Шэсць дзён пад зорным небам, або пра рэкалекцыі для міністрантаў з лідскай парафіі

6–11 жніўня міністранты лідскай парафіі Святой Сям`і перажывалі рэкалекцыі. У гэтым годзе яны адбыліся ў маляўнічай вёсцы Асава пры парафіі св. Юрыя, мучаніка.

Гэтыя шэсць дзён, як адзначылі хлопцы, запомняцца ім яшчэ на доўгі час. Гэтыя дні таксама запомняцца і жыхарам вёскі Асава. Многія з зацікаўленасцю глядзелі на паляўнічую кухню, намётавы гарадок, які юнакі расставілі недалёка ад касцёла. Некаторыя жыхары пыталіся, адкуль міністранты прыехалі, што тут адбываецца, ці падабаецца іх вёска і старажытная святыня. А потым прывыклі і нават прыносілі хлопцам ураджай з агарода і розныя прысмакі.

Кожны дзень пачынаўся для ўдзельнікаў рэкалекцый з супольнай малітвы і святой Імшы. На працягу дня яны маліліся Ружанец і Вяночак да Божай Міласэрнасці, разважалі над Божым Словам, удзельнічалі ў адарацыях.

Кс. Павел Скуба, які быў арганізатарам гэтых духоўных практыкаванняў, праводзіў для міністрантаў канферэнцыі, вучыў іх на сваім прыкладзе, дзяліўся сваёй верай, рабіў усё магчымае для таго, каб хлопцы маглі адкрыць сваё сэрца на Святога Духа.

Нечаканым і захапляльным сюрпрызам для юнакоў стаў прыезд кс. Андрэя Бялaблоцкaга. Святар падзяліўся сведчаннем пра сваё валанцёрства ў Бразіліі, заахвоціў міністрантаў быць адкрытымі на іншага чалавека і заўсёды маліцца за сваіх блізкіх.

Безумоўна, тыдзень на свежым паветры з прыгожымі краявідамі дазволіў хлопцам адпачыць і фізічна. Кожны дзень яны бавілі час разам, гулялі ў розныя гульні, спявалі ля вогнішча, хадзілі на рыбалку, купаліся і проста адпачывалі.

Нягледзячы на тое, што ўмовы былі зусім не хатнія (непакоілі камары, даводзілася спаць на цвёрдай зямлі), міністранты правялі гэты час весела і з карысцю. Гэтыя дні выявілі іх трываласць, павагу да іншага чалавека і жаданне дапамагчы бліжняму ў цяжкую хвіліну.

Вікторыя Бурч, grodnensis.by

для друку для друку