«Шэрых дзён не бывае…». Як пазбавіцца гневу

Як жа прабачыць сваё ўласнае жыццё, не становячыся ў пазіцыю «вечнай ахвяры» абставінаў, іншых людзей, грамадства і г.д.?

Прабачэнне — справа няпростая, справа не аднаго дня, а часам і не аднаго года. Зразумела, можна сказаць чалавеку, які нас пакрыўдзіў: «усё добра, усё ў парадку», або ў непрыемных абставінах зрабіць выгляд, што «нічога такога не адбываецца», але ўнутры мы будзем пры гэтым адчуваць зусім іншае. А пасля праз год мы без аніякай прычыны накінемся, накрычым на свайго былога крыўдзіцеля, які і думаць забыўся пра колішнюю крыўду. Гэтак часта здараецца, на жаль, у нашых адносінах з бацькамі.

У раннім дзяцінстве бацькі — абсалютны аўтарытэт для кожнага сына і дачкі, сіла, якой на ўсё хапае. І калі нядбайныя бацькі прыніжаюць сваё дзіця, яно, зразумела, гэтага не прымае, заглушае ў сабе пачуццё крыўды, бо цалкам ад іх залежнае, інакш яму не выжыць. Заціскаць у сабе незадаволенасць можна і дзесяцігоддзямі, чым далей — тым горш, і тады яна будзе сачыцца з чалавека ва ўсе бакі ў выглядзе нянавісці да іншых людзей або беспадстаўных прэтэнзій да іх.

Такім чынам, каб прыйсці да прабачэння, неабходна вучыцца не заглушаць, не заціскаць у сабе праблемы. Трэба перш за ўсё прызнаць, што яны ёсць. Як ні парадаксальна, да прабачэння мы ідзем праз абвінавачванне. Бывае вельмі цяжка прызнаць, асабліва калі гэта датычыць самых блізкіх людзей, што яны зрабілі нам вельмі балюча. Але, заглушаючы ў сабе боль, мы трапім у зачараванае кола: «усё добра, нічога не адбылося», трэба ісці далей па жыцці. Ізноў будуць праблемы ў адносінах з людзьмі, агрэсія, раздражнёнасць, прэтэнзіі да ўсяго свету, ізноў «усё добра, нічога не адбылося». І так бясконца: у нас «усё добра», а жыць немагчыма, хоць у пятлю лезь. Каб прабачыць, трэба найперш зразумець: ёсць што прабачаць.

Пасля абвінавачвання звычайна з’яўляецца гнеў. І яго трэба выплюхнуць з сябе, але не на крыўдзіцеля, бо помста — заўжды адмоўнае жаданне, палёгкі яна не прыносіць.

Гнеў — гэта нармальная рэакцыя арганізма, па сутнасці, павышэнне адрэналіну ў крыві. І каб яго панізіць, лепш за ўсё дапамагае фізічная нагрузка. Зразумела, адна трэніроўка ў спартзале праблемы не вырашыць, бо працэс прабачэння яшчэ не скончаны, але ён ужо распачаты, і наступны яго крок — гэта «гандаль».

У пэўны момант мы пачынаем думаць: «Добра, я ўжо, напэўна, гатовы прабачыць і хачу гэтага, але вось калі б толькі мой крыўдзіцель зразумеў, што я пакрыўджаны, пакаяўся, папрасіў прабачэння». Або: «Вось калі б сітуацыя паправілася, я змог бы прабачыць свае мінулыя няўдачы». Гэтага, хутчэй за ўсё, не адбудзецца. А калі і адбудзецца, чакаць гэтага мы не павінны, бо нашае прабачэнне вымагае пэўных умоваў, а гэта значыць, што яно несапраўднае. Сапраўднае прабачэнне ніколі не ставіць умоваў.

Прайшоўшы гэтыя этапы, чалавек пачынае адчуваць стомленасць, бяссільнасць, нібыта, паводле псальма, Бог усю ноч ламае яму косткі. Ён нібы здаецца і на ўсё згодны. Псіхалогія часта называе гэта дэпрэсіяй. Падобны ўпадак сілаў можа доўжыцца некалькі дзён або некалькі тыдняў, але калі пройдзеныя крокі прызнання праблемы, гневу і «гандлю», тады глыбокай дэпрэсіі не будзе, хутка пачнецца ўздым. Чалавек раптам адчуе, што ў яго з’яўляюцца сілы. Ён не жыве чаканнямі, што крыўдзіцель праявіць да яго любоў, перастае з прэтэнзіяй ставіцца да навакольнага свету. І ад гэтага становіцца значна лягчэй.

Аказваецца раптам, што крыўдзіцель — зусім не монстр, а навакольны свет — зусім не суцэльная варожая пастка, поўная несправядлівасцяў і небяспекі.

Мы пачынаем бачыць дабро і ў тым, хто нас пакрыўдзіў, і ва ўласным жыцці. І самі пачынаем узрастаць і станавіцца лепшымі. Тады будзённасць перастае нас прыгнечваць, перастае быць нечым шэрым, нецікавым, «багнаю, з якой не вылезці». Мы пачынаем валодаць сабою і ўласным жыццём, не ўзвышаючыся, а з самага нізу, з асноваў. Мы становімся самімі сабою.

Пра гэта пісаў у сваім вершы Джозэф Рэдзьярд Кіплінг (пер. Р. Барадуліна):

Калі ты сам сабой, а ўсе ў аблудзе,
Сябе згубіўшы, шлюць табе праклён,
Калі ты верыш сам сабе, а людзі
Зняверана смяюцца наўздагон;
Калі, чакаючы, не пахіснешся,
Хлуснёй хлусні не плоціш як шчадрэй
І не цвяліш нянавісць, і не пнешся
Здавацца лепшым, гаварыць мудрэй;

Калі ты не прыгонны ўласнай мары,
Калі не самамэта роздум твой,
Калі трыумфу дым і краху хмары
Сумееш не адчуць над галавой;
Калі цярпецьмеш праўду, што казаў ты,
Хоць стала пасткай ёлупням яна,
Жыцця набытак рухнуў, а назаўтра
Ўсё струмантам старым вярнуў спаўна;

Калі ты згрудзіць дужы ўсе жаданні
І рызыкнуць паставіць іх на кон,
І страціць, і ні слова шкадавання
Не выдыхнуць,
пачаўшы з тла свой плён;
Калі прымусіш сэрца і цягліцы
Яшчэ служыць табе, хаця даўно
Яны паспелі, як і ты, знасіцца,
Жаданне пратрымацца ў вас адно;

Калі з натоўпам з годнасцю гаворыш
І з каралём не траціш свой спакой,
Калі не ў страх табе ні друг, ні вораг,
Калі ўсе людзі лічацца з табой;
Калі напоўніш прагныя мінуты
Секундамі, што спешаць бег гадзін,
Тады твая Зямля і ўсе пакуты,
І — больш таго — ты Чалавек, мой сын!

ave-maria.by

для друку для друку