«Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку

З 6 па 11 ліпеня Рада па cправах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арганізавала т.зв. «Школу нараджэння» для сужэнцаў, гінеколагаў, акушэраў і іншых зацікаўленых, мэта якой — падрыхтоўка бацькоў да натуральных родаў.

Яна прайшла ў Беларусі ўжо восьмы раз, сёлета ў Навагрудку, удзел у ёй прынялі католікі і праваслаўныя з Мiнска, Гродна, Бабруска, Гомеля, Лiда, Жодзіна, Магілёва i Баранавічаў.

Сем’і прыязджаюць на “Школу нараджэння”, каб фізічна, духоўна, інтэлектуальна і псіхалагічна падрыхтавацца да прыняцця дзяцей, а галоўнае — адкрыць Бога, які прысутнічае пры зачацці і нараджэнні чалавека.

«Школа» прапануе цыкл сустрэч, падчас якіх бацькі вучацца ўсталёўваць сувязі з зачатым дзіцём ужо з самых першых хвілін яго жыцця ва ўлонні маці, рыхтуюцца да поўнага ўдзелу ў цудзе нараджэння і вучацца правільнаму догляду нованароджанага і немаўляці.

Шмат увагі тут прысвячаецца як самому працэсу нараджэння, так і ролі бацькоў — не толькі маці, але і бацькі, бо роды — важная сямейная падзея. Кожны ўдзельнік мог адкрыць, наколькі патрэбна падтрымка мужа, якая гэта цяжкая і адказная праца і што такое натуральныя роды.

Курсы рыхтуюць перш за ўсё будучых «інструктараў», якія будуць дапамагаць маладым бацькам у падрыхтоўцы да родаў.

На працягу гэтых дзён праходзiлi сустрэчы, падчас якіх удзельнікі паглыблялi свае веды ў практыкаваннях для цяжарных, музыкатэрапіi, падрыхтоўцы да народзінаў, доглядзе нованароджанага. Заняткі праходзiлi ў цікавай і разнастайнай форме: слуханне лекцый, прагляд фільмаў і абавязкова малітва за дзяцей. Сёлета курсы праводзілі сужэнская пара і акушэр-гінеколаг з Варшавы.

«Школа нараджэння» носіць хрысціянскі характар — абапіраецца на малітву і асабістую размову з Богам. Прадметныя веды па медыцыне былі цесна звязаны з малітвай. Галоўным пунктам дня была Эўхарыстыя.

Дзякуючы добрым уражанням удзельнікаў з папярэдніх гадоў, “Школа нараджэння” — гэта працэс, які не заканчваецца пасля пяці дзён, а заахвочвае новых людзей да ўдзелу ў плануемых занятках у будучыні.

Ірына Мялешка, grodnensis.by

для друку для друку