Школа імя святога Яна Паўла II з’явілася ў Гродне

У Гродне з’явілася польская школа імя святога Папы Яна Паўла II. Школа знаходзіцца па адрасе вул. Будзёнага 48а. 16 верасня ў польскай грамадскай школе Гродна прайшлі дзве важныя падзеі: інаўгурацыя навучальнага 2017/2018 года і прысваенне школе імя вялікага паляка, святога Папы Рымскага Яна Паўла II.

— У распачатым навучальным годзе ў гэтай польскай культурна-асветніцкай установе будуць атрымліваць веды па польскай мове больш за 680 вучняў. Настаўнікі школы лічаць гэта сумесным поспехам, — паведамляецца ў сацсетках.

Урачыстасці традыцыйна распачаліся са святой імшы ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, куды вучні прыходзілі разам са сваімі роднымі і блізкімі. Таксама ў гэты дзень польскай грамадскай школе было прысвоена імя святога Яна Паўла II, і гэтая ўрачыстая хвіліна стала важнай падзеяй у жыцці школы.

Адзначым, што беларускі абласны цэнтр Гродна знаходзіцца ля мяжы з Польшчай, многія жыхары горада маюць польскія карані.

katolik.life

для друку для друку