Што дрэннага ў татуіроўках?

скачанные файлы“Хвала Хрысту! Што дрэннага ў татуіроўках?” Аляксандр.

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі:

– Пытанне пра дазвол ці забарону татуіровак у Каталіцкім Касцёле ўзнікае заўсёды, калі вернікі чытаюць тэкст св. Пісання: «Дзеля памерлага не рабіце нарэзаў на целе вашым і не наколвайце на сабе тэкстаў. Я Пан Бог ваш» (Лев. 19, 28). Сапраўды, здаецца, што св. Пісанне забараняе гэтым сказам татуіроўкі. Але давайце зазірнём у асяроддзе, якое паўплывала на з’яўленне так званага “Кодэксу святасці” – Кнігі Левіт. На сённяшні дзень пераважная большасць бібліістаў мае перакананне, што “Кодэкс святасці” паўстаў перад Вавілонскім палонам (VIII-VII стст. перад Нар. Хр.) у асяроддзі ерусалімскіх святароў. Значэнне “Кодэксу святасці” ў тым, што ён, запэўніваючы ў святасці Бога, жадае таксама святасці ад ізраільцянаў. Святасць, акрэсленая ў габрэйскім тэксце паняццем “кодэш”, азначае, між іншым, “аддзелены”. Святы – гэта аддзелены ад таго, што грэшнае, што пазначана скажэннем. Такі Бог, і такімі Ён хоча бачыць сваіх вызнаўцаў. І тут вырашальным момантам будзе мера любові, якую пазней у Новым Запавеце паўторыць Езус Хрыстус: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”.

Як сябе любіць? Гэта вельмі шырокая тэма, але згодна з 28 вершам 19 раздзела Кнігі Левіт, гэтая любоў заключаецца ў тым, што вызнаўца Бога не будзе дзеля памерлага рабіць нарэзаў на целе і не будзе наколваць на сабе тэкстаў. Чаму так і чаму святасць заклікае да аддзялення? Бо навакольныя сілы і ўплывы стараюцца адцягнуць чалавека ад гармоніі і камуніі з Усявышнім. Народы, якія жылі побач альбо нават сярод ізраільцянаў, неслі ў сабе пагрозу аддаліць ізраільцян ад жыцця ў праўдзе. Вось чаму гэтыя язычніцкія народы мелі, між іншым, скажонае ўяўленне пра ролю цела чалавека. І гэтаму служылі адлюстраванні ў наколках і татуіроўках, якія тыя ж язычнікі насілі на сваіх целах. Менавіта таму “Кодэкс святасці” забараняе ізраільцянам наследаваць гэтыя грэшныя звычаі, бо яны нясуць згубнае вучэнне пра ролю цела, і праз розныя выявы на целе аддаецца свайго кшталту даніна бажкам, пакланенне якім вядзе да дысгармоніі і немагчымасці любіць Бога і сябе, а таксама бліжняга, як сябе.

Падсумоўваючы, можна смела сцвярджаць, што татуіроўкі Касцёл не забараняе, калі мэта іх змяшчэння на сваім целе не з’яўляецца антыхрысціянскай. Таму нельга насіць татуіроўкі, калі яны змяшчаюць немаральныя, сатаністычныя ці іншыя супраціўныя праўдзе і вучэнню Касцёла выявы. Але незабарона не азначае пахвальбы: ці ж можа чалавек штосьці дадаць да Богам створанага цела? Уявіце, што Вы маеце аўтамабіль “Ферары”. Ці захочацца Вам клеіць штосьці на бампер гэтага аўтамабіля, які ўжо адной назвай будзе абуджаць захапленне? Так і чалавек: перш чым штосьці зрабіць на сваім целе, варта задумацца над вялікай годнасцю гэтага цела, якое ёсць святыняй Духа Святога (пар. 1 Кар 3,16).

для друку для друку