Сем рэчаў, у якія католікі не вераць, а іншыя думаюць, што гэта частка іх веры

Вядома, такіх момантаў можна налічыць больш, чым толькі сем: варта толькі пагутарыць з людзьмі па-за Касцёлам, каб набраць поўны спіс таго, у што вераць… людзі па-за Царквой.

Зрэшты, часам дзіўныя моманты ў светапоглядзе тычацца таксама і саміх католікаў. Сустракаюцца шчырыя вернікі, якія без ценю сумневу сцвярджаюць: знак крыжа з’явіўся таму, што Хрыстос благаславіў хлябы, перш чым іх паламаць і раздаць натоўпу, а Ён іх менавіта перахрысціў. Бываюць людзі, шчыра ўпэўненыя, што ў Святым Пісанні так і напісана: у раніцу Уваскрэсення Марыя Магдалена прынесла Понцію Пілату яйкі, пафарбаваныя ў чырвоны колер…

Спынімся на некалькіх момантах.

1. Католікі не вераць у тое, што Папа Рымскі бязгрэшны. Каталіцкая Царква вучыць, што біскуп Рыма, Папа Рымскі не можа памыляцца, калі вучыць па справах веры і маралі, як пастыр ўсіх хрысціянаў. Гэта значыць, толькі ў выпадках, калі ён урачыста вучыць праўдам веры, ён не памыляецца. Ва ўсіх іншых рэчах ён можа памыляцца, як і кожны чалавек.

2. Католікі не пакланяюцца Багародзіцы і святым. Католікі ўшаноўваюць Багародзіцу, просяць Яе аб заступніцтве, але не пакланяюцца Ёй. Пакланенне зарэзервавана толькі Богу. Шанаваць значыць паважаць, мець прыклад, але не пакланяцца. Тое ж самае тычыцца і святых — католікі іх шануюць, але не пакланяюцца ім.

3. Католікі не вераць у выратаванне праз добрыя справы. Каталіцкая Царква вучыць, што збаўленне — незаслужаны дар Божы, які чалавек павінен верай прыняць, але гэтая вера павінна сябе праяўляць праз супрацоўніцтва чалавека з Божай ласкай, а супрацоўніцтва праяўляецца праз добрыя справы.

4. Католікі не вераць, што ўсе цэрквы, якія сябе называюць хрысціянскімі, аднолькава ратуюць. Каталіцкая Царква вучыць, што Хрыстова Царква ў сваёй паўнаце знаходзіцца менавіта ў Каталіцкім Касцёле, а таму і Каталіцкая Царква мае паўнату ўсіх сродкаў, якія патрэбныя для таго, каб атрымаць выратаванне і яго спасцігнуць. У іншых цэрквах і хрысціянскіх супольнасцях, якія не з’яўляюцца членамі Каталіцкай Царквы ў паўнаце Хрыстова Царква знаходзіцца толькі фрагментарна, няпоўна. А тым самым такія цэрквы і хрысціянскія абшчыны не маюць усіх стымулаў для спасціжэння выратавання.

5. Католікі не вераць, што ўсе веры аднолькава ратуюць. Паводле вучэння Святога Пісання, няверуючыя ў Хрыста, калі жывуць згодна са сваім сумленнем, маюць шанец выратавацца (гл. Рым. 2,13-16), але нехрысціянскія рэлігіі і вераванні з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай да зразумення выратавання.

6. Католікі не вераць, што ў споведзі безумоўна прабачаюцца грахі. Каталіцкая Царква ставіць пяць умоў для таго, каб у Сакраманце Пакаяння — Споведзі чалавек атрымаў прабачэнне грахоў: рахунак сумлення (перад споведдзю ўзгадаць свае грахі), шчыры жаль за грахі і сапраўдная пастанова паправіць сваё жыццё і пазбягаць граху (сапраўды шкадаваць за дасканалыя грахі), вызнаць усе грахі перад святаром, нічога не ўтойваючы, выканаць накладзеную пакуту (малітва, пост ці нейкая добрая справа).

7. Католікі не вераць, што прабачэнне грахоў можна купіць. У Каталіцкім Касцёле сапраўды існуюць індульгенцыі, але яны не прадаюцца. Індульгенцыі — гэта не прабачэнне грахоў, а адпушчэнне пакаранняў, якія чалавек заслужыў за свае грахі. Такое прабачэнне можна атрымаць пры ўмове, што чалавек не знаходзіцца ў стане цяжкага граху, прыступіў да святой Камуніі і адбыў пэўную набожную практыку, якая прызначаная — пэўная пілігрымка, малітва, набажэнства Крыжовага Шляху і г.д.

Паводле «Католицький оглядач»

для друку для друку