Што Бог забараняе, або Як веру падмяняюць забабонамі

А вы ведалі, што на царкоўныя святы забараняецца расчэсваць валасы?

У святы, якія адзначае Каталіцкая і Праваслаўная цэрквы, у прэсе часта з’яўляецца інфармацыя пра тое, як правільна іх адзначаць. Дзівіць, што некаторыя аўтарытэтныя свецкія выданні замест таго, каб распавядаць пра сутнасць святаў, пішуць адкрытую лухту. Стужкі агрэгатараў навін раз-пораз стракацяць загалоўкамі кшталту “Што нельга рабіць на Тройцу” або нават “Што катэгарычна забараняецца рабіць на Вербніцу”, напрыклад. І ведаеце, што? Добра яшчэ, працаваць. Але пішуць нават пра тое, што забараняецца… расчэсваць валасы. Пры гэтым аўтары не распавядаюць, кім менавіта гэта забараняецца. Богам?

З аднаго боку, дзівіць, а з другога – зусім не. Бо вядома, што барацьба д’ябла за душы, сэрцы і розумы людзей не спыняецца. І гэта хітрае стварэнне змагаецца не толькі з дапамогай адкрытага зла.

Як завалодаць чалавекам веруючым, адарваць яго ад Бога? Падмяніць яго хрысціянскую веру на забабоны, на паганства, на спіс абрадаў, якія нібыта прымушае выконваць Гасподзь: гэта трэба, тое трэба, а вось гэта катэгарычна забараняецца…

Дык што ж забараняе Бог? Нічога! Бог даў чалавеку поўную свабоду і не забараняе яму нават ісці прамой дарогай у пекла. Рабіць дабро ці зло — выбар за кожным. “Любі – і рабі што хочаш”, – казаў святы Аўгустын. А што такое любіць, паказвае нам Езус Хрыстос на крыжы.

Калі любіш, то не зробіш зла. Калі любіш Бога, то не будзеш парушаць Яго запаведзі. Калі любіш бліжняга, то служыш яму і не шкадуеш нічога для яго. А супраць гэтай любові і змагаецца д’ябал – які забараняе.

Katolik.life

для друку для друку