Што думаюць чытачы «Каталіцкага Весніка» пра сустрэчу Папы і Патрыярха?

12 лютага 2016 года адбылася сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

Якіх вынікаў чакаюць вернікі ад сустрэчы Папы і Патрыярха, чытайце ў гэтым нумары “Каталіцкага Весніка”.

szarszunsДзмітрый Шаршунс:

– На мой погляд, гэта сустрэча ўносіць гістарычны ўклад у далейшае развіццё адносін паміж Царквой і Касцёлам, паколькі хрысціяне павінны трымацца разам. Ёсць вельмі шмат пытанняў, якія паасобку вырашыць надзвычай цяжка або зусім немагчыма. Я лічу, што гэта сустрэча паспрыяе таму, каб часцей мы маглі разам маліцца, а таксама разам дапамагаць таму, каму патрэбная дапамога. Цяпер, як ніколі, хрысціяне павінны быць разам і разам пераадольваць усе цяжкасці і ўвесь негатыў сучаснага свету. І таксама чакаю, што такіх вызначальных сустрэч будзе больш.

kisialivichЮлія Кісялевіч:

– Я думаю, што гэта сустрэча адчыніць дзверы для збліжэння і даверу Праваслаўнай Царквы і Касцёла! Гэта нават неабходна. Бог адзін! І Царква адзіная. Царква Любові, Надзеі, Веры… А гэта значыць, патрэбна быць блізкімі адно да аднаго, сябраваць. І гэта дасць большы плён у змаганні са злом, гэта ўзмоцніць адносіны паміж братнім хрысціянскім народам!

rakavetsСяргей Ракавец:

– 1054 год – трагічны год для хрысціянскага свету, які скончыў больш чым шасцісотгадовы працэс расколу Царквы Хрыста на Заходнюю і Усходнюю галіны. Палітычныя гульні і амбіцыі кіраўнікоў, асабістыя інтарэсы і сквапнасць – усё тое, што хрысціянства заклікана выкараніць, – прывялі да падзелу. Сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з’яўляецца важнай гістарычнай падзеяй, якая зноў дае надзею на пераадоленне ўзаемных прэтэнзій і планаванне сумесных дзеянняў па збліжэнні. У гэтым ёсць вострая неабходнасць, бо толькі разам яны змогуць супрацьстаяць пагрозам сучаснага свету, якія актыўна атакуюць хрысціянства. Ну а самае галоўнае, што хрысціяне зноў хочуць ісці адной дарогай, якую ўказаў ім Сам Езус. Дай Бог, каб гэты працэс развіваўся, распаўсюджваўся на ўсе хрысціянскія цэрквы і прывёў да поўнага адзінства братоў па веры.

tatsevichЮлія Тацэвіч:

– Як вядома, 12 лютага адбылася сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Кірыла. На спатканні двух кіраўнікоў была падпісана дэкларацыя, якая закранала шматлікія пытанні. Канешне, хочацца, каб запісы, якія там узгадваюцца, прынеслі свой плён. Але для гэтага трэба сапраўды прыкласці вялікія намаганні. Я спадзяюся, што пасля гэтай сустрэчы становішча ў многіх краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, дзе паслядоўнікі Хрыста зведваюць пераслед і знішчаюцца цэлымі сем’ямі, зменіцца да лепшага. Мы, хрысціяне, павінны аб’ядноўвацца для сведчання святла і радасці Божага Слова! Асабліва жадаю, каб сустрэча стала адным з наступных крокаў да рашэння Святога Айца прыехаць у нашу краіну, таму што беларускія вернікі вельмі чакаюць гэтага.

panamarouСяргей Панамароў:

– Хочацца звярнуць увагу на тэкст Дэкларацыі, падпісанай па выніках сустрэчы. Асабліва на сёмы тэзіс. Чакаю, каб усё пералічанае тут увасобілася ў рэальнае жыццё: шчыльнага і плённага ўзаемадзеяння каталіцкіх і праваслаўных вернікаў у справе евангелізацыі, пры распаўсюджванні хрысціянскіх каштоўнасцей, дапамозе хворым, бедным, катэхізацыі сем’яў. Сустракаў меркаванні суседкі па лесвічнай пляцоўцы, што праваслаўная вера – самая “правільная”, чытаў у Інтэрнэце на форуме, што ў праваслаўным прыходзе не прынялі запіску з просьбай памаліцца за католіка. Хацеў бы спадзявацца, што гэта адзінкавыя выпадкі і ў падобных сітуацыях найперш мусіць быць свядомасць, што падзел хрысціян на праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў – гэта гістарычная спадчына. Таму чакаю, што сустрэча Папы і Патрыярха паспрыяе разуменню ўсімі хрысціянамі, таго, пра што прасіў Езус у малітве, “каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне” (Мц. 17:21).

Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

Якіх вынікаў Вы чакаеце ад сустрэчы Папы і Патрыярха?

Спадзяюся, гэтая сустрэча прывядзе да больш блізкага дыялогу Касцёла і Праваслаўнай Царквы – 77 адказаў;
Спадзяюся, гэта паскорыць прыезд Папы ў Беларусь – 37 адказаў;
Думаю, што гэта сустрэча нічога не зменіць – 37 адказаў;
Зарана чакаць нейкага эфекту. Трэба сустракацца яшчэ –21 адказ;
Спадзяюся, гэта дапаможа вызначыць агульную дату для святкавання Вялікадня – 11 адказаў;
Спадзяюся, што імёны памерлых католікаў перастануць выкрэсліваць у царкве падчас памінальных набажэнстваў – 10 адказаў;
Іншы варыянт – 3 адказы.
Усяго адказаў – 196.

для друку для друку