Папа Францішак у сваіх прамовах часта заклікае да таго, каб мы сведчылі аб сваёй веры не толькі словамі, але, у першую чаргу, праз прыклад свайго жыцця. Менавіта гэтаму вучацца семінарысты падчас наведвання дзіцячых дамоў-інтэрнатаў у розных кутках дыяцэзіі.
На мінулым тыдні клерыкі ў чарговы раз сустрэліся з дзецьмі-інвалідамі ў вёсцы Галавічполле і ўпершыню наведалі Мураванскі дом-інтэрнат, у якім адбыўся футбольны матч паміж мясцовай камандай і семінарыстамі.
Пасля спаборніцтва гасцей запрасілі на кубачак гарбаты, каб яшчэ бліжэй пазнаёміцца адзін з адным і паразмаўляць на тэмы, якія найбольш хвалююць падлеткаў.
Час, праведзены сумесна, не толькі натхніў і духоўна падмацаваў усіх прысутных, але яшчэ раз дазволіў адчуць клерыкам невымоўную асалоду ад магчымасці дзяліцца самым каштоўным у іх жыцці – досведам асабістага спаткання з бясконцай Божай любоўю ў штодзённым жыцці.
