Семінарысты прывялі ў парадак старыя гродзенскія могілкі

Перад урачыстасцю Усіх Святых і ўспамінам усіх памерлых вернікаў навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прынялі ўдзел у прывядзенні ў парадак старых каталіцкіх могілак горада.

Стала ўжо традыцыяй, што найстарэйшым гродзенскім некропалем апякуюцца людзі, якія належаць да розных душпастырстваў, а таксама грамадскіх арганізацый, якія дзейнічаюць у горадзе.

Мэта гэтага – захаванне памяці пра памерлых і добры ўчынак у дачыненні да заслужаных для горада асобаў, якія пахаваны на гэтых могілках.

На старых гродзенскіх могілках пахаваны прадстаўнікі розных прафесійных і сацыяльных груп насельнітва Гродна канца XVIII – першай паловы XX стагоддзя. Сярод іх таксама тыя, хто ўнёс вялікі ўклад у польскую і беларускую культуру і гісторыю.

На могілках сярод іншых пахаваны кс. Францішак Грынкевіч – каталіцкі святар, кіраўнік гродзенскага гуртка беларускай моладзі; Аляксандр Тальгейм – гродзенскі ўрач, грамадскі дзеяч, старшыня таварыства аматараў мастацтва “Муза”; Эдвард Лістоўскі – палітычны дзеяч, першы мэр Гродна ў міжваенны час; Эліза Ажэшка – пісьменніца, грамадская дзяячка.

Каталіцкія могілкі заснаваны ў 1792 годзе.

Kс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку