Сайт беларускага брэвіярыя і мабільны дадатак “Малітоўнік”: інтэрв’ю з айцом Андрэем Сідаровічам і валанцёрамі

2 снежня распачаў працу сайт беларускага брэвіярыя lh.catholic.by, а ў мабільны дадатак “Малітоўнік”, які пад кіраўніцтвам айца Андрэя Сідаровіча МІС у 2015 годзе стварылі вернікі з Мінска Цігран Саркісян, Арцём Баёк і Яўген Карачынскі, была дададзена Літургія гадзінаў па-беларуску.

“Каталіцкі Веснік” паразмаўляў з айцом Андрэем і камандай валанцёраў, якія займаліся размяшчэннем брэвіярыя ў лічбавай прасторы.

Каманда валанцёраў разам з а. Андрэем Сідаровічам (трэці злева)

– Айцец Андрэй, раскажыце, калі ласка, пра ідэю стварэння праекта “Лічбавы фармат Літургіі гадзінаў на беларускай мове”?

– У нашым дадатку “Малітоўнік” амаль ад пачатку быў брэвіярый на рускай мове. Марай сталася зрабіць беларускую версію. Вядома, што яшчэ некалькі гадоў таму не было нават папяровай версіі, таму планы заставаліся планамі. Аднойчы я выпадкова пацікавіўся ў айца Алега Шэнды OFMCap, ці робіцца штосьці ў гэтым напрамку. Са здзіўленнем пачуў, што так! Мая рэакцыя была наступнай: “Без нас!?” Далей хуткая дамоўленасць з камандай пра супрацоўніцтва і ліст ксяндзу Яну Крэмісу, перамовы, падпісанне дамовы айцоў-марыянаў з Канферэнцыяй Біскупаў і, безумоўна, праца!

Айцец Андрэй Сідаровіч

– Вы з’яўляецеся адным з каардынатараў гэтага праекта. У чым заключалася Ваша асноўная праца?

 – Мая задача – падзяліць тэксты з кожнага тома на фрагменты і паставіць нумары, згрупаваць у асобныя файлы, запоўніць выніковую табліцу так, каб сайт аўтаматычна адлюстроўваў малітвы на ўвесь дзень. Тут таксама варта сказаць пра тых, хто на папярэдніх этапах працаваў над брэвіярыем. Гэта гады працы “Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ” на чале з кс. Янам Крэмісам. Таксама вялікія намаганні прыклалі браты-капуцыны ў справе выдання друкаванай версіі.

– Колькі часу пайшло на тое, каб стварыць электронны брэвіярый?

– Ад моманту падпісання дамовы прайшло сем месяцаў, а самая інтэнсіўная праца трывала чатыры месяцы. Спадзяваліся, што справімся крыху раней. А паколькі мы каманда валанцёраў, то трэба ўлічваць тое, што жыццё ўносіць свае карэктывы: змена працы, нараджэнне дзіцяці, хвароба і іншае. Праца над электроннай версіяй працягваецца, бо аб’ём тэкстаў вялікі. Таму  наступны год будзем занятыя якраз гэтым. Можа, толькі інтэнсіўнасць будзе меншая, чым перад запускам праекта.

– Распавядзіце крыху пра Вашую каманду.

– Мы – сапраўды каманда! І не пабаюся сказаць “Дрым-цім” – “Каманда мары”. Я ганаруся маімі хлопцамі і дзяўчатамі. Мы патрэбныя адно аднаму для рэалізацыі такіх складаных праектаў, як “Малітоўнік” і электронны брэвіярый. У нашай камандзе два айцішнікі – Цігран і Арцём. Цігран Саркісян – распрацоўшчык дадатку, тэхнічна яго абслугоўвае. Яго заслугай з’яўляецца раздзел “Біблія”, якому ён прысвяціў неймаверную колькасць часу. Арцём Баёк – аналітык і адмысловец па табліцах. Гэта дазваляе нам смела брацца за складаныя працы, дзе ёсць зменныя тэксты на кожны дзень. Таксама ён стваральнік усіх інтэрнэт-старонак, з якіх мы спампоўваем у дадатак матэрыялы. Старонка брэвіярыя – гэта яго праца.

Вольга Жвірко правярае ўсе тэксты, якія публікуем. Без яе руплівасці і ахвярнасці не было б праекта “500-годдзе беларускай Бібліі. Святкуй разам з марыянамі”. Дарэчы, тэксты разважанняў штодзённа былі даступныя на сайце catholicnews.by. Таксама з ініцыятывы Вольгі мы прысутнічаем у сацсетках.

Маргарыта Гедзюн і Юліяна Самакар – на гэтых дзяўчат лёг цяжар апрацоўкі тэкстаў для электроннай версіі. Каб было зразумела, я высылаю падрыхтаваныя файлы ў фармаце Word, а ім трэба зрабіць тэкст адпаведным для сайта. Гэта няпростая працэдура патрабуе пільнасці і часу.

Айцец Павел Федаровіч

Айцец Павел Федаровіч MIC – духоўны апякун каманды пасля майго пераезду з Мінска ў Росіцу. У мінулым годзе ён ахвярна пісаў разважанні на кожны дзень. У праекце электронны брэвіярый ён з’яўляецца маім супервайзерам, кантралёрамJ. Гэта значыць, перад публікацыяй тэкстаў у электроннай форме звярае змест з кніжнай версіяй.

– Ці плануецца ствараць іншы электронны хрысціянскі праект на беларускай мове ў будучым?

– Наш асноўны праект – гэта дадатак “Малітоўнік”. Мы прасілі тэксты брэвіярыя менавіта для “Малітоўніка”. Нават сайт lh.catholic.by – гэта пабочны эфект, дадатковы прадукт. Кожны год мы дадаём штосьці новае, унікальнае. Наступны год – гэта далейшая праца над брэвіярыем. Распачаўся другі год праекта штодзённых разважанняў да чытанняў дня. Дарэчы, дзякуй братам-капуцынам, якія сёлета пасля марыянаў працягваюць пісаць разважанні. Рабіць больш і хутчэй не дазваляе фармат: мы – каманда энтузіястаў, ўсё, што рабілі, – за бясплатна. Гэта прыгожая ідэя – быць валанцёрам. Але яна таксама ў нечым абмяжоўвае рэалізацыю розных задумак. Напрыклад, наш Арцём ужо двойчы тата! Мы не можам яго забраць у жонкі і дзяцей (усміхаецца)!

Каманда валанцёраў пра сваю дзейнасць

Цігран Саркісян, распрацоўшчык дадатку “Малітоўнік:

– Мабільны дадатак пачалі распрацоўваць больш за два гады таму. Спачатку з малітваў, якія бралі з сайта catholic.by. Потым дадалі чытанне дня. На той момант таксама бралі з сайта. Але потым перарабілі, паколькі часта яно адсутнічала. Пазней вырашылі дадаць Літургію гадзін. Таксама на той момант не было беларускай версіі, працавалі з рускай. Тэксты нам прапанавалі рускамоўныя. Айцец Андрэй узначаліў гэты кірунак. Ён адрэдагаваў і выправіў шмат тэкстаў, дапрацаваў іх разам з камандай. Пасля чаго іх “залілі” на сервер і ў дадатак. Далей прыступілі да Бібліі з каментарыямі. Працавалі ўсе камандай, шмат трэба было вычытаць, размеціць, уставіць каментарыі і гэтак далей. Пазней дадалі каментарыі да чытанняў дня і вось нядаўна беларускую версію Літургіі гадзінаў. Гэта доўгая і напружаная праца. Зараз актыўных карыстальнікаў – 3504, агульная колькасць спампоўванняў – 7500. Унікальных наведванняў у дзень каля 1000.

Вольга Жвірко, карэктар:

– Электронны варыянт Літургіі гадзінаў створаны выключна на падставе афіцыйных тэкстаў, зацверджаных Касцёлам. Таму карэктуры на гэтым этапе не было. А ў дадатку “Малітоўнік” рэалізаваны адразу некалькі вялікіх праектаў: усяго за пару гадоў дададзена Біблія з планамі чытання, штодзённыя літургічныя чытанні і разважанні да іх, а зараз і брэвіярый у электронным варыянце. Мая праца датычылася якраз папярэдняга праекта – падрыхтоўкі штодзённых разважанняў над Божым словам. Айцец Андрэй дамаўляўся з аўтарамі і перакладаў тэксты, а я рабіла іх рэдактарскую апрацоўку. Адначасова з разважаннямі мы запусцілі яшчэ адзін важны праект – стварылі старонкі “Малітоўніка” ў сацыяльных сетках, імі займаюся я. Гэта добры спосаб расказаць пра дадатак. За год колькасць нашых падпісчыкаў перавысіла дзве тысячы чалавек.

Юліяна Самакар, тэкставы рэдактар:

– У распрацоўцы дадатку я першапачаткова займалася рэдагаваннем тэкстаў, а таксама “заліваннем” іх на сайт. Часам здаецца, што праца простая і асабліва не важная, але яна патрабуе вельмі шмат увагі, часу і сілы волі.

Важна, каб малітвы былі пад рукой, таксама як і дадаткі сацсетак. Бо калі хочаш напісаць сябру, папрасіць у каго-небудзь дапамогі або падзяліцца радаснай падзеяй, то адкрываеш Укантакце, Facebook або Instagram. А тут дзелішся, молішся або дзякуеш Богу таксама проста.

Маргарыта Гедзюн, тэкставы рэдактар:

– Родам я з Браслаўшчыны. Калі прыехала ў Мінск, пазнаёмілася з каталіцкімі скаўтамі. Мы падарожнічалі па Беларусі, пазнавалі Бога. Служыла ў “Аазісе”, дзе сустрэла айца Андрэя. Ён пазнаёміў мяне з усімі ўдзельнікамі каманды. Свет не стаіць на месцы, усё развіваецца вельмі хутка. Праект “Лічбавы фармат Літургіі гадзінаў на беларускай мове” таксама таму пацвярджэнне. Ды і сам дадатак “Малітоўнік” – гэта вялікі крок насустрач жывому Богу. Усе мы прарабілі вялікую працу. Я, напрыклад, займалася рэдагаваннем тэкстаў. Асаблівых цяжкасцяў не было, проста патрабавалася ўседлівасць і ўважлівасць.

Арцём Баёк, праца над сайтам:

– Маёй задачай было стварыць вэб-версію брэвіярыя (інтэрнэт-старонку) і “заліць” туды падрыхтаваныя для ўстаўкі файлы. Ад таго, наколькі правільна сфармаваная старонка і наколькі аптымізавана база дадзеных і доступ да яе, залежыць не толькі якасць сайта, але і дадатку “Малітоўнік”, які не захоўвае ў сабе ўсе тэксты, а забірае іх са старонкі lh.catholic.by.

Сайт працуе наступным чынам: два кніжныя тамы разбітыя на больш чым 4000 унікальных частак, якія затым раскіданыя па 47 табліцах у асобнай базе дадзеных. На асноўнай старонцы сайта прапісана, у якой паслядоўнасці павінны паказвацца дадзеныя з гэтых табліц, а таксама пры якой умове іх паказваць, а пры якой не. А вось зразумець, які тэкст павінен дэманстравацца канкрэтна сёння (а гэта можа быць адзін з 235 тэкстаў, якія знаходзяцца ў дадзенай табліцы), дапамагае табліца, якую падрыхтаваў а. Андрэй. У ёй ён праставіў больш за 4200 нумароў, па 55 на кожны дзень, якія паказваюць, каторы фрагмент узяць з пэўнай табліцы на канкрэтны дзень. Гэта неверагодна складаная для стварэння сістэма, але яе перавага ў тым, што аднойчы загружаныя тэксты будуць выкарыстоўвацца многія гады. Пры гэтым, каб адаптаваць брэвіярый да наступнага года, дастаткова толькі дапісаць лічбы ў зборную табліцу: ніякіх выпраўленняў у базе і на сайце не патрабуецца. Таксама перавага такога метаду перад падрыхтоўкай цэлай старонкі на кожны дзень у прастаце змены тэкстаў. Бо калі трэба памяняць адзін з чатырох тэкстаў псальма ў “Закліку”, то трэба зрабіць гэта толькі ў адным месцы, а не ў файлах для кожнага чацвёртага дня.

Хочацца таксама адзначыць, што не заўсёды малітоўнік пад рукой, а на брэвіярыі навучыцца маліцца даволі складана. Наш сайт і дадатак вырашаюць адразу дзве гэтыя праблемы, бо што, як не смартфон, заўсёды пад рукой? А з гатовымі тэкстамі, якія самі мяняюцца кожны дзень, можна быць упэўненым, што чытаеш менавіта тое, што трэба. І пры гэтым цалкам бясплатна.

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку