Самыя цікавыя артыкулы Весніка за 2016 год

Самыя цікавыя артыкулы “Каталіцкага Весніка” за 2016 год мы выбралі з улікам колькасці праглядаў артыкулаў карыстальнікамі партала CatholicNews.by:

5 самых распаўсюджаных памылак падчас споведзі

Вельмі лёгка зрабіць памылку падчас споведзі або падрыхтоўкі да гэтага сакраманту. Аб пяці самых «папулярных» распавядае а. Дарыюш Пюркоўскі SJ.

У Дзеркаўшчынскай парафіі адбыліся святыя Місіі

Місіі праходзілі з 1 па 8 мая 2016 года і праводзілі іх айцы-рэдэмптарысты з Гродзенскай дыяцэзіі Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.

Трэба адзначыць, што апошні раз святыя Місіі былі ў Дзеркаўшчыне ў далёкім 1938 годзе, таму для ўсіх вернікаў парафіі гэта быў перыяд асаблівай Божай ласкі. Падчас Місій адбываецца аднаўленне веры ў парафіі, вернікі яшчэ больш навяртаюцца да Пана Бога.

Росіцкі святар з нагоды 8 Сакавіка падарыў сваім парафіянкам цюльпаны, якія сам вырасціў

Вёску Росіца ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці штораз больш наведваюць турысты і пілігрымы з розных мясцін Беларусі. Прычынай гэтаму – асаблівы статус санктуарыя Росіцкай святыні, якая памятае пакутніцкую смерць людзей у гады Другой Сусветнай вайны. Але вабіць Росіца наведвальнікаў і па іншай прычыне. Тут працуе айцец Чэслаў Курэчка МІС, які сваёй працай і любоўю да кветак стварыў з касцельнага наваколля суцэльную прыгажосць.

Рэдакцыя “Каталіцкага Весніка” выбралася ў госці да айца Чэслава па яго асабістым запрашэнні. Нагода адметная: заквітнелі цюльпаны.

Кс. Тадэвуш Вышынскі адзначае 60 гадоў святарства. Эксклюзіўнае інтэрв’ю для “Каталіцкага Весніка”

Ксёндз Тадэвуш Вышынскі нарадзіўся ў 1930 годзе, святарскія пасвячэнні атрымаў у 1956 г. З 1992 па 2016 гг. працаваў у Гродзенскай дыяцэзіі. На працягу ўсіх гэтых гадоў выкладаў дагматычную тэалогію і спевы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Удзельнічаў у сходах дыяцэзіі і мітраполіі, на якіх рыхтуюцца навуковыя і душпастырскія дапаможнікі, літургічныя кнігі.

Размову з юбілярам пра сям’ю і дзяцінства, пакліканне і манаства, пра рэлігійнасць беларускага грамадства ў 90-я і сёння, пра музыку і малітоўнікі, пра беларускую мову і перакладчыцкую дзейнасць, пра маладых святароў і сучасныя пагрозы чытайце ў інтэрв’ю.

23 снежня 2016 года кс. Тадэвуш трагічна загінуў у аўтамабільнай аварыі ў Гродне. Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Росіцкія ўрачыстасці штогод збіраюць усё больш пілігрымаў

З кожным годам усё больш пілігрымаў прыязджае ў вёску Росіца, каб ушанаваць памяць блаславёных айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

20 лютага росіцкі касцёл быў запоўнены не толькі мясцовымі вернікамі, а і пілігрымамі з Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і нават Брэсцкай абласцей. Брэсцкія пілігрымы праехалі адлегласць больш за 600 кіламетраў. Упершыню ў Росіцы сабралася так шмат духавенства, бо адбылася яшчэ сустрэча святароў і законных сясцёр Віцебскай дыяцэзіі з біскупам Алегам Буткевічам.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: “Хацелася б пачуць ад спадарыні Алексіевіч канкрэтныя факты”

Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры спадарыня Святлана Алексіевіч на сустрэчы з чытачамі ў Брукліне заявіла, што падчас ІІ Сусветнай вайны ксяндзы ў Польшчы наўпрост на службах казалі: “Забі яўрэя!” І што палякі горш за ўсіх ставіліся да яўрэяў.

“Каталіцкі Веснік” звярнуўся па каментарый да дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, які паходзіць з Гродзеншчыны, дзе традыцыйна пражывае вялікая колькасць палякаў і святароў з польскімі каранямі.

Что делать человеку, на которого наложено проклятие?

На адрес редакции в рубрику «Вопрос священнику» пришло письмо от верующих из Германович с вопросом «Что делать человеку, на которого наложено проклятие, к кому ему обращаться? Является ли причиной действия магии на человека наша неискренняя вера в Бога?»

Ответ ксендза Олега Петрашко можно прочитать здесь.

Разважанні ад айцоў марыянаў на штодзень

У сувязі са святкаваннем 500-годдзя беларускай Бібліі айцы марыяне запрашаюць да штодзённага разважання літургічных чытанняў.

Кожны дзень на нашым сайце з’яўляецца каментарый да Божага слова, падрыхтаваны праз кангрэгацыю айцоў марыянаў. Запрашаем карыстацца духоўным пасілкам!

Італьянскі цуд паўтарыўся зноў у Вялікую Пятніцу

На калючцы з цярновага вянка з’яўляюцца кроплі крыві кожны раз, калі Вялікая Пятніца прыпадае на 25 сакавіка, урачыстасць Звеставання Пана. Так адбылося і ў гэтым годзе. Калючка захоўваецца ў рэліквіярыі ў катэдральным саборы ў Андрыі (Італія) з 1308 года. Цуд назіраюць з 1633 года.

Падрыхтавала Марына Сінкевіч

для друку для друку