Сем шляхоў плённага посту

http--www.look.com.ua-large-201209-737Вялікі пост — гэта асаблівы час пакаяння і аскетычных подзвігаў. Мы распачынаем барацьбу з нашымі не заўсёды добрымі прыхільнасцямі і жаданнямі, і, у рэшце рэшт, з д’яблам, які спрабуе кіраваць гэтым светам. Наша мэта — ачысціць сэрца, каб яно было здольнае ўспрыняць радасць свята Уваскрасення Госпада, Вялікадня, самага важнага свята літургічнага года.

У пэўным сэнсе Вялікі пост — гэта маленькае адлюстраванне ўсяго нашага хрысціянскага шляху, нашага імкнення да пераўтварэння, ўваскрасення ў Хрысце. І, тым не менш, пост — гэта асаблівы час, які патрабуе ад нас асаблівай дысцыпліны і сабранасці.

Мы часта распачынаем гэты час з найбольш праведных і выдатных намераў. Так хочацца перажываць яго амаль як манахі, пастаянна знаходзячыся ў посце і малітве. Проста-такі бачыш сябе айцом-пустэльнікам або бязгрэшнай паслушніцай, якія разважаюць пра Божую веліч … І нярэдка першы тыдзень Вялікага посту ўдаецца пражыць на энтузіязме і сіле волі. А потым усё больш адчуваецца звычайная чалавечая слабасць.

Вядома, кожны мае свае спосабы пераадолення спакус і датрымання прынятых пастановаў; але мы б хацелі падзяліцца тымі шляхамі, якія дапамогуць зрабіць наш пост больш плённым.

  1. Выразны план

Часцей за ўсё пост пачынаюць з добрымі намерамі, якія ўжо да другога тыдня стануць добрымі жаданнямі, а да трэцяга прыемнымі ўспамінамі. Таму трэба дакладна вызначыць, што вы будзеце рабіць. І нават запісаць свае намеры на паперы. І яшчэ адна парада: выбірайце тое, што можаце выканаць. Нярэдка мы ставім перад сабой сапраўды амбіцыйныя мэты дзеля заваявання духоўнага свету … Але лепш абраць просты і сціплы шлях паста, тыя справы, якія можна будзе выконваць штодня, каб яны ўпісаліся ў наша паўсядзённае жыццё, не руйнуючы яго.

  1. Духоўная літаратура 

Многія святыя заклікаюць нас не пакідаць духоўнага чытання. Пост — адпаведны час, каб увесці гэтую практыку ў жыццё. Чытанне Святога Пісання, твораў розных хрысціянскіх аўтараў — добрая падтрымка падчас выпрабаванняў.

  1. Праверка

Пост — гэта найлепшы час, каб уважліва прыглядзецца да свайго жыцця. Якія грахі я здзяйсняю часцей за ўсё? Ці ёсць у маім жыцці нейкія ідалы? Што перашкаджае нам усім сэрцам быць падобнымі да Хрыста? Зрабіце экзамен сумлення. Бо, у рэшце рэшт, пост — гэта не адмова ад цукерак або нейкіх задавальненняў. Гэта перш за ўсё пакаянне, адмова ад граху, і выразнае жаданне вярнуцца да Бога. Хоць «інвентарызацыя» грахоў і можа быць вельмі балючай, яна вядзе да ўмацавання адносін з Богам і большай адкрытасці на Яго любоў.

  1. Споведзь

Пасля іспыту сумлення наступным лагічным крокам павінна быць споведзь. Нагадаем пяць ўмоваў добрай споведзі:

экзамен сумлення;

чыстасардэчнае раскаянне ва ўчыненых грахах;

цвёрдае рашэнне больш не грашыць;

дакладнае вызнанне грахоў святару на споведзі;

плата за грахі (выкананне пакуты).

  1. Малітва

Калі зірнуць праўдзе ў вочы, кожны з нас мог бы знайсці ў сваім раскладзе некалькі хвілін для малітвы. І пост — найлепшы час зрабіць гэта. А Вялікі пост — адпаведны час, каб гэтыя малітвы мелі сувязь з пакаяннем і нашым навяртаннем.

  1. Вернасць 

Вышэй ужо гаварылася пра важнасць посту і малітвы. Вядома, мы павінны клапаціцца пра гэта на працягу ўсяго года, але ў Вялікі пост — асабліва. Гэта добры час, каб упарадкаваць некаторыя нашы схільнасці. Ці не варта менш бываць у Фэйсбуку, У кантакце або менш фотаздымкаў выкладваць у Інстаграм? А, магчыма, вы не можаце і дня пражыць без ачарнення аднаго з сяброў ці знаёмых? У гэты час варта прыкласці асаблівыя намаганні, каб менш пляткарыць. Так, прасцей за ўсё адмовіцца ад якіх-небудзь прадуктаў. Але значна важней адмовіцца ад тых звычак, якія аддаляюць нас ад Бога.

7. Міласціна

Вялікі Пост нагадвае нам пра крыжовую ахвяру Хрыста, акт неверагоднай шчодрасці ў дачыненні да ўсіх нас. Таму зараз варта задумацца і пра тое, наколькі мы — вучні Хрыстовыя. Што мы гатовыя ахвяраваць дзеля нашых блізкіх? Ці гатовыя мы накарміць галоднага? І апрануць голага?

Мы пачалі гэтыя разважанні з таго, што нярэдка на шляху посту хрысціян чакаюць няўдачы. Але яны не павінны быць прычынай адчаю, бо гэтыя няўдачы проста паказваюць нам нашу слабасць, такім чынам становячыся выдатнай школай пакоры.

Няхай наш пост будзе шляхам шчырага пакаяння, сапраўднага навяртання. І мы будзем на працягу ўсіх гэтых дзён памятаць пра ласкі, якія абмываюць нас, вынікаючы з прабітага Сэрца Езуса — сапраўднага сэрца Вялікага посту.

grodnensis.by

для друку для друку