Што азначаюць слёзы падчас малітвы?

slezy“Хвала Хрысту! Хацелася б даведацца, што азначаюць слёзы падчас малітвы?”

Ірына

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Слёзы падчас малітвы могуць азначаць эмацыянальнае ўзрушэнне. Не трэба гэтага саромецца або змагацца з гэтым. Кожны праяўляе свае эмоцыі, свае пачуцці па-рознаму. Ды і той самы чалавек у розныя моманты па-рознаму паводзіць сябе падчас малітвы: танчыць, засяроджваецца, плача…

Хрыстос перасцерагае людзей маліцца напаказ, таму калі слёзы не спалучаны з жаданнем звярнуць на сябе ўвагу, калі ўсё адбываецца спантанна, то гэта можа быць дар, праз які Бог хоча падтрымаць нас у малітве. Камусьці было б вельмі цяжка маліцца без падобнага эмацыянальнага ўздыму, такая асоба магла б расчаравацца, мяркуючы, што яна толькі бяздумна паўтарае словы.

Слёзы падчас малітвы яшчэ раз даюць нам магчымасць адчуць, што моліцца ўвесь чалавек – яго розум, цела, душа… Не варта спецыяльна імкнуцца да такога плачу. Таксама слёзы могуць быць звязаны і са смуткам за ўчынены грэх, і з адчуваннем блізкасці Бога.

для друку для друку