СДМ: афіцыйная праграма візіту Святога Айца

papa_sdmПадчас візіту ў Польшчу Папу Францішка чакаюць адзінаццаць прамоў і некалькі пералётаў. Гэта стала вядома з апублікаванай 9 чэрвеня 2016 г. афіцыйнай праграмы яго Апостальскага падарожжа, цэнтральнай падзеяй якога стануць Сусветныя дні моладзі, паведамляе Ватыканскае радыё.

27 ліпеня — Пантыфік прыляціць у аэрапорт Кракава. На тэрыторыі Вавельскага замка – старажытнай рэзідэнцый польскіх каралёў, пройдзе яго сустрэча з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Затым Папа здзейніць візіт ветлівасці да Прэзідэнта Польскай Рэспублікі і сустрэнецца з мясцовым епіскапатам у кракаўскай катэдры.

28 ліпеня — Пантыфік вылеціць на верталёце ў Чэнстахову, дзе ў марыйным санктуарыі ўзначаліць Эўхарыстыю. Пасля вяртання ў Кракаў, адбудзецца яго першая прывітальная сустрэча з моладдзю. Яна пройдзе на Кракаўскіх лугах.

29 ліпеня — запланаваны візіт Святога Айца ў былы канцэнтрацыйны лагер “Аўшвіц-Біркенаў”, куды ён накіруецца на верталёце. Пасля вяртання запланавана яго сустрэча з пацыентамі і супрацоўнікамі ўніверсітэцкай педыятрычнай клінікі Кракава. Вечарам Пантыфік прыме ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху на Кракаўскіх лугах, у рамках Сусветных дзён моладзі.

30 ліпеня — Святы Айцец правядзе ў Кракаве. Спачатку ён накіруецца ў санктуарый Божай Міласэрнасці, дзе паспавядае юнакоў і дзяўчат, а затым, у санктуарыі св. Яна Паўла ІІ, дзе ўзначаліць Эўхарыстыю з удзелам польскіх святароў, кансэкраваных асоб і семінарыстаў. Пасля яе Францішак паабедае з моладдзю ў сядзібе Кракаўскага арцыбіскупа. Вечарам ён прыбудзе на Поле міласэрнасці – месца правядзення кульмінацыйных падзей Сусветных дзён моладзі. Тут Папа пройдзе праз Святыя дзверы і прыме ўдзел у вігілійным малітоўным чуванні.

31 ліпеня — у апошні дзень свайго знаходжання ў Польшчы Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю на заканчэнне Сусветных дзён і сустрэнецца з валанцёрамі і дабрачынцамі, якія дапамаглі ў арганізацыі форуму. Пасля гэтага ён накіруецца ў аэрапорт, адкуль вылеціць у Рым.

для друку для друку