Салезіянская моладзь Беларусі наведала Мюнхен

Сустрэчы салезіянскай моладзі Беларусі і Германіі, якія адбываліся некалькі год таму, аднавіліся. 3 31 ліпеня па 12 жніўня шаснаццаць маладых людзей з Беларусі былі запрошаны ў Мюнхен для ўдзелу ў летнім лагеры, які меў адукацыйны характар, паведамляе sdb.by.

Арганізатарамі былі кс. Віктар Гайдукевіч SDB (Беларусь), кс. Альфонс Фрыдрых SDB (Германія), настаўніца Марціна Райдэр (Германія), нямецкія медыяльныя агенцтвы St. Michael Verbund і Don Bosco Media. Яны прапанавалі моладзі адукацыйны праект на тэму «Грамадзянская мужнасць».

Маладыя людзі атрымалі тэарэтычныя веды. Грамадзянская мужнасць базіруецца на каштоўнасцях, якія закладаюцца ў асобе з дзяцінства. Крыніцай гэтых каштоўнасцей становіцца сям’я, вера, блізкія людзі, прыклад знакамітых асоб і г.д. Усведамляючы вартасць гэтых каштоўнасцей, чалавек рэалізуе і абараняе іх у асабістым і грамадскім жыцці. Этапы рэалізацыі гэтага працэсу праходзяць ад усведамлення да дзеяння ў канкрэтнай сітуацыі: спачатку чалавек бачыць сітуацыю (заўважае патрэбу), потым ацэньвае, як і з кім можа дзейнічаць, прымае рашэнне і дзейнічае. Размаўляючы пра каштоўнасці, маладыя людзі закранулі таксама і знакамітую піраміду Маслоў.

Затым моладзь наведала месцы Мюнхена, якія звязаны з тэмай праекту. Гэта і непасрэдна месца прабывання Salesianum (цэлы комплекс, у якім ёсць і араторый, і інтэрнат, і дзіцячы садок…). На сённяшні дзень, апроч іншага, тут дапамагаюць бежанцам. Потым прайшліся па месцах дзеяння антынацысцкай арганізацыі «Белая Ружа», даведаліся пра нашага сучасніка Дамініка Брунэра, які цаной свайго жыцця абараніў дзяцей ад здзекаў падлеткаў. Наведалі музей BMW — кампанія выпусціла рад электрамабіляў, якія можна набыць, альбо арандаваць, такім чынам праяўляецца клопат кампаніі пра наваколле. Усё гэта прыклады актыўнай грамадзянскай пазіцыі альбо грамадзянскай мужнасці. Рэалізацыя такой пазіцыі магчыма як у вялікіх гучных учынках, так і ў штодзённасці. На заканчэнне працы маладыя людзі атрымалі заданне зняць невялікія відэаролікі, якія б раскрывалі дадзеную тэму. Таксама быў час на духоўны і культурны адпачынак.

Уся больш падрабязная інфармацыя па рэалізацыі дадзенага праекту знаходзіцца на старонках парталу sdb.by/news, у сацыяльных сетках пад хэштэгам #SDBsommercampus.

У будучым плануецца прадоўжыць супрацоўніцтва паміж салезіянскімі супольнасцямі Беларусі і Германіі. У 2018 годзе беларуская моладзь зноў наведае Мюнхен, а ў 2019 — чакаем нямецкіх гасцей у Беларусі.

для друку для друку