Штогод, на працягу ўжо многіх гадоў, выпускнікі 11 класаў сярэдніх школ г. Шчучына адпраўляюцца ў пілігрымку ў Будслаў. І гэты год не стаў выключэннем. Напярэдадні заканчэння школы, хлопцы і дзяўчаты, па традыцыі, адправіліся ў Нацыянальны Санктуарый Маці Божай у Беларусі.
За два дні, столькі доўжылася невялікая пілігрымка, яны змаглі ўбачыць мноства цікавых месцаў і храмаў.
І так, у першы дзень моладзь наведала мячэць у Іўі, пазнаёміліся з гісторыяй Гальшанскага і Крэўскага замкаў, убачылі касцёл Святых Пятра і Паўла ў Барунах, нацешыліся прыродай на Нарачы, а таксама змаглі паглядзець на прыгажосць храмаў у Трабах, Гудагаі, Гервятах і Мядзелі.
На другі дзень, па дарозе дадому, выпускнікі спачатку адправіліся ў мемарыяльны комплекс «Хатынь» і лагер смерці часоў Вялікай Айчыннай вайны «Трасцянец», а затым пабывалі ў самым старым Касцёле на тэрыторыі Беларусі — Усялюбе.
Цэнтрам паломніцтва быў, вядома ж, Санктуарый у Будславе. Там моладзь мела магчымасць звярнуцца да Будслаўскай Маці Божай, а таксама атрымала бласлаўленне на выбар далейшага жыццёвага шляху.
Дзякуючы пробашчу касцёла ў Будславе кс. Дзмітрыю і дыякану Мікалаю, маладыя пілігрымы маглі таксама ўбачыць адзін з нямногіх, так званых, Барысавых Камянёў у Беларусі.
Было б не хораша не выказаць словы ўдзячнасці ўсім тым, каго шчучынская моладзь сустрэла на сваім шляху, за іх адкрытасць і дабрыню.
Без сумневу, у кожнага ўдзельніка гэтага невялікага падарожжа засталіся незабыўныя эмоцыі ад убачанага.
Вось такім цікавым і ўражлівым атрымалася ўжо восьмая пілігрымка моладзі Шчучынскай парафіі ў Будслаў.
Анастасія Сяргей, тэкст
Людміла Казлова, фота
