Самыя значныя падзеі ў Віцебскай дыяцэзіі за 2016 год

З нагоды заканчэння 2016 года, мы хочам яшчэ раз нагадаць вам самыя значныя падзеі, якія адбыліся ў Віцебскай дыяцэзіі.

Айцец Чэслаў Курэчка атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне»

12 студзеня 2016 года ў Палацы Рэспублікі ў Мінску адбылася цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Сярод 15 лаўрэатаў быў і каталіцкі святар з Віцебскай дыяцэзіі. За захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, а таксама за актыўную духоўна-асветніцкую дзейнасць прэмію «За духоўнае адраджэнне» Аляксандр Лукашэнка ўручыў пробашчу касцёла Святой Тройцы ў вёсцы Росіца, айцу Чэславу Курэчке МІС.

Біскуп Алег Буткевіч асвяціў крыж пад будаўніцтва новага касцёла ў Паставах

У пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага 23 красавіка біскуп Алег Буткевіч асвяціў крыж, які размешчы на зямлі, адведзенай пад будаўніцтва новага касцёла.

У Дуброўне ўрачыста адкрыты касцёл

Падзея адбылася 26 красавіка падчас дыяцэзіяльнай сустрэчы святараў і кансэкраваных асоб з біскупам Алегам Буткевічам.

У Росіцы прайшло свята буслоў

Мерапрыемства адбылося 30 красавіка пад назвай “Зямля пад беламі крыламі”. Ідэя гэтага свята належыць айцу Чэславу Курэчку МІС, які ўжо восем гадоў служыць у Росіцы. Ён быў і асноўным арганізатарам свята. Дапамагалі яму ў гэтым парафіяне, супрацоўнікі Дома культуры з суседняй Сар’і, святары, проста неабыякавыя людзі.

800-годдзе дамініканскага ордэну адзначылі ў Віцебску

20 мая ў Віцебску адбыўся канцэрт гурта “TALITHA KUM” прысвечаны да 800-годдзя заснавання дамініканскага ордэну. Хто ж такія дамінікане? Жартам іх называюць “людзі ў белым”. Кожны, хто прыйшоў, мог убачыць і пазнаёміцца з гэтымі цікавымі людзьмі.

Біскуп Алег Буткевіч прызначыў новага канцлера Віцебскай дыяцэзіі

Біскуп Алег Буткевіч 15 чэрвеня 2016 года прызначыў канцлерам Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктара Місевіча, галоўнага рэдактара “Каталіцкага Весніка”.

Другая парафіяда для дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі прайшла ў Оршы

З 9 па 11 жніўня ў Оршы прайшла парафіяда для дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі.  У ёй прымаюць удзел хлопцы і дзяўчаты з Лучая, Глыбокага, Паставаў і Пагошчы. Пераможцы адправяцца на міжнародную парафіяду 2017 у Варшаву, а пасля іх чакаў двухтыднёвы адпачынак на моры.

У Браславе адбыўся фэст у гонар Маці Божай Валадаркі азёраў

Сёлетнія ўрачыстасці прайшлі 19 – 20 жніўня. На свяце прысутнічалі не толькі вернікі Віцебскай дыяцэзіі, алеі з іншых гарадоў і вёсак нашай краіны. Былі нават госці з-за мяжы.

Нацыянальная пілігрымка сем’яў прайшла ў Браславе

10-11 верасня ў Браславе прайшла X Нацыянальная пілігрымка сем’яў на тэму “Прабачэнне і прымірэнне ў сям’і”. Арганізатарам з’яўляецца Рада па справах сем’яў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Пілігрымка праходзіць раз на год у розных дыяцэзіях краіны. У браслаўскай святыні гэта ўжо другая нацыянальная сустрэча сем’яў.

Віцебская дыяцэзія далучылася да Апостальства дапамогі душам чыстцовым

Падчас пастырскай сустрэчы для духавенства і кансэкраваных асобаў, якая адбылася 27 верасня ў Мёрах, стала вядома, што ў Віцебскай дыяцэзіі распачынае дзейнасць рух Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ).

У Шуміліне адзначылі 99-я ўгодкі заканчэння фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай

На ўрачыстасць прыбылі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары, сёстры законныя, пілігрымы з Віцебска, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, іншых месцаў, а таксама вернікі з Шуміліна.

Новы экзарцыст прызначаны ў Віцебскай дыяцэзіі

Падчас пастырскай сустрэчы духавенства Віцебскай дыяцэзіі, якая прайшла ў Глыбокім 25 кастрычніка, дыяцэзіяльны канцлер кс. Віктар Місевіч аб’явіў аб дэкрэце біскупа Алега Буткевіча ад 13 кастрычніка 2016 года аб прызначэнні трэцяга экзарцыста ў Віцебскай дыяцэзіі.

Браму Міласэрнасці зачынілі ў віцебскай катэдры

«Брамай Міласэрнасці для нас застаецца Езус Хрыстус», — нагадаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 13 лістапада падчас святой Імшы ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску на заканчэнне Надзвычайнага Года Міласэрнасці. У гэты дзень ва ўсіх юбілейных святынях Беларусі праходзіла закрыццё Святых Дзвярэй — Брамаў Міласэрнасці, якія былі адчынены на пачатку Юбілейнага Года.

Падрыхтавала Марына Ткач

для друку для друку