрыста (пар. Kатэхізіс Kаталіцкага Kасцёла, 901). Варта, каб свецкія вернікі разам з духоўнымі і кансэкраванымі асобамі ўсведамлялі неабходнасць ахвярна ды рупліва спрыяць розным чынам у павелічэнні агульнага дабра. Кожны, па меры сваіх магчымасцяў, пакліканы да рэальнага ўплыву на жыццё Касцёла, місія якога мае шмат вымярэнняў. На самой справе, выкананне пасланніцтва Касцёла патрабуе як асабістай прыхільнасці вернікаў, так і матэрыяльных дабротаў і грошай.

Абавязак дбаць пра патрэбы Касцёла

Адной з праяў актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла ёсць дбанне пра патрэбы яго супольнасці. Кодэкс Кананічнага права нагадвае, што вернікі маюць абавязак дапамагаць у патрэбах Касцёла, каб ён меў неабходныя сродкі для Божага культу, апостальства і спраў дабрачыннасці, а таксама для годнага ўтрымання распарадчыкаў (пар. кан. 222 § 1). Пра гэты абавязак кажа таксама пяты касцельны наказ, які абавязвае вернікаў клапаціцца аб матэрыяльных патрэбах Касцёла, у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2043). Неабходна адзначыць, што абавязак дбаць пра патрэбы Касцёла не абмяжоўваецца толькі да эканамічных сродкаў, але мае духоўны характар і праяўляецца таксама праз малітву ды асабістыя намаганні вернікаў паспрыяць пашырэнню Божага Валадарства на зямлі, бо абвяшчэнне Евангелля заўсёды важнейшае за матэрыяльныя даброты. Варта тут нагадаць, што пяты Што кажа Касцёл пра грашовыя ахвяраванні? касцельны наказ выплывае з натуральнага права, якое паказвае на патрэбу дбаць пра супольнасць, да якой хтосьці належыць. Грашовыя ахвяраванні служаць не толькі канкрэтнай парафіі ці супольнасці, але ўсяму Містычнаму Целу Хрыста, і такім чынам прычыняюцца таксама да павелічэння дабра тых, хто іх прыносіць у ахвяру. Нельга забываць і пра вялікае дабро, якое робяць дабрачынныя касцельныя ўстановы. Напрыклад “Карытас”, арганізацыя якая вядомая сваёй дапамогай патрабуючым ва ўсім свеце.

Кожная ахвяра – каштоўная

Вартасць ахвярных дароў нельга вымяраць матэматычным чынам, бо яна залежыць ад унутранай паставы таго, хто іх прыносіць. Касцёл не вызначае вернікам аніякіх межаў адносна ахвяраванняў, але кажа, што трэба дбаць пра яго патрэбы паводле сваіх магчымасцей. Ідэал, які варта мець перад вачыма – гэта першы Касцёл, аб’яднаны любоўю. У ім панаваў дух вялікай адказнасці і ахвярнасці (пар. Дзеі Апосталаў, 4,32-37). У Старым Запавеце існаваў абавязак ахвяраваць Богу дзясятую частку ад усяго, што ізраільцяне зарабілі, вырасцілі ці выгадавалі. Некаторыя хрысціянскія супольнасці практыкуюць дзесяціну і сёння. Каталіцкі Касцёл у сферы ахвяраванняў пакідае вернікам свабоду ды выказвае ўдзячнасць за кожны дар, які прычыняецца да агульнага дабра чалавечай супольнасці. Узнёслым прыкладам ахвярнасці ёсць убогая ўдава з Евангелля, шчодрасць якой заўважыў Езус (пар. Мк 12, 38-44). Трэба таксама заўсёды памятаць, што грашовыя ахвяры не заменяць асабістага імкнення чалавека да святасці. Святы Ян Златавуст, які жыў у IV – V ст. навучаў: “Валадарства нябеснае – не за грошы, і нельга яго за іх набыць […] Калі б яно магло быць набытым за грошы, то жанчына, якая ўкінула дзве маленькія манеты, няшмат бы атрымала. Але таму, што ў яе выпадку не памер сумы, але добрая інтэнцыя пераважыла, то яна атрымала ўсё”. Такім чынам ахвярнасць – гэта не справа прававых нормаў, а любові. Ахвяра, прынесеная ад сэрца, павялічвае любоў ахвярадаўцы, надзяляе спакоем і радасцю. Усім, хто задумваецца над пастаўленым пытаннем, няхай дапаможа святы Павел, які ў Другім пасланні да Карынцянаў павучае: “Няхай кожны дае, як вырашыць у сэрцы сваім, а не са шкадаваннем ці з прымусу, бо радаснага даўцу любіць Бог” (2 Кар 9,7).

Пастаўленае пытанне прыпамінае супольнасці Хрыстовага Касцёла пра адказнасць за яго стан, як у духоўным, так і ў матэрыяльным вымярэнні, што ў сваю чаргу патрабуе ад ўсіх вернікаў, духоўных і свецкіх, адкрытасці сэрца, любові ды шчодрасці. Ахвярнасці ўсім трэба вучыцца і маліцца аб ёй.

для друку для друку