Семінарыя ў Гродне стала міждыяцэзіяльнай. 19 верасня тут распачаўся навучальны год

19 верасня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне распачаўся новы навучальны год. Святую Імшу з гэтай нагоды ў семінарыі цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе Catholic.by.

Іерарх прыгадаў, што ў 1990 годзе ён стаяў ля вытокаў гэтай установы, якая стала першай каталіцкай семінарыяй у Беларусі на той час. На першым курсе ў ёй вучыліся і семінарысты з Украіны, таму яна атрымала нават міжнародны статус.

«Сёлета згодна з рашэннем Апостальскага Пасаду Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне становіцца міждыяцэзіяльнай – падрыхтоўку да святарства ў ёй будуць праходзіць кандыдаты з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама з Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзій», – заўважыў Мітрапаліт.

У сваёй гаміліі іерарх паглыбіўся ў этымалогію слова «семінарыя». Паводле арцыбіскупа, яно паходзіць з лацінскага seminarium – школа маладых дрэўцаў або раслін.

Першыя семінарыі былі заснаваны пасля Трыдэнцкага Сабору (1545-1563) і сталі адным з важнейшых элементаў аднаўлення Касцёла.

Задача семінарыі – падрыхтаваць тых, якія будуць не толькі абвяшчаць Божае слова, удзяляць сакрамэнты і здзяйсняць іншыя паслугі, але і якія павінны стаць духоўнымі лідарамі людзей. Ад якасці святароў будзе залежаць і якасць служэння Касцёла.

«Святарства – пакліканне, а не прафесія»

Арцыбіскуп адзначыў, што семінарыя як месца фармацыі падобна да таго, «як дзейнічаў з апосталамі Хрыстус – яны слухалі Яго словы, якія рыхтавалі іх да перажывання Пасхальнай таямніцы і спаслання Святога Духа».

Як падкрэсліў Мітрапаліт, святарства – гэта не прафесія, а пакліканне. Тым не менш у семінарыі існуюць свае правілы і свой парадак.

«Семінарыя – месца здабывання чалавечай сталасці, каб быць здольным выконваць святарскае служэнне па прыкладзе Хрыста. Гэтаму павінна служыць паглыбленне веры і імкненне да святасці кандыдатаў да святарства.

Духоўная фармацыя паклікана паглыбляць дух Евангелля і развіваць цесную сувязь з Хрыстом», – адзначыў арцыбіскуп, прыводзячы словы св. Яна Паўла ІІ з яго Апостальскага зварота Pastores dabo vobis.

«Трэба памятаць, што больш чым паўтысячагадовы досвед існавання семінарый значна большы за наш жыццёвы. Гэты досвед трэба шанаваць і карыстацца ім», – нагадаў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што святарскае служэнне заўсёды патрабуе ад святара чалавечых якасцяў, глыбокай і жывой веры, адпаведнага ўзроўню і ўмення эфектыўнага апостальства, а «таму ўжо ў семінарыі неабходна праз усебаковую фармацыю атрымаць глыбокае разуменне Божых спраў, каб дзейнічаць in persona Christi на хвалу Бога і для збаўлення людзей».

«Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне, даверся Богу, не бойся цяжкасцяў, смела ідзі наперад і працягвай свае слаўныя традыцыі падрыхтоўкі новых працаўнікоў жніва Хрыстовага!» – заключыў Мітрапаліт Кандрусевіч.

Андрэй Юхнік, фота

для друку для друку