Што чакае тых людзей, якія займаюцца магіяй?

svechi “Што чакае тых людзей, якія займаюцца магіяй, чарамі, замовамі? Ці будуць за гэта адказныя іх родныя і будучае пакаленне? Ці могуць гэтыя людзі адбыць кару тут, на зямлі, а не пакутаваць у пекле?” Вернікі з Германавіч

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Катэхізіс Каталіцкага Касцёла адносна варажбы і магіі гаворыць: “Любыя формы варажбы павінны быць адкінутыя: спробы звяртацца да сатаны або да дэманаў, выкліканне памерлых, а таксама іншыя метады, якія нібыта “адкрываюць” будучыню. Зварот да гараскопаў, астралогія, хірамантыя, тлумачэнне прадвесцяў і лёсу, феномены празорлівасці, зварот да медыумаў – усё гэта ўтойвае ў сабе жаданне атрымаць уладу над часам, над гісторыяй і, у канчатковым рахунку, над чалавекам. Адначасова – гэта і імкненне выклікаць прыхільнасць да сябе пэўных акультных сілаў. Усе падобныя з’явы знаходзяцца ў супярэчнасці з глыбокай пашанай і павагай, злучанымі са страхам, поўнымі любові, якія належаць аднаму толькі Богу. Якое б там ні было ўжыванне магіі або чараўніцтва, з дапамогай чаго спрабуюць прыручыць акультныя сілы, каб карыстацца імі і валодаць звышнатуральнай уладай над бліжнім, хоць бы і для таго, каб даць яму здароўе, сур’ёзна супярэчыць рэлігійнай дабрадзейнасці. Такога кшталту практыка яшчэ больш заганная ў тым выпадку, калі да яе звяртаюцца з намерам нашкодзіць каму-небудзь ці калі гаворка ідзе пра ўмяшанне дэманаў. Таксама заслугоўвае асуджэння звычка насіць амулеты” (ККК 2116-2117).

Такім чынам, любыя праяўленні магіі і варажбы з’яўляюцца цяжкім грахом, які пазбаўляе чалавека асвячальнай ласкі. “Калі ён не адкуплены раскаяннем і прабачэннем Божым, то прыводзіць да выключэння з Валадарства Хрыстовага і вечнай смерці ў пекле” (ККК 1861).

“Хрыстос устанавіў сакрамант споведзі для ўсіх грэшнікаў – чальцоў Яго Касцёла, і перш за ўсё для тых, хто пасля хросту ўпаў у цяжкі грэх і такім чынам страціў ласку” (ККК 1446). Адзіны шлях да збаўлення для людзей, якія знаходзяцца ў стане цяжкага граху, – гэта раскаяцца і паспавядацца ў гэтым жыцці, бо “смерць кладзе канец чалавечаму жыццю як часу, адкрытаму для прыняцця або адкідання ласкі Божай” (ККК 1021). “Душы тых, хто памірае ў стане смяротнага граху, непасрэдна пасля смерці сыходзяць у пекла, дзе перажываюць пякельныя пакуты, “агонь вечны” (ККК 1035). Каб не пакутаваць у пекле, чалавек павінен пакаяцца ў гэтым жыцці.

Адносна адказнасці родных і наступных пакаленняў Святое Пісанне кажа: “Душа, якая грашыць, памрэ; сын не панясе віны бацькі, і бацька не панясе віны сына; праўда справядлівага пры ім і застаецца, і беззаконнасць беззаконнага пры ім застаецца” (Ез. 18, 20).

для друку для друку