Сексуальная этыка: што можна, а чаго – не?

– Слава Иисусу Христу! Подскажите, пожалуйста, что Костёлом разрешено в интимных отношениях между мужем и женой и что запрещено? И объясните, уместна ли молитва “до” и “после” соития. В Костёле очень мало об этом говорят, а хотелось бы знать точно, чтобы не согрешить.

Анна

На пытанне адказвае айцец Аркадзь Куляха OCD, вышэйшая духоўная семінарыя імя Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Дзякуй Вам, Ганна, за пытанне, якое належыць да інтымнай сферы чалавечага жыцця і датычыць маральнага навучання Касцёла пра сексуальнасць і сужэнства. Ваша пытанне патрабуе шырэйшага разгляду, але, на жаль, немагчыма падрабязна адказаць на яго ў адным артыкуле. Тым не менш спадзяюся, што пакажу Вам дарогу для далейшых пошукаў праўды.

Касцёл абвяшчае праўду пра сужэнста

Сужэнства – гэта сакрамант любові і сувязі, якая ажыццяўляецца, калі муж і жонка разам моляцца, працуюць, размаўляюць і клапоцяцца пра ўсе сферы свайго жыцця, не выключаючы сексуальнай. Касцёл у шматлікіх дакументах і выказваннях паказвае і ахоўвае каштоўнасць сужэнства ва ўсіх яго вымярэннях. Абвешчаны 14.10.2018 года святым Папа Павел VI навучае пра чатыры характэрныя рысы сужэнскай любові. Яна – чалавечая (і пачуццёвая і духоўная), поўная, верная і плодная (Пар. Павел VI, Энцыкліка Humanae vitae, 8). Вынікае гэта з праўды, што жанчына і мужчына ў сужэнстве так цесна яднаюцца з сабою, што становяцца адным целам (пар. Род 2, 24). Неабходна тут узгадаць, што між іншым дзякуючы целу і жанчына, і мужчына выражаюць сябе як асобы. Сужэнства будуецца перадусім на ўзаемнай любові, якая мае шмат вымярэнняў і не абмяжоўваецца толькі цялеснай або пачуццёвай сферамі. Любоў у сужэнстве выражаецца і здзяйсняецца асаблівым чынам праз сужэнскі акт, які інтымна яднае сужэнцаў. Такія акты, ”здзейсненыя сапраўды па-чалавечы, становяцца праявай і падтрымкай узаемнага аддання, радасным і поўным удзячнасці ўзбагачэннем сужэнцаў” (Другі Ватыканскі Сабор, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 48).

Важным элементам каталіцкага вучэння пра сужэнства з’яўляецца прапаведаванне роўнасці, годнасці сужэнцаў, а таксама фізічнай і духоўнай вернасці ў шчасці і няшчасці (Пар. Тамсама). Менавіта вернасць, узаемная пашана і падтрымка на працягу ўсяго сумеснага жыцця дзякуючы ласцы сакраманту дапамагае сужэнцам неперарыўна кахаць адно аднаго, нягледзячы на розныя акалічнасці.

Паколькі сужэнства ёсць дарам Божага Провіду, то неабходна памятаць і пра яго духоўнае вымярэнне і аднясенне да Бога. Сужэнцы праз малітву, удзел у сакрамантальным жыцці Касцёла, літургіі і набажэнствах набліжаюцца да Бога, а таксама да сябе. Нельга забываць і пра цноту памяркоўнасці, устрыманасці і ахвярнасці, якая часам патрабуе самаадрачэння ды прыняцця другога боку з яго кандыцыяй як фізічнай, так маральнай і духоўнай.

Сексуальнае з’яднанне – вяршыня сужэнскай любові

Святы Ян Павел ІІ навучае, што сужэнцы пакліканы Богам да пастаяннага ўзрастання ў камуніі праз штодзённую вернасць абяцанню ўзаемнага поўнага дару саміх сябе (Пар. Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 19). Касцёл часта кажа пра з’яднанне сужэнцаў, знакам чаго ёсць сексуальны акт. Паводле Папы Францішка, сексуальнае з’яднанне ў сужэнстве – гэта дарога ўзрастання ў жыцці ласкаю (Пар. Францішак, Апостальская адгартацыя Amoris laetitia, 74). Тэалогія сужэнскага жыцця прызнае, што розныя формы кахання, блізасці, праяўленні чуласці ці пяшчоты не маюць такой сілы, як сам сужэнскі акт. Трэба, аднак, памятаць, што сексуальнасць – гэта багацце, якое нельга разглядаць у катэгорыі ўзнагароды ці забавы, але як міжасабовую мову, дзе другая асоба ўспрымаецца сур’ёзна, з яе святарнаю і недатыкальнаю каштоўнасцю (Пар. Тамсама, 151).

Многім людзям здаецца, што каталіцкая сексуальная этыка вельмі складаная, патрабавальная, зведзеная да наказаў, абмежаванняў ды забаронаў, а такім чынам немагчымая для захавання. Падобнае ўспрыманне каталіцкай дактрыны ў вялікай ступені звязана з ігнаранцыяй наконт навучання Касцёла, хоць нельга забываць таксама пра адмоўны ўплыў сучасных ліберальных ідэалогій і тэндэнцый.

Бадай, найбольш распаўсю-джанае меркаванне, што паводле каталіцкай этыкі сужэнскі акт мае служыць выключна зачаццю і нараджэнню дзяцей. Касцёл жа навучае, што сужэнцы павінны быць адкрытыя на пракрэацыю, што не азначае абмежавання сексуальнага акту толькі да нараджэння дзяцей. Каталіцкія сужэнцы дзякуючы сексуальнаму акту будуюць сувязь паміж сабою, час ад часу плануючы прыняцце дару новага жыцця. Такім чынам, мы разумеем, што секс у сужэнстве служыць развіццю любові і з’яднанню мужа і жонкі.

Бог прысутны ў сужэнстве

Касцёл у сваім маральным навучанні пра сужэнства абапіраецца на натуральны закон, Аб’яўленні і Традыцыі. Заўсёды трэба памятаць, што адносіны паміж мужчынам і жанчынай укаранёныя ў найглыбейшай сутнасці чалавека, і іх можна зразумець толькі тады, калі прымаецца гэтая праўда (Пар. Бэнэдыкт XVI, Прамова “Famiglia e Comunità cristiana: formazione della persona e trasmissione della fede”). Менавіта аналізуючы натуральны закон, запісаны ў чалавечай асобе, Касцёл адкрывае праўду пра маральнасць адносін у сужэнстве, якая даволі нескладаная. Трэба памятаць, што ў сужэнстве мужчына і жанчына сустракаюцца з сабою ва ўсёй праўдзе сваёй натуры, якую неабходна прыняць і шанаваць. Маецца на ўвазе праўда пра цела, псіхіку і духоўнасць. Сужэнцы пакліканыя прыняць гэтую праўду, згадзіцца з мудрасцю Бога адносна сябе. У гэтую сферу ўваходзіць прыняцце ўсёй гармоніі чалавечай асобы, у тым ліку цыклу жаночага арганізма, гарманальнага фону, псіхіку, рэакцый, паводзін, перажыванняў і г.д. Прыняцце праўды пра жанчыну і мужчыну вядзе да гатоўнасці “вучыцца адно ў аднаго” і яднацца ва ўсіх вымярэннях сужэнскага саюзу з захаваннем натуральнай праўды пра сябе. Іншымі словамі, падтрымка другой асобы ў сексуальнай сферы – гэта прыняцце анатоміі, фізіялогіі цела і пашана да яе.

Са сказанага вышэй вынікае, напрыклад, устрыманне ад сужэнскага акту ў перыяд плоднасці жанчыны, хоць існуе штучны спосаб “абысці прыроду” і карыстацца прэзерватывам “без пагрозы” зачаць новае жыццё. З павагі да ўстаноўленага парадку жанчына не карыстаецца супрацьзачаткавымі таблеткамі, каб змяніць гармонію цела.

Хтосьці можа сказаць, што гэта складана, асабліва для мужчыны, аднак мы ведаем, што сапраўдная любоў здольная на ўсё: калі муж кахае сваю жонку, то прымае яе такой, якая яна ёсць, улічваючы таксама атрыбуты яе асаблівасці ў сексуальным вымярэнні. Пазбягаць грахоў дапаможа разважанне пра цела і Божую волю, а таксама пра прысутнасць Бога ў сужэнскай еднасці.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (даступны ў інтэрнэце на рускай мове) у нумарах 2351 – 2356 апісвае грахі супраць чыстасці, якія могуць здарыцца і ў сужэнстве: пажаднасць, мастурбацыю, разбэшчанасць, парнаграфію, прастытуцыю і згвалтаванне. Варта прачытаць таксама навучанне Катэхізіса пра сужэнскую любоў, якое распачынаецца ў нумары 2360.

Айцец Ксаверый Кнотц, аўтар публікацый пра каталіцкую сексуальную этыку, прыпамінае пра тры алтары сустрэч сужэнцаў: Эўхарыстыя, стол для сілкавання і сужэнскае ложа. Бог прысутны ва ўсіх пералічаных формах сустрэчы, таму малітва, пра якую пытае Ганна, можа быць вельмі вялікай дапамогай, канешне, у залежнасці ад духоўнай сталасці і падрыхтаванасці сужэнцаў. Існуюць сужэнскія малітоўнікі, у якіх змешчаны просьбы пра добры секс, напрыклад, выдадзены ў Лондане “Prayer Book for Spouses”. Прыклад малітвы перад сужэнскім актам знаходзім таксама ў Святым Пісанні ў 8 раздзеле Кнігі Тобія.

Адказнасць касцельнай супольнасці

Ганна заўважае, што пра сужэнскую сексуальную этыку мала кажуць у касцёлах, няшмат таксама каталіцкай літаратуры на гэтую тэму, маюцца, напэўна, на ўвазе публікацыі на беларускай ці рускай мовах. Вернікі маюць права звяртацца да сваіх душпастыраў не толькі з просьбай, але і з прапановамі тэмаў ці праблем, на якіх варта або неабходна засяродзіць увагу вернікаў. У Беларусі ёсць Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў, дзейнічаюць школы сямейнага жыцця, дарадчыкі сямейнага жыцця, сямейныя кансультанты, праводзяцца розныя душпастырскія акцыі з мэтаю дапамагчы сужэнцам. Аднак, магчыма, гэтыя ініцыятывы не ахопліваюць усе парафіі краіны. Тым не менш заўсёды ёсць мажлівасць задаць пытанне святару, які павінен быць кампетэнтным у маральнай тэалогіі.

Разумею, што хтосьці можа саромецца задаваць пытанні пра інтымную сферу святару ў сваёй парафіі. У такім выпадку, калі “нязручнасць” значная, варта шукаць дапамогі ў суседняй парафіі. Важна заўсёды шукаць адказу на пытанні, якія хвалююць. Праяўленнем любові да бліжняга будзе дзяленне здабытымі ведамі і вопытам з іншымі людзьмі, каб дапамагчы братам і сёстрам супольнасці Касцёла больш свядома перажываць веру.

Пры нагодзе варта нагадаць пра канфесіянал, які з’яўляеццца адпаведнай прасторай для вырашэння маральных праблем. Можа здарыцца так, што святар, якому мы спавядаемся або з якім размаўляем, адразу не зможа адказаць на некаторыя асабліва складаныя пытанні. У такім выпадку трэба прасіць, каб ён да наступнай споведзі ці размовы падрыхтаваў аналіз каталіцкага падыходу да праблемы.

Спадзяюся, што гэты агульны адказ для многіх вернікаў стане імпульсам для далейшых разважанняў у пытаннях малітвы ў інтэнцыі сужэнстваў у нашай краіне, каб яны былі моцнымі, трывалымі, вернымі, а перадусім з’яднанымі з Богам, Які ёсць Любоў.

Падтрымліваю ў малітве і прашу шаноўных чытачоў маліцца за мяне і семінарыю ў Пінску!

для друку для друку