Што думае ксёндз пра войска?

Не так даўно мне пазваніў адзін малады хлопец, якога ведаю з часу майго паслугавання ў адной з парафій Віцебскай дыяцэзіі. Вітаемся. “Як пажываеце, ойча?” – звычайнае пытанне, што задаюць на пачатку размовы. Я таксама запытаўся, як ідуць справы. Хлопец скончыў ВНУ, працуе, дапамагае бацькам. Усё як ва ўсіх. І далей кажа: “А мяне ваенкамат ужо шукае. Хочуць у войска забраць”. “І што ты? Хочаш ісці служыць? – пытаюся. У адказ чую: “Не, не хачу”. Ну, зразумелая справа, думаю. Не хочацца хлопцу траціць час. Ваенная муштра, магчыма, дзедаўшчына – у думках праносяцца варыянты адказу на маё наступнае пытанне.

“Дык чаму не хочаш?” – пытаюся. Адказ хлопца прыводзіць мяне ў лёгкае здзіўленне. Ён кажа: “А там Імшы няма, там нельга хадзіць у касцёл”. Мы паразмаўлялі яшчэ пэўны час, але гэты адказ маладога чалавека не дае мне спакою ўжо не адзін дзень.

Зразумела адно: у Беларусі вырасла пакаленне моладзі, якое не ўсведамляе свайго нармальнага штодзённага жыцця без малітвы і духоўнасці. Мяне як святара гэта не можа не радаваць. Тысячы маладых хлопцаў, тысячы дзяўчат у Беларусі любяць і хочуць хадзіць у касцёл. Малітва і сакраманты – гэта для іх, як ежа і пітво. Гэта частка іх саміх. І калі ў большасці сфераў грамадскага жыцця кожны грамадзянін можа заспакоіць свой духоўны голад, наведаўшы найбліжэйшы касцёл, то беларуская армія такой магчымасці католікам не дае. Калі я памыляюся, няхай мяне хто-небудзь паправіць.

На маю думку, надышоў час, калі беларускія біскупы і беларускае вышэйшае ваеннае кіраўніцтва павінны абмеркаваць пытанні духоўнай паслугі святароў сярод беларускіх салдат-католікаў. Чаму войска павінна быць ізаляцыяй ад духоўнага жыцця? Я не бачу ніякіх рацыянальных аргументаў за гэта. Каталіцкая дактрына ніяк не супраціўляецца вайсковай дактрыне. У многіх краінах існуюць вайсковыя капеланы дзеля забеспячэння духоўных патрэбаў вайскоўцаў. Чаму Беларусь тут выключэнне? Пяць святароў у Віцебскай дыяцэзіі выконваюць сваю святарскую паслугу ў турмах Оршы, Віцебска і Глыбокага, евангелізуючы сярод асуджаных, а сярод вайскоўцаў такой паслугі не адбываецца. Ці ж салдат не патрабуе духоўнай падтрымкі? Ці яму нельга абвяшчаць Божае Слова і карміць яго Хрыстовым Целам?

Усе ведаюць папулярнае выслоўе: “У здаровым целе здаровы дух”. Але я перакананы, што любы камандзір таксама выдатна ведае, што на полі бою перамагае не толькі і не столькі зброя. Перамагае моцны дух. Перамагае чалавек з высокай маральнасцю і глыбокай матывацыяй. Хтосьці можа запярэчыць, маўляў, дастаткова ў войску псіхолагаў. Не пагаджуся. Для салдат-атэістаў, калі такія ёсць, можа, і дастаткова пагутарыць з псіхолагам. Для салдата-верніка важна мець кантакт са святаром, мець магчымасць прыступіць да споведзі і прыняць Св. Камунію.

Я добра разумею, што да паўнавартасных  вайсковых капеланаў беларуская армія яшчэ не гатовая. Але даць магчымасць салдатам-католікам сустрэцца са святаром кожную нядзелю ў ваеннай частцы – гэта сёння надзвычай важна. Напэўна, тут можна знайсці выйсце, даўшы магчымасць салдатам свабодна наведваць найбліжэйшы да часткі касцёл кожную нядзелю. Існуе ж неяк армія Ізраіля, дзе салдаты наогул жывуць па хатах і ходзяць у войска, як на працу. Хаця мне асабіста больш падабаецца варыянт, калі душпастыр сам паедзе ў вайсковую частку і сустрэнецца там з католікамі.

Беларуская дзяржава патрабуе ад маладых хлопцаў вайсковай службы і мае на гэта права. Але беларускія грамадзяне згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і з Законам аб свабодзе рэлігіі маюць права на паўнавартаснае рэлігійнае жыццё. Ці не надышоў час ураўнаважыць гэтыя правы і абавязкі?

Кс. Віктар Місевіч

для друку для друку