Семінарыстам і святарам у Беларусі далі адтэрміноўку ад войска

Студэнты праваслаўнай і каталіцкіх семінарый у Беларусі, а таксама святары ва ўзросце да 27 гадоў, атрымалі адтэрміноўку ад прызыву ў войска да лютага 2019 года.

Нагадаем, святары і студэнты вышэйшых духоўных навучальных устаноў раней не служылі ў войску па дамоўленасці з уладамі. Аднак у маі 2018 года семінарысты і святары прызыўнога ўзросту нечакана пачалі атрымліваць позвы для праходжання тэрміновай вайсковай службы.

З гэтай нагоды каталіцкія біскупы Беларусі звярнуліся да прэзідэнта краіны. Бо святароў у краіне і так не хапае, а ў выпадку прызыву студэнтаў вышэйшыя духоўныя семінарыі не змаглі б існаваць.

Позву ў ваенкамат атрымліваў і ксёндз Андрэй Багдановіч, які служыць у Гомелі — святар яшчэ не выйшаў з прызыўнога ўзросту. Калі б яго прызвалі ў армію, ва ўсім абласным цэнтры застаўся б толькі адзін каталіцкі святар.

— Катэгорыі грамадзян, да якіх адносяцца і навучэнцы духоўных навучальных устаноў, атрымліваюць адтэрміноўку ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — цытуе прэс-сакратара Мінабароны Уладзіміра Макарава Catholic.by. Паводле яго слоў, спісы з прозвішчамі тых, хто меў права на адтэрміноўку, былі ўдакладненыя і перададзеныя ў мясцовыя прызыўныя камісіі, якія і ажыццяўляюць прызыў. Усе, хто быў у спісах, атрымалі вызваленне ад прызыву.

katolik.life

для друку для друку