Шосты музычны фестываль «Цэцыліяда» адбыўся ў Смаргоні

У араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні адбыўся ўжо шосты музычны фестываль «Цэцыліяда-2016». Ён быў прысвечаны не толькі памяці св. Цэцыліі, але і нашай Нябеснай Маці. «Марыя — Міласэрная Любоў!» — менавіта гэтыя словы былі тэмай фестывалю.

Па традыцыі канцэрт распачаўся з малітвы. Як і кожны год, «Цэцыліяда» у Смаргоні збірае шмат творчых людзей, якія прагнуць падзяліцца сваімі здольнасцямі, пазнаёміцца і знайсці новых сяброў, узбагаціцца духоўна, але самае галоўнае — падзякаваць і праславіць Нябеснага Айца сваімі талентамі.

smargon_festywal1

У гэтым годзе, у адрозненні ад папярэдніх, арганізатары правялі агульны фестываль для дзяцей, моладзі і дарослых разам. Такім чынам, была добрая магчымасць бліжэй пазнаць адзін аднаго, дзецям пазнаёміцца і падзяліцца сваімі талентамі з больш дарослымі, а дарослым — з дзецьмі.

Святочны фестываль адкрыў дзіцячы парафіяльны хор пад кіраўніцтвам с. Веранікі Блізнюк FMA. Хор прадставіў спеў «З далёкай Фацімы» на пяці мовах. На сцэне з’яўляліся не толькі парафіяне, але і калектывы з усяго горада. Так, як і штогод, выступілі вучні з музычнай школы імя Клеафаса Агінскага, якія прадставілі свае творы на розных музычных інструментах. Фальклорны народны ансамбль «Гулянок» з музычнай школы чарговы раз пацешыў гледачоў сваімі гучнымі і вясёлымі творамі. Малодшыя ўдзельнікі «Савіо-клуба» паказалі цікавы танец, а старэйшыя заспявалі. «Цэцыліяда-2016» стала таксама платформай для дэбюту новага парафіяльнага моладзевага рок-гурта «Пілігрымы». Таксама можа было ўбачыць прыгожыя і разнастайныя танцы ад хлопцаў і дзяўчат, паслухаць спеў «О ксёндз Боско» ад міністрантаў. На гэтым фестывалі яшчэ адным дэбютантам стаў моладзевы хор араторыя, які прадставіў два спевы: «O happy day» і «Жыць».

smargon_festywal2

Менавіта спеў «Жыць», які быў прысвечаны веры, надзеі, любові ўзварушыў душы, стаў кульмінацыйным гімнам і «слоўкам на добрую ноч». Гэты спеў абуджае сілы, дадае адвагі і натхняе да сапраўднага жыцця.

Напрыканцы ўсе разам праз спеў «Малітва Багародзіцы» змаглі падзякаваць Пану Богу і Нябеснай Маці за любоў, бязмежную міласэрнасць і жыццё.

sdb.by

для друку для друку